7 экзаменаў, €30 тысяч і стаматалогія для жывёл. Як ветэрынарка з Беларусі адкрыла кабінет у Беластоку

Таццяна Календа пераехала ў Польшчу тры гады таму разам з мужам, дзіцём, трыма коньмі, трыма сабакамі і катом. У сакавіку 2026 года яна адкрыла ўласны ветэрынарны кабінет «FridaVet» у Беластоку.
«Справы» пагаварылі з ветэрынаркай пра няпросты шлях у гэтую закрытую сферу бізнесу.
«Без падтрымкі мужа я б у гэтую авантуру не ўлезла»
Таццяна атрымала ветэрынарную адукацыю ў Беларусі і Расіі, але прыйшла да яе не адразу. Яе першая спецыяльнасць — настаўніца англійскай мовы. Да дзіцячай мары стаць ветэрынарам Таццяна вярнулася бліжэй да 30 гадоў.

— Без падтрымкі мужа я б у гэтую авантуру не ўлезла: у мяне ўжо было дзіця, а я пайшла вучыцца на дзённую форму. Чатыры дні на тыдзень ездзіла ў каледж у Ільі. Было цяжка, але вельмі цікава — скончыла з чырвоным дыпломам. Потым завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў расійскім ВНУ.
Пазней у Мінску Таццяна з мужам вялі ветэрынарны кабінет, але адміністрацыйная частка давалася цяжка. Пасля пераезду ў Польшчу яна вырашыла, што ўласны кабінет больш адкрываць не будзе, хоць і застанецца ў прафесіі.
«Я вучылася, а муж гатаваў ежу»
У Польшчы Таццяна пацвердзіла ветэрынарны дыплом, гэта заняло крыху больш за год. Для настрыфікацыі абрала Люблінскі ўніверсітэт. Там здавала 6 экзаменаў па розных напрамках ветэрынарыі, паміж імі — прыкладна месяц на падрыхтоўку.

— Я забараніла сабе браць у рукі тэлефон. Прыходзіла з працы, вучыла, клалася спаць. А муж гатаваў ежу.
Такі падыход спрацаваў — Таццяна здала ўсё з першага разу. Яшчэ адзін экзамен чакаў яе ў Варшаве — па польскай мове. Ён патрэбны, каб атрымаць права на медыцынскую практыку.

Увесь гэты час Таццяна працавала ў беластоцкай клініцы ветэрынарным тэхнікам, то бок медсястрой.
— Мне вельмі пашанцавала. Спачатку знайшла працу, а потым мы пераехалі ў Польшчу. Прыйшла ў клініку з узроўнем польскай A1, і калектыў мяне прыняў. Адаптацыйнага шоку ў мяне не было менавіта таму, што побач былі людзі, у якіх заўсёды можна было спытаць. Мне дапамагалі з бытавымі пытаннямі, выпраўлялі мову і тлумачылі мясцовы менталітэт.

Уся сям’я Таццяны ездзіць вярхом. Яшчэ ў Беларусі яны купілі трох коней. Любімых гадаванцаў пасля пераезду ў Польшчу таксама забралі з сабой. Знайсці пастой адразу для трох коней у адным месцы (тут іх называюць pensjonat dla koni) аказалася няпроста, але магчыма — тут як раз дапамаглі польскія калегі Таццяны. Цяпер мінімум раз на тыдзень сям’я наведвае коней, даглядае іх і выязджае на конныя прагулкі.

Пасля настрыфікацыі ветэрынарка перайшла працаваць у іншую клініку — ужо як доктар. І там зразумела, што трэба адкрываць уласны кабінет.
— У найме ты абмежаваны абсталяваннем і падыходам, не можаш развівацца так, як хочаш. Потым убачыла, што да мяне збіраецца чарга, і падумала: калі я ўжо зараз магу збіраць людзей, навошта рабіць гэта ў чужым кабінеце? Муж падтрымаў: іншая краіна, іншы час, іншая ты. Рашылася рызыкнуць яшчэ раз.

Стаматалогія, якой у Беластоку не было
У Польшчы ёсць некалькі фарматаў ветэрынарных лячэбніц. Першы ўзровень — ветэрынарны кабінет. Каб яго адкрыць, дастаткова мець адно памяшканне са сталом і фанендаскопам. Дадатковае абсталяванне можна ўсталёўваць, але гэта не абавязкова.
Наступны ўзровень — клініка з аперацыйнай і дыягнастычным абсталяваннем (przychodnia). Далей ідзе кругласутачная бальніца, дзе ёсць хаця б адзін урач вузкай спецыялізацыі.

Таццяна адкрыла кабінет. Тут яна звычайна працуе адна: планавыя агляды, прышчэпкі, аналізы, стэрылізацыя або кастрацыя. На аперацыі запрашае асістэнтак. Але ў кабінеце ёсць унікальны напрамак — ветэрынарная стаматалогія, якая ў Беластоку да гэтага абмяжоўвалася ў асноўным ультрагукавой чысткай зубоў.
— Сучасная ветэрынарная стаматалогія — гэта комплексная ацэнка стану ротавай поласці. Кошкам па пратаколе абавязкова робяць рэнтгенаўскія здымкі, бо ў іх вельмі шмат схаваных паталогій. Тое, што я раблю ў стаматалогіі, у Беластоку не робіць ніхто.

Таццяна чысціць і выдаляе зубы, у тым ліку ў складаных выпадках, ставіць каронкі, лечыць каналы. Каб запусціць гэты напрамак, давялося набыць стаматалагічнае абсталяванне, рэнтген, апарат для газавага наркозу і прайсці навучанне.
«У Польшчы нельга беспадстаўна абвінавачваць доктара ў непрафесіяналізме»
На адкрыццё кабінета спатрэбілася €30 тыс. і год падрыхтоўкі. Асноўныя выдаткі пайшлі на абсталяванне.
— Нічога складанага ў адкрыцці кабінета не было. Гэта проста крокі, якія трэба зрабіць, адзін за адным. Пасля настрыфікацыі я адразу пагрузілася ў навучанне: у Гданьску — хірургія, у Кракаве — стаматалогія. Там пазнаёмілася з калегамі з невялікіх гарадоў, і яны шчыра падзяліліся, як вырашаюць пытанні з персаналам і графікам. Гэта вельмі дапамагло.

З польскімі партнёрамі звычайна праблем няма, расказвае Таццяна.
— Быў момант, калі я напісала пастаўшчыку абсталявання, ён адказаў, што працуе толькі з польскімі фірмамі. Відаць, па прозвішчы Календа зрабіў высновы. Я адказала, што ў мяне польская фірма, ён ператэлефанаваў і папрасіў прабачэння.
Пратаколы лячэння ў Беларусі і Польшчы вельмі падобныя. Але ёсць і два вялікія адрозненні. Па-першае, даступнасць прэпаратаў: у Польшчы атрымаць ліцэнзію на апіоіды адносна проста нават невялікаму кабінету, у Беларусі гэта было амаль нерэальна.

Па-другое, абарона ўрача ў інтэрнэце. У Польшчы дзейнічае закон аб персанальных дадзеных, і чалавек не можа беспадстаўна абражаць урача або абвінавачваць у непрафесіяналізме.
— Гэта стварае больш здаровую працоўную атмасферу, — падкрэслівае ветэрынарка.
«Калі бачыш пашпарт ката з адзнакамі ў розных краінах, разумееш, праз што чалавек прайшоў»
Першай наведвальніцай кабінета стала знаёмая Таццяны са сваім пудзелем — яны прыйшлі за таблеткай ад кляшчоў. За ёй зайшла полька з сабачкам, таксама за таблеткай. Яна магла заплаціць толькі картай, а ў клініцы яшчэ не працаваў тэрмінал.
— Я дала ёй таблетку і сказала: бярыце, заўтра разлічыцеся. Яна вярнулася праз некалькі дзён і з таго часу ходзіць рэгулярна. Я веру людзям: лепш адзін раз памылюся, чым пастаянна не давяраць.

Кліенты клінікі — на 80% рускамоўныя. Палякі прыходзяць спантанна або па рэкамендацыі калег-ветэрынараў, якія накіроўваюць у «FridaVet» на эндадонтыю.
Палякі, паводле назіранняў Таццяны, больш давяраюць урачам: калі прыйшлі, то не пераправяраюць кожнае рашэнне. З беларускімі кліентамі інакш:
— Высокая трывожнасць, гіперадказнасць, жаданне ўсё пераправерыць самому. Я і сама такая. Напэўна, гэта наша недаверлівасць да свету.

І яшчэ адно назіранне: у многіх за плячыма цяжкія гісторыі пераезду.
— Бачыш пашпарт ката з адзнакамі Беларусь-Грузія-Ізраіль-Польшча і разумееш, колькі чалавек прайшоў. Гэта кранае. Я вучуся не прымаць гэтыя гісторыі занадта блізка, інакш вельмі цяжка працаваць.
«Хачу, каб цяжкая праца давала адчуванне бяспекі»
Ветэрынарная ніша закрытая. Увайсці ў яе няпроста, але і прадаць бізнес пры жаданні рэальна, расказвае Таццяна. У Беластоку пакуль няма сеткавых клінік, але буйныя сеткі не адкрываюць філіялы з нуля — яны купляюць гатовы бізнес, пакідаючы ўладальніка наёмным дырэктарам на пяць гадоў.
Рынак пры гэтым расце. Падчас пандэміі колькасць хатніх жывёл рэзка павялічылася. Ім ужо каля шасці гадоў, і цяпер яны пачынаюць хварэць, распавядае Таццяна.

Свой кабінет яна ўспрымае і як бізнес, і як любімую працу.
— Простая праца мяне б не задаволіла: патрэбны рух і развіццё. Мне падабаюцца складаныя задачы, гэта адрэналін. Але хачу, каб гэтая цяжкая праца давала адчуванне бяспекі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Таццяна адкрыла кабінет толькі некалькі месяцаў таму. Пакуль працуе з няпоўнай загрузкай і галоўнае яе сумненне на сёння — ці магчыма такі бізнес зрабіць прыбытковым у Беластоку, бо гэта — не самы высокааплатны горад Польшчы.

— Але я веру ў тое, што раблю, асабліва ў стаматалогію і эндадонтыю: попыт ёсць, і я ўпэўненая, што ён будзе расці.
Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.