«У Беларусі фатаграфія часта ўспрымаецца як хобі ці творчасць». Прафесійная фатографка расказала, як зарабляе ў Варшаве

Тут і далей фота з архіву Вольгі Шукайла

Вольга Шукайла ўжо больш за 15 год працуе прафесійным фатографам: спачатку ў Беларусі ў фотаслужбе аднаго з найбуйнейшых незалежных медыя Беларусі, а пасля пераезду ў Польшчу — у міжнароднай фотаагенцыі і НДА. Але ў 2023 годзе яна зарэгістравала ІП і стала фатографам-прадпрымальнікам.

У інтэрв’ю для spravy.io яна расказала пра тое, як сысці са стабільнай стабільнай спакойнай працы з 10 да 18 у самазанятасць і колькі можа зарабляць прафесійны фатограф у Польшчы.

Эмігранты гатовы працаваць за 200-400 злотых, а палякі — ад 800 да 2500

Якая канкурэнцыя зараз сярод фатографаў у Варшаве? Ці ёсць розніца паміж працай фатографаў-эмігрантаў і мясцовых?

— Тут вельмі шмат фатографаў — і мясцовых і эмігрантаў. Канкурэнцыя вялікая, але і сегментаў аўдыторыі вельмі шмат. Мая асноўная крыніца даходу ад фатаграфіі — гэта здымкі B2B для кампаній і НДА: канферэнцыі, воркшопы, кантэнт для бізнесаў і г.д. Але партрэты і сем’і я таксама здымаю.

Калі я аналізавала рынак, то заўважыла, што ў сярэднім фатограф-эмігрант прапануе свае паслугі танней, чым польскі. Самы просты прыклад – партрэтная фотасесія. Эмігранты гатовы працаваць за 200-400 злотых, аддаваць шмат фота з рэтушшу, а некаторыя – наогул усе кадры. У польскіх фатографаў кошты ад 800 да 2500 злотых, і аддаюць яны 3-5-7-10-15 фота. І ўсё.

Мне падабаецца стаўленне да фатаграфіі як да бізнесу, якое я бачу ў польскіх калег, і я яго пераймаю. У Беларусі ж фатаграфія часта ўспрымалася несур’ёзна, як хобі ці творчасць — тое, за што не трэба плаціць, што не каштоўна.

Тут жа ў кошт паслугі закладаецца ўсё: не толькі PIT і ZUS (гэта можа быць 21-40% ад кошту паслугі), але і іншыя расходы, як той Photoshop ці перадача праў на фота. Дарэчы, зараз пералічваю кошт і змест сваіх паслуг, каб больш адпавядаць мясцоваму рынку.

Як дэмпінгуюць рынак людзі, якія толькі хочуць увайсці ў гэтую прафесію?

— Дэмпінг — гэта дрэнна. Калі фатограф пачынае сваю кар’еру, яму бывае страшна паставіць хаця б сярэдні кошт на здымку. Я сама здымала за 20 баксаў у Мінску, калі дасведчаныя фатографы здымалі за 50.

Нізкі кошт можа ствараць у аўдыторыі адчуванне, што фатаграфія – танная паслуга, а ў фатографа — што гэта бяспечная гавань. А гэта не так. Фатограф у перспектыве 3-5 год можа стаць закладнікам гэтай фінансавай мадэлі. Нізкі кошт зразумелы, калі вы месяц назад узялі фотаапарат у рукі і напаўняеце партфоліа. Але калі ў вас ёсць досвед і добрыя працы — гэта дзіўна. 

«Фатаграфіяй можна добра зарабіць, калі ёсць сталыя кліенты і працуе сарафаннае радыё»

— Як працаваць фатографам у Польшы праз ІП? Колькі трэба зарабляць, каб пакрыць падаткі і сацыяльныя плацяжы і мець грошы на жыццё?

— Калі вы хочаце зарабляць фатаграфіяй у Польшчы, то ёсць некалькі опцый. Самыя папулярныя — JDG (аналаг ІП) і бізнес-інкубатар.

JDG — гэта складаны і дарагі шлях, але ў перспектыве больш выгадны. Я абрала яго, і ў маім выпадку я не з’яўляюся плацельшчыкам VAT.

На першыя 2,5 гады ёсць ільготы на абавязковыя сацыяльная плацяжы. У гэты перыяд я закладала 25% ад кошту маіх паслуг на падатак, страхоўку, бухгалтэрыю і пакет Adobe. Астатнія 75% даходу размяркоўваліся на аплату кватэры ў Варшаве, базавыя расходы і іншае. І яшчэ любому фрылансеру важна адкладаць хаця б 10% даходу на «адпачынкавы» рахунак, як я яго называю.

Яшчэ частку даходу трэба аддаваць на падпіскі на абавязковыя сэрвісы, якімі я карыстаюся для афіцыйнай працы фатографам. За год гэтая сума дасягае тыдня адпачынку. Усе лічбы карысна запісваць і аналізаваць, але я ведаю, што не ўсе фатографы лічаць свае сапраўдныя затраты на працу.

