«Мантаж і публікацыя відэа ў сацсетках займалі 8-10 гадзін». Беларус працуе на смеццевозе, а ў вольны час вядзе блог пра баскетбол па-беларуску

Яўген пачаў цікавіцца баскетболам яшчэ ў школе. Тры гады таму ён вырашыў здымаць відэа і весці блог «Пра баскетбол па-беларуску». І працягвае гэта рабіць выключна на энтузіязме.

Перад пачаткам чацвёртага сезону праекта «Справы» даведаліся, што трэба, каб ствараць спартовы кантэнт, колькі гэта займае часу і за што Яўген удзячны некаторым сталым падпісчыкам.

«Школьныя сябры былі на галаву вышэй за мяне і цікавіліся баскетболам»

— Адкуль у Вас любоў да баскетбола?

— У школе, як і большасць хлапчукоў, я цікавіўся футболам. Але з часам пачало крыху раздражняць тое, што глядзіш дзве гадзіны матч, а ён сканчаецца з лікам 0:0 і ўмоўна двума ўдарамі па варотах.

Большасць школьных сяброў былі мінімум на галаву вышэй за мяне, таму натуральна больш цікавіліся баскетболам. З часам яны перацягнулі мяне ў свой лагер. Мы хадзілі на пляцоўку амаль кожны дзень. Гулялі пад дажджом і нават узімку на ўтрамбаваным снезе! І маглі не спаць ноч перад урокамі, каб паглядзець трансляцыю якога-небудзь матча Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі, бо праз розніцу ў часе з ЗША яны ішлі ў нас уначы.

Фота: ebay.com

Потым усе паступілі ў розныя гарады і раз’ехаліся. Гуляць у баскетбол я перастаў, а вось глядзець матчы, чытаць навіны і аналізаваць — не.

— Адкуль ідэя весці блог? Чаму па-беларуску?

— Ідэя з’явілася напрыканцы восені 2023 года. Я пабачыў чыйсці пост у Twitter з пытаннем: «Якога кантэнту вам не хапае на беларускай мове?». На той момант мне не хапала практычна любога кантэнту на роднай мове. Тады пераважалі палітычныя тэмы, гістарычныя, а таксама кантэнт пра саму беларускую мову.

Аднак трэба, каб на роднай мове можна было знайсці любую інфармацыю: тэхнічную, навуковую, разважальную, спартовую… Лёгкую і глыбокую, сур’ёзную і гумарыстычную… Каб не ўзнікала потым адгаворак тыпу «не знайшоў пра гэта па-беларуску, таму гляджу на іншых мовах» (часцей за ўсё, на вялікі жаль, па-расейску).

У свядомым узросце я прыйшоў да разумення цяжкага стану беларускай мовы і ненармальнасці гэтага, а таксама да пераходу на яе. І дзякуючы таму допісу з сацсетак я пачаў думаць, што я магу зрабіць, каб гэтага чагосьці мне, а можа, і яшчэ камусьці, не хапала крышачку менш.

Пра што ж рабіць беларускамоўны кантэнт, як не пра тое, што падабаецца самому і ў чым больш-менш разбіраешся?! Я праманіторыў інтэрнэт і не знайшоў нічога пра баскетбол па-беларуску — так і з’явіўся першы беларускамоўны праект з аглядамі навін і падзей унутры і вакол найлепшай баскетбольнай лігі свету — Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі NBA.

«Для напісання сцэнароў я не проста чытаю баскетбольныя навіны»

— Які кантэнт вы ствараеце?

— Першыя выпускі выйшлі на Ютубе на пачатку 2024 года. Але глядзець іх раю толькі для таго, каб пабачыць развіццё праекта, бо там няма ні святла, ні мікрафона…

Праект «Пра баскетбол па-беларуску» — гэта аўтарскія, а значыць, шмат у чым суб’ектыўныя, часткова аналітычныя агляды навін і падзей са свету NBA. Для напісання сцэнароў я не проста чытаю баскетбольныя навіны ці падпісваюся на тэматычныя старонкі ў сацсетках. Рэальна праглядаю матчы (некаторыя цалкам, а іншыя — толькі хайлайтамі), манітору сацсеткі інсайдараў і гульцоў лігі, вывучаю аналітычныя матэрыялы найбуйнейшых заходніх спартовых СМІ і статыстыку матчаў.

— Колькі часу займае вядзенне блога?

— Улічваючы, што для таго, каб зарабіць на жыццё для сябе і сям’і, я вымушаны працаваць на цяжкай фізычнай працы (езжу на смеццевозе і цягаю смецце), а блог гэта проста хобі, то часу гэта забірае шмат. Адзін матч, які трэба паглядзець, ідзе дзве гадзіны. Жонка гэтым не заўсёды задаволеная. Ды і арганізм патрабуе адпачынку.

Мая жонка дапамагае ў стварэнні блога: выступае ў ролі і аператаркі, і візуальнай дызайнеркі, і фокус-групы, а часам нават робіць грым. Хоць сама нічога не разумее ў баскетболе.

Запіс відэа займае ад 40 хвілін да 1,5 гадзіны, мантаж і выкладанне відэа ў розныя сацсеткі — ад 8-10 гадзін на пачатку вядзення блога і да 3-5 гадзін цяпер.

Выпускі праекта «Пра баскетбол па-беларуску» з аглядамі і аналізам бягучых навін і падзей лігі выходзілі 2 разы на месяц падчас розыгрышу рэгулярнага сезону лігі (з канца кастрычніка па сярэдзіну красавіка). У дадатак цэлы год на пачатку кожнага месяца выходзіць рубрыка #АфТопМесяца з топам навін і падзей NBA за мінулы месяц. На працягу двух папярэдніх сезонаў раз на месяц выходзілі выпускі рубрыкі «РастлуМЯЧ» — своеасаблівай адукацыйнай ці пазнавальнай рубрыкі, дзе я распавядаў пра гісторыю баскетбола і яго асновы — напрыклад, пра пазіцыі гульцоў каманды.

Апроч гэтага, у выглядзе допісаў ці сторыз штодзённа выходзяць бягучыя навіны, а таксама ёсць нясталая гумарыстычная рубрыка «МемаНавіны», якая час ад часу рэагуе кароткімі мемнымі ролікамі на нейкія падзеі з баскетбольнага свету.

— На якіх платформах публікуеце выпускі?

— На YouTube выходзяць выпускі цалкам. У Instagram і TikTok выкладаю выпускі па кавалках, а ў сторыз Instagram штодзённа публікую бягучыя навіны і падзеі. Анонсы выпускаў выходзяць на старонках у Х, Mastodon, BlueSky і Threads.

Скрыншот: instagram.com/bel.basket

Найбольшую агульную колькасць праглядаў дае TikTok, найбольшую колькасць якасных (доўгіх) праглядаў — YouTube. А найбольш заангажаваныя падпісчыкі, з якімі мы амаль штодзень нешта абмяркоўваем па тэме баскетбола, — у Instagram.

«Планую прайсці анлайн-курсы спартовага аналітыка»

— Якія поспехі ў блога?

— За 2,5 гады існавання праекта ва ўсіх сацсетках на яго сумарна падпісалася больш за 2,5 тысячы чалавек.

За гэты час выйшла больш за 80 відэа — без уліку кароткіх (на некалькі секунд) ролікаў з рубрыкі «МемаНавіны».

Было некалькі цікавых калабарацый з іншымі беларускімі стваральнікамі: летась на Дзень касманаўтыкі ў супрацы і пры ўдзеле аўтара беларускамоўнага падкаста пра касмічныя навіны «Праз космас» выйшаў выпуск пра малавядомы, але цікавы від спорту спэйсбол. А ў межах рубрыкі «РастлуМЯЧ» з’явілася два відэа пра серыю кампутарных баскетбольных сімулятараў NBA 2K — яны зроблены разам з аўтарам беларускага TikTok-блога пра відэагульні «GameКут».

Мінулым летам удалося патрапіць на Чэмпіянат Еўропы па баскетболе, частка групавой стадыі якога праходзіла ў Катавіцах. Пра гэта выйшаў асобны спецвыпуск з элементамі влога ў межах рубрыкі #АфТопМесяца.

За час існавання праекту я правёў каля 5 розыгрышаў памятных ці каштоўных падарункаў. Большасць з іх паехала ў Беларусь.

«Пра баскетбол па-беларуску» быў адным з першых праектаў, які правёў часткова паспяховую кампанію на беларускай краўдфандынгавай платформе, якая тады толькі запусцілася.

— Як плануеце развіваць праект?

— Цяжкая фізычная праца і некаторыя іншыя праблемы, на жаль, уносяць свае карэктывы ў працу праекта. Але пры гэтым ён не стаіць на месцы.

Перад пачаткам наступнага, ужо чацвёртага сезону праекта, з’явіцца Telegram-канал (ён ужо працуе ў тэставым фармаце), дзе будуць публікавацца выпускі ў тэкставым фармаце і больш аператыўна з’яўляцца допісы з іншымі баскетбольнымі навінамі! А яшчэ я «навайбкодзіў» бота, які павінен штодзённа публікаваць лакалізаваную на беларускую мову інфармацыю пра вынікі матчаў — хутка паглядзім, як ён будзе працаваць.

На YouTube працягнуць штомесяц выходзіць выпускі рубрыкі #АфТопМесяца (бліжэйшы з’явіцца ў пачатку кастрычніка), а таксама спецвыпускі, прысвечаныя значным падзеям (дэдлайн абменаў, выходныя ўсіх зорак ці аналіз галоўных зменаў у складах каманд перад пачаткам новага сезону), а таксама выпускі, прысвечаныя постсезонню NBA (плэй-ін, кожная стадыя плэй-оф і фінал). З зімы, маю надзею, відэа будуць у якасці 4К.

Я стараюся развівацца — як аўтар і стваральнік. Для паляпшэння якасці аглядаў планую прайсці анлайн-курсы спартовага аналітыка, а ў перспектыве хацелася б паступіць на такую ж спецыяльнасць на праграму паслядыпломнай адукацыі ў ВНУ.

Праект «Пра баскетбол па-беларуску» выпускаецца выключна маімі ўласнымі сіламі, але кожны ахвотны можа яго падтрымаць праз асноўныя краўдфандынгавыя платформы кшталту Buy Me A Coffee, Ko-Fi ці Patreon. Выказваю падзяку ўсім, хто калісьці падтрымліваў праект, і асабліва тым некалькім людзям, якія, няхай і сімвалічнымі сумамі, працягваюць падтрымліваць яго на сталай аснове па штомесячнай падпісцы.

Ну, і калі хтосьці на «Трыбуне» раптам вырашыць больш пісаць пра баскетбол, а не толькі пра футбол, хакей і Сабаленку, то я адкрыты для прапановаў!

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Адзін каментар

  1. Шчыры дзякуй камандзе spravy.io за цікавасць да праекта “Пра баскетбол па-беларуску” ў прыватнасці і да сапраўдных поспехаў іншых беларусаў па ўсім свеце агулам!

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *