«У эміграцыі захаванне матчынай мовы займае далёка не першае месца». Як анлайн-школа «Буслянка» вучыць беларускіх дзяцей па ўсім свеце

Беларуска Юлія Букштановіч стварыла адукацыйны праект, які дапамагае дзецям у эміграцыі пазнаёміцца з беларускай мовай. Анлайн-школа «Буслянка» аб’яднала вучняў з розных куткоў свету. Тут маленькія беларусы вывучаюць родную мову і гісторыю, а таксама асвойваюць матэматыку, хімію і фінансавую граматнасць. Гісторыю стварэння школы расказвае Budzma.org.
Калі Юлія пераехала ў Варшаву, то стала настаўніцай для дзетак у праекце «Мова Нанова», а пазней далучылася да стварэння Беларускай школы ў Варшаве, якую ініцыяваў Алесь Лозка. Каманда праекта была невялікай, а сродкі — вельмі абмежаванымі. Юлія ўзяла на сябе арганізацыйныя пытанні і неўзабаве стала намесніцай кіраўніка.
З 2022 года школа мела два фарматы: афлайн і анлайн. Калі Юлія пераехала з Польшчы ў ЗША, яна сканцэнтравалася выключна на кіраванні анлайн-заняткамі, якія паступова перараслі ў самастойны праект пад назвай «Буслянка».

Вось як тлумачыць назву і сімвал ініцыятывы яе стваральніца:
«Гэта мой вобраз: проста перад вачыма стаіць буслянка каля бабулінай хаты. Такі сімвал дому, яднання, вяртання. Спачатку ў нас на лагатыпе быў адзін самотны буслік, які глядзеў на сонца кудысьці, нібыта цягнуўся позіркам туды, у Беларусь, хацеў туды прыляцець, вярнуцца. А потым з камандай вырашылі, што трэба дадаць туды дзетак. Цяпер наш лагатып выглядае весялей, у ім шмат надзеі».
Спачатку быў базавы набор прадметаў: мова, літаратура і гісторыя. Каб стварыць прастору для сучаснай комплекснай адукацыі па-беларуску, пазней дадалі хімію, матэматыку, біялогію, фізіку, праграмаванне і нават курс догляду за скурай. Цяпер каманда рыхтуе заняткі па гісторыі ВКЛ, беларусазнаўстве і курс па касметалогіі для падлеткаў і іх бацькоў.

За аснову ўрокаў выкладчыкі «Буслянкі» бяруць структуру беларускай школьнай праграмы, але істотна яе мадэрнізуюць. Педагогі адаптуюць матэрыялы пад дыстанцыйныя заняткі, ужываюць інструменты штучнага інтэлекту, анлайн-гульні і творы сучасных аўтараў.
Для падлеткаў настаўнікі адкрылі размоўны клуб, а для малодшых дзяцей запусцілі фармат хатняга анлайн-тэатра. Таксама школа збірае напрацоўкі, каб выдаваць уласныя інтэрактыўныя дапаможнікі.

Праект імкнецца перадаць дзецям традыцыі народнага календара: святы Багач, Дзяды, Саракі і Купалле. Кожны год на Дзяды вучні школы складаюць сямейныя дрэвы і вывучаюць гісторыі сваіх продкаў.
Каб падтрымліваць высокі ўзровень выкладання, каманда ладзіць «настаўніцкія майстэрні», дзе педагогі абменьваюцца досведам і знаходзяць новыя падыходы. Выкладчыкаў у праект знаходзяць праз асабістыя рэкамендацыі і сацыяльныя сеткі — спецыялісты часта самі дасылаюць рэзюмэ.
У школе навучаюцца дзеці ад 4 гадоў да старшакласнікаў. Сёлета «Буслянка» атрымала 115 заявак — большасць вучняў з Польшчы, аднак запыты паступаюць таксама з ЗША, Сінгапура, Францыі, Кіпра і Італіі.
«Буслянка» пазіцыянуе сябе як школа для дзяцей і дарослых. Праект дапамагае бацькам справіцца з выклікамі эміграцыі праз майстар-класы, карысныя сустрэчы і парады школьнага псіхолага.
Юлія Букштановіч падкрэслівае важнасць такой падтрымкі:
«Калі ты выязджаеш за мяжу, шмат усяго навальваецца на галаву, і пытанне захавання матчынай мовы займае далёка не першае месца. Гэта штодзённы выбар, штодзённая барацьба для бацькоў — каб дзіцёнак захоўваў родную мову як мову стасункаў. Вось таму, напэўна, з усіх гэтых жаданняў і ідэй узнікла „Буслянка“».

Юлія перакананая: галоўную ролю ў захаванні беларускасці адыгрывае сям’я, на другім месцы стаіць асяроддзе, і толькі на трэцім — арганізаваныя курсы і заняткі.

Сваё галоўнае пасланне вучням заснавальніца школы фармулюе так:
«Мы — беларусы, наша родная мова беларуская. Для мяне гэта база, і мы нашае навучанне пачынаем менавіта з гэтага. Я заўсёды малюю такі вобраз дзецям, што наша мова — як кветачка, якую трэба паліваць і пра якую неабходна дбаць, каб яна не загінула. І ад кожнага з нас залежыць, ці будзе яна квітнець».
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.