Калі ільготны перыяд па ІП сканчаецца, то штомесяц я павінна плаціць недзе яшчэ на 290 еўра болей за сацыяльнае страхаванне. І нават калі я нічога не зарабіла, то ўзносы па сацстраху ўсё роўна трэба плаціць, таму я стала жартаваць, што некалькі здымак на месяц раблю бясплатна.

На мой погляд, фатаграфіяй можна добра зарабіць, калі ёсць сталыя кліенты, працуе сарафаннае радыё, а таксама ёсць рэгулярнае якаснае прасоўванне. Таксама гэта залежыць ад сферы фатаграфіі, і часам — ад сезоннасці. Напрыклад, здымка кантэнту ці канферэнцыі для карпаратыўнага кліента можа каштаваць 300-1500 еўра, а партрэт ці сямейная здымка — 150-250 еўра. І з гэтых лічбаў трэба мінусаваць выдаткі. Наогул, нядаўна палічыла, што сабекошт адной здымкі вырас за апошні год-два.

У адзін са сваіх лепшых месяцаў па заробку акрамя базавых выдаткаў на жыццё я набыла сабе новы MacBookPro і аплаціла семестральны курс польскай мовы. У горшыя месяцы — магла не дацягваць да польскай мінімалкі. Але калі лічыць даход за год, то сярэдні заробак выглядае больш прывабным. Таму жыццё фрылансеркі ці сола-прадпрымальніцы вучыць добра размяркоўваць бюджэт і ўсё лічыць. Дарэчы, дзякуючы запаўненню гадавых дэкларацый, стала прагназаваць і думаць гадавым даходам, чаго раней ніколі не было.

— Ці атрымалася знайсці кліентаў сярод палякаў?

— Сёння большую частку маіх кліентаў складаюць міжнародныя кампаніі і арганізацыі, якія праводзяць канферэнцыі ў Варшаве. Таксама здымаю для кампаній і лакальных бізнесаў, якія маюць беларускія карані — кантэнт для сацсетак і сэрвісаў браніравання, воркшопы ці партрэты каманд.

З палякамі пакуль супрацоўнічаю не так шмат, як хацелася б. Пакуль гэта адзінкавыя замовы. Спачатку быў страх камунікацыі, потым — маё прасоўванне было скіравана на міжнародныя арганізацыі. І толькі цяпер я адчуваю, што гатова выходзіць на польскі рынак: ствараю камерцыйныя прапановы на польскай мове, дапрацоўваю сайт і спрабую больш пра сябе казаць.

«Не верце ў абяцанні, што пасля нейкага курсу грошы пасыпяцца самі»

Што дае дазвол на фота ў касцёлах?

— У Польшчы ёсць такая цікавая рэч як дазвол на здымку ў касцёле. Каб яго атрымаць, трэба прайсці адпаведны курс. Калі вы будзеце здымаць камуніі, хрышчэнні ці вянчанне, у вас папросяць гэтае пасведчанне.

Я прайшла гэты курс у красавіку і думала зрабіць адпаведную прапанову для кліентаў на час камуній і хрышчэнняў. Але скіравала ўвагу на іншыя здымкі, таму ні разу яшчэ не скарысталася гэтым пасведчаннем. 

— Ці ёсць сэнс фатографам ісці ў UGC-крэатары?

— Сёння ў Еўропе і ЗША папулярны кірунак UGC-крэатараў. І для фатографаў гэты навык можа быць добрым бонусам пры падарожжах.

Агулам UGC можна зарабіць, але для гэтага трэба вельмі шмат працаваць! Не верце ў абяцанні, што пасля нейкага курсу грошы пасыпяцца і вы будзеце працаваць толькі 3 дні на месяц.

Я пачала працаваць як кантэнт крэатар для гатэляў, калі ў маім блогу было менш за 1000 падпісчыкаў. Гатэлі хутчэй пагаджаюцца на супрацу з тымі, у каго большая аўдыторыя, але часам колькасць падпісчыкаў не так важна, як добры пітчынг правільнай асобе.

Напрыклад, апошні раз 4-зоркавы гатэль з сеткі Radisson прапанаваў мне пражыванне са сняданкам, доступ у SPA-зону, масаж і позні выезд за некалькі прафесійных фота, сумесны рылз і сторыз. Пры гэтым не ўсе фота я павінна была публікаваць у сябе.

Для такой супрацы патрэбны пэўныя веды, стратэгія і партфоліа, і я гэтаму вучу жадаючых. Калі вы ўжо ўмееце добра здымаць, то вы на крок бліжэй да супрацы з гатэлямі і пэўнай эканоміі ў падарожжах.

Раскажыце пра планы: дзе для сябе бачыце найбольшую перспектыву?

— Мой кірунак на бліжэйшы час — гэта супраца з міжнароднымі кампаніямі і лакальнымі бізнесамі ў Варшаве.

Але цікавасць да асабістых гісторый застаецца. Таму з задавальненнем здымаю партрэты і сям’і, каб захоўваць важныя моманты жыцця. Тым больш што летам такія фотасесіі рабіць вельмі прыемна і проста.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *