«Вялікі гонар — быць проста барам каля дома»: Глеб з «Кармы» пра факапы, палітыку і новы бізнес

Karma Crew — вядомае тусовачнае беларускае месца ў Варшаве. Саўладальнік установы Глеб Кавалёў жартам называе яго «барам у дзірцы пад мостам». Ужо пяты год сюды прыходзяць турысты і эмігранты розных узростаў і прафесій — каб паразмаўляць і выпіць піва, таннага ці дарагога.
Чаму «Карму» нельга ні закрыць, ні купіць, ні арандаваць? Як за чатыры гады змянілася публіка бара? Ці могуць палітычныя перакананні ўладальнікаў нашкодзіць бізнесу? Чаму захацелася адысці ад мігранцкага шыку і адкрыць польскую кавярню?
Пра ўсё гэта Глеб Кавалёў распавёў у інтэрв’ю spravy.io.
Кожны дзень у бар прыходзяць людзі — гэта і ёсць асноўнае мерапрыемства
— Беларускія кавярні і бары ў эміграцыі адкрываюцца і хутка закрываюцца. Ты не толькі не закрыў «Карму», але і адкрываеш яшчэ адну ўстанову. У чым сакрэт?
— У класнай камандзе. Многія людзі працуюць са мной з перапынкамі па 5–6, а часам і па 7–8 гадоў, і ў нас дакладна падзеленыя абавязкі. Да таго ж як праект мы не вельмі зацыкленыя на грошах. Долі ў бары належаць не толькі мне, але і партнёрам. А паколькі ніхто з нас не ўклаў у яго вялікіх грошай, то і няма ціску, што мы пачнём сыходзіць у мінус і гэта стане катастрофай.
Важную ролю адыгрывае і тое, што бару хутка споўніцца 10 гадоў. Заўсёды марыў стварыць брэнд, які працаваў бы сам на сябе і генераваў рух, не патрабуючы вялікіх эмацыйных і фізічных укладанняў.

У Варшаве ў «Кармы» пачаўся пяты сезон, і ў нас зноў шмат людзей. Мы выйшлі на класнае эканамічнае плато, не робячы нейкіх суперівэнтаў. Проста кожны дзень у бар прыходзяць людзі — гэта і ёсць асноўнае мерапрыемства. На гэтым фоне жыць стала прасцей.
Пры гэтым мы не зарабляем вялікіх грошай, і прыбытак кожнага з нас меншы, чым сярэдні заробак айцішніка. Але жывём у гармоніі — усё ідзе даволі зладжана і гладка.
Хочам адысці ад мігранцкага шыку і зрабіць польскую кавярню
— Раскажы пра новую ўстанову…
— Гэта будзе прыгожая кавярня ў цэнтры Варшавы з натуральным віном і спешэлці-кавай. Унутры размесціцца невялікая крама антыкварыяту і вінтажу. Гаворка ідзе не пра адзенне, а пра фарфор, бронзу, падарункавыя аксэсуары.

На гэты раз хочам, каб наш новы малы бізнес быў наогул не пра актывізм і не пра гісторыі з кам’юніці. Плануем адысці ад мігранцкага шыку і зрабіць польскую кавярню.
«Карма» звычайна адкрываецца ў 16–17 гадзін — гэта вячэрні бізнес. Вырашылі, што класна зрабіць яшчэ і ранішні бізнес. Галоўная мэта — не трапіць у пастку канкурэнцыі з самімі сабой і зрабіць нешта пра прадукт. Karma Crew Bar — гэта заўсёды пра experience і вайб. Тут людзям не так важна, якое піва яны замовілі ці што сёння ў нашым хот-догу.

Спрабуем укласціся ў 180 тысяч злотых. Не атрымаецца — пашырым пул інвестыцый
— Калі параўноўваць адкрыццё варшаўскай «Кармы» ў 2022 годзе і адкрыццё прыгожага кафэ ў 2026-м, ёсць розніца ў кошце і афармленні бізнесаў? Магчыма, для тых, хто ўжо мае тут справу і плаціць падаткі, ёсць зніжкі?
— Зніжак няма. Больш за тое, партнёры-інвестары ў новым праекце — новыя людзі. Наколькі гэта магчыма, спецыяльна размяжоўваем гэтыя два праекты. Рыхтуемся да ўсіх сцэнароў, аж да таго, што нешта можа не атрымацца.
Хочацца глядзець на новую кавярню не як на сваё дзіця, якое песціш і галубіш, а як на бізнес-праект, які робіш з эмпатыяй і любоўю, але па канонах гэтай сферы. Адкрыццё новай установы каштуе столькі ж, колькі і бар «Карма». Паспрабуем укласціся ў 180 тысяч злотых. Не атрымаецца — пашырым пул інвестыцый.

Я па-ранейшаму прапаноўваю сваім знаёмым сыграць у рэстаратараў і спецыяльна раздзяляю інвестыцыі на невялікія сумы, каб у выпадку чаго максімальна знізіць фінансавую шкоду. Хаця сярод партнёраў ёсць і тыя, каго я ніколі не бачыў — гэта людзі, якія адпраўляюць грошы ў канверце на поўным даверы.
Новая кавярня будзе на Макатоўскай, у раёне элітных буцікоў. Знайшлі невялікі ўтульны падвальчык, які ў цэлым адпавядае нашай канцэпцыі. Плануем 45 пасадачных месцаў і некалькі шафаў з рознымі вінтажнымі прыкольнымі рэчамі.

Цяпер размаўляю з пастаўшчыкамі натуральных вінаў, кавы. Для нас гэта новая тэма, але ўпэўнены, што справімся, бо вакол шмат класных спецыялістаў. Ну і самі маем сякі-такі досвед.
— Інвестары толькі беларусы?
— Не толькі: тры беларусы — тры ўкраінцы; тры хлопцы — тры дзяўчыны; тры айцішнікі — тры неайцішнікі.
— А з палякамі пакуль нічога не робіце?
— На жаль, не. Ролю адыгрывае і моўны бар’ер, і тое, што за чатыры гады я не завёў шмат сяброў-палякаў. Працягваем існаваць у сваёй бурбалцы, і гэта адна з прычын закрыцця беларускіх бараў і рэстаранаў.
Мы бясконца мусолім і пілім тую самую аўдыторыю — тусоўку з трыццаці тысяч чалавек, а новых людзей цяпер прыязджае мала.
Уваходзілі ў 2024 год з мінусам 160 тысяч злотых на балансе
— У выніку публіка перастае хадзіць?
— Некаторыя ўстановы закрываюцца праз знешнія прычыны — як нядаўняя гісторыя з Negroni Centrale. Бар быў вымушаны з’ехаць праз суседзяў, хаця гэта быў паспяховы і рэнтабельны праект.
Нехта канфліктуе ўнутры праекта: як толькі пачынаюцца фінансавыя праблемы, то ў камандзе абвастраецца атмасфера.
Мы ўваходзілі ў 2024 год з мінусам 160 тысяч злотых на балансе таксама праз знешні фактар — рамонт моста, пад якім знаходзіцца бар. Было вельмі-вельмі складана — бо прывыклі працаваць і жыць з вялікімі выдаткамі і на шырокую нагу. І раптам з’явіўся значны касавы разрыў.

Я ўдзячны камандзе, што ніхто не запанікаваў. Мы сабраліся і сталі шмат працаваць. Давялося скараціць супрацоўнікаў. Але за 6 месяцаў зноў выйшлі ў плюс. Пагасілі ўвесь доўг.
З таго, што я бачу, рэстаранны бізнес — маламаржынальны. Гэта складаная катэгорыя. Часта людзі яго залішне рамантызуюць і ўкладваюць вялікія грошы. А спецыялісты са сферы, якія бяруць гэтыя грошы, плацяць сабе велізарную зарплату — гэта значыць, не працуюць у рэаліях рынку. І гэта яшчэ адна праблема.
Галоўны факап — прывесці ў бар свае палітычныя ідэалы і ідэі
— Акрамя складанасцяў у 2024 годзе былі яшчэ нейкія факапы?
— Безумоўна. Галоўны факап — гэта прывесці ў бар, у бізнес свае палітычныя ідэалы і ідэі. Прыкладна ў той жа час, калі вакол нас пачаўся рамонт, я знаходзіўся ў агрэсіўным канфлікце з вялікай колькасцю людзей з беларускай тусоўкі. Моцна спрачаўся і лаяўся з тымі, хто пакінуў свае бізнесы ў Беларусі і адкрыў іх тут. Быў у канфлікце з музыкамі і артыстамі, якія, карыстаючыся беларускім пашпартам, працягвалі ездзіць і зарабляць грошы ў Расіі.

— Гэта было прынцыповым пытаннем?
— Гэта дагэтуль для мяне прынцыповае пытанне. Мы можам абмяркоўваць гэта за півам з сябрамі, але гэта не павінна мець ніякага дачынення да бізнесу. Я выдаткаваў цэлы год, каб з усімі памірыцца і адкруціць назад свае абвінавачанні. Да таго ж я зразумеў самую галоўную рэч: праз агрэсію і абвінавачанні немагчыма дабіцца ніякага выніку.
Мне вельмі хацелася б, каб як мага больш беларусаў рабілі тут свае бізнесы. У ідэале — каб перавозілі сюды свае бізнесы, таму што тады мы атрымаем моцную дыяспару, якая зможа фінансава ўплываць на працэсы. На мой погляд, пакуль наша палітычная тусоўка ў выгнанні жыве за кошт грантавай падтрымкі Еўрасаюза, мы ніколі не зможам ні на што паўплываць.
Мой галоўны факап — канфлікт з аўдыторыяй. І замест таго, каб спакойна працаваць і з лішку дапамагаць сябрам ва Украіне ці людзям, якія выйшлі з турмы, мы проста выбіралі срач. А яшчэ ў нашым беларускім грамадстве ў цэлым не прынята агучваць праблемы. Рады, што хаця б з сэксуальным харасментам пераломваем гэтую тэндэнцыю. І гэта якраз класная частка нашых зменаў. А там, дзе мы лаемся проста дзеля таго, каб лаяцца, наша эфектыўнасць сыходзіць на нуль.
Як толькі я зразумеў праблему і змяніў рыторыку, мы зноў сталі сяброўскім кам’юніці-плейсам, і зборы (дапамога Украіне — рэд.) пачалі закрывацца хутчэй. Я сапраўды ўбачыў, што людзі хочуць дапамагаць, хочуць быць часткай чагосьці большага, але ім ніколі не спадабаецца, калі дабро прымушаюць рабіць сілай.

А яшчэ залішнія амбіцыі — гэта таксама пра факап. На другім паверсе ёсць прастора Seven of Swords, якая юрыдычна з’яўляецца барам «Карма», але гэта два размежаваныя памяшканні. З некаторымі партнёрамі мы захацелі ўзнавіць украінскі вайб, які застаўся ў Кіеве ў нашым бары Karma. Захацелася стварыць прыватную, ледзь не сакрэтную прастору, і я сапраўды не зразумеў, што ў Варшаве гэта не патрэбна.
Тут не трэба хавацца, тут дастаткова бяспечна. І людзі не зразумелі, што я ўвогуле хачу прапанаваць. Хтосьці вырашыў, што мы тут выклікаем д’ябла кожную пятніцу альбо што гэта VIP для нейкіх абраных людзей, хаця мы максімальна стараемся, каб у нашай тусоўцы такога вайбу не было. У выніку гэтая залішняя амбіцыя проста каштавала грошай. Цяпер, калі хочацца змяніць свет, з усёй сілы б’ю сябе па твары.
Я ўпэўнены, што міграцыя — гэта крута. Што ў нас ёсць вялікая сіла, немалы капітал, а інтэлектуальны капітал — дык наогул бясконцы. Проста трэба рэалістычна глядзець на рэчы.
Bar Karma Crew нельга арандаваць, закрыць або купіць
— Ты кажаш, што амбіцыя адкрыць другую прастору пад мостам каштавала грошай. Шкадуеш, што зрабіў гэта?
— Не. Мы ўжо выплацілі даўгі, у якія абышліся гэтыя амбіцыі. Хаця я мог бы пакласці гэтыя грошы сабе ў кішэню і адправіцца ў падарожжа. Але гэта быў выдатны досвед, і ўрэшце ў нас ёсць класная прастора, дзе праходзяць выставы, дні нараджэння, карпаратывы айцішнай кампаніі.
Бо ў бара «Карма» ёсць адно простае правіла — яго нельга арандаваць, закрыць або купіць. Як жа мой сябра, які адпрацаваў 14 гадзін кур’ерам і хоча прыйсці за 12 злотых выпіць піўка, а тут прыйшлі нейкія айцішнікі і забралі ў яго гэтую магчымасць, бо яны заплацілі больш грошай?!

Хачу, каб бар Karma Crew заўсёды заставаўся маім самым дарагім і важным праектам, таму што ён быў зроблены ў першую чаргу з жадання незалежнасці, а не з жадання зарабіць грошы. І хачу, каб каманда заставалася дастаткова маладой. Намагаемся развіваць пераемнасць, хоць гэта няпроста: моладзь даволі цяжка спраўляецца з культурай працы.
— Што маеш на ўвазе?
— Арганізаванасць, адказнасць і жаданне ўзяць на сябе адказнасць — з гэтым ёсць праблемы. Але я рады, што цяпер у маёй камандзе нікому не трэба даваць дазволы і казаць, што рабіць. Ёсць людзі, якія самі бяруць на сябе ініцыятыву.
Праяўляць ініцыятыву — не вельмі прынята ў зумерскім асяроддзі. Але гэта гісторыя толькі з майго атачэння. Спадзяюся, што гэта зменіцца.
Ім не падабалася, што дорага, не падабалася, што танна
— А публіка за гэтыя чатыры гады змянялася?
— Людзі прыходзілі, сыходзілі, вярталіся, не вярталіся. Калі 1 чэрвеня 2022 года адкрыўся бар, за першыя выхадныя праз яго прайшло паўтары тысячы чалавек. Я магу ўпэўнена сказаць, што 97% гэтых людзей нарадзіліся ў Беларусі.

Многім з тых, хто прыйшоў і застаўся яшчэ на некалькі месяцаў у бары, не падабалася. Яны бурчалі і давалі негатыўную ацэнку. Ім не падабалася, што дорага, не падабалася, што танна, не падабалася, што не так, як у Мінску, не падабалася, што не так, як у Кіеве.
Таксама ім падабалася, што танна, што дорага, што не так, як у Кіеве, і не так, як у Мінску. Ім проста не было куды пайсці.
Тады, наколькі памятаю, ужо быў BееrStation. Але ў нас з ім мала агульнай аўдыторыі. Людзям вельмі трэба было быць разам, сацыялізавацца, перажываць жахі вайны і эміграцыі тут і цяпер. І Karma для гэтага ідэальна падыходзіла. Тут былі ўсе.
І крута, што цяпер з’явілася шмат розных месцаў, і людзі разбіваюцца на свае колы па інтарэсах. І той, хто хоча, каб яму падавалі тартар з тунца і ледзяное шампанскае, можа пайсці ў бар з тартарам і ледзяным шампанскім, у начны клуб, у спешэлці-кавярню. А не толькі ў бар, які знаходзіцца ў дзірцы пад мостам, і засмучацца, што на яго насраў голуб. Або што тут не гатуюць вытанчаных кактэйляў у прыгожых шклянках. Або што няма афіцыянткі, якая падыходзіць і прымае замову за столікам. Або што ўсе размаўляюць з табой на «ты», і тусоўка адбываецца ў хуткім тэмпе.

Я вельмі рады, што шмат людзей знайшлі тут сваю пару. Што людзі прыходзілі сюды з заплечнікамі з аўтобуса, на якім яны назаўсёды выехалі з Беларусі ці Украіны. Рады, што тут можна было адзначыць дні нараджэння, вяселле, зладзіць памінкі. Што тут ёсць магчымасць увекавечыць памяць нашых сяброў, якія былі забітыя ў барацьбе за свабоду ва Украіне…
Людзі прыходзяць і сыходзяць, але бар жыве, аўдыторыя змяняецца, яна жывая. І я рады, што да нас прыходзіць усё больш палякаў. Тут, у раёне Павісля-Сольца, мы ўжо больш за чатыры гады. Для многіх людзей гэты бар тут быў заўсёды. Гэта проста для кагосьці лакальны дайв-бар. І для мяне вялікі камплімент, вялікі гонар — быць проста барам каля дома, у які заходзіш проста выпіць шклянку піва, пакуль выгульваеш сабаку.
Выбіраем рабіць меню на адзін дзень і прадаваць яго ў нуль
— Часта мяняеце меню?
— Не. Шэф кухні, Бора, мяняе меню на аўтапілоце раз на 2–3 месяцы. Меню невялікае — у асноўным гандлюем хот-догамі, бургерамі і нейкім супам. Уся ежа традыцыйна веганская. І аўдыторыя, якая прыходзіць да нас менавіта таму, што тут усё веганскае, невялікая.

Часцей за ўсё гэта турысты, якія прыязджаюць у Варшаву на выхадныя і знаходзяць нас у праграме HappyCow. Сярод іх шмат немцаў і скандынаваў, і для мяне гэта таксама вельмі дзіўна.
— То-бок ніякай беларускай кухні…
— Не-не-не, для нас гэта хутчэй guilty pleasure. Для такіх прыколаў ёсць нядзеля — гэта наш сацыяльны дзень, і амаль кожны тыдзень у «Карме» праходзіць дабрачынны веган-ланч. Клічам сяброў, медыйных асобаў або проста людзей з тусоўкі, якіх усе ведаюць і на якіх можа прыйсці 20–30 чалавек. І разам гатуем нейкую простую ежу.
Часцей за ўсё гэта ў стылі бара «млечны» — пару вялікіх тэфтэлек, галубцы, дранікі, пельмені. У такім выпадку могуць трапляцца беларускія або ўкраінскія нацыянальныя стравы. Нядаўна, напрыклад, быў Дзень Славакіі ў бары «Карма». Наша сяброўка Лівія выпусцілася з Акадэміі Мастацтваў і зрабіла выставу карцін проста пад мостам. А яе выкладчыкі прыйшлі ў «Карму» прымаць абарону дыплома.

Шэф разам з Лівіяй прыгатавалі да гэтага мерапрыемства веганскі славацкі гуляш і галушкі. Мы вельмі гнуткія ў гэтым плане, але выбіраем рабіць меню на адзін дзень і прадаць яго ў нуль.
Што датычыцца бара, то праца тут вельмі хуткая. Хлопцы, якія стаяць за стойкай, — машыны. У пятніцу і суботу адпрацаваць змену — вельмі цяжка. Большая частка кактэйляў робіцца на прэміксах. Гэта значыць, што яны загадзя падрыхтаваныя, разлітыя ў бутэлькі, каб у патрэбны момант бармэн проста наліў порцыю, узбіў гэта ў шэйкеры і ўпрыгожыў гарнірам.
Важна, каб прыгатаванне кактэйлю займала рэальна 30 секунд, бо інакш не справімся з патокам людзей. Я ганаруся тым, што мы прывезлі з сабой хуткі сэрвіс. Не раз назіраў на вялікіх мерапрыемствах, як працуюць польскія каманды. Часта гэта выглядае ганебна — быццам яны спецыяльна здзекуюцца з цябе і хочуць, каб ты доўга стаяў у чарзе.

У «Карме» ніколі не бывае чэргаў, усе працуюць вельмі хутка. Да таго ж ёсць велізарны халадзільнік з крафтавым півам.
Большая частка нашай аўдыторыі — айцішнікі, якія могуць дазволіць сабе купляць даражэйшае піва. Але ў нас заўсёды ёсць піва рабочага класа, піва Lomza — наша любімае.
За 4 гады ў Польшчы было тры хвалі інфляцыі, тры хвалі павышэння цэн. Усе, напэўна, гэта заўважылі. Мы нават рабілі сход і абмяркоўвалі, ці падымаць цану на самае таннае піва, ці не. І за тры інфляцыі адстаялі сваю цану ў 12 злотых.

Для нас важна, каб у бары была інклюзіўнасць, каб побач маглі тусавацца людзі, у якіх шмат грошай, і людзі, у якіх грошай не так шмат — напрыклад, студэнты. Гэта тая частка аўдыторыі, якую мы страцілі пасля пераезду з Мінска. Бо ў Мінску «Карма» была студэнцкім барам. А тут аўдыторыя старэйшая.
Гэта бар, дзе ўсе хочуць тусавацца і не думаць пра праблемы
— Як сацыяльны праект Karma цяпер выглядае? Па-ранейшаму збіраеце грошы, адпраўляеце іх ва Украіну, дапамагаеце палітвязням?
— У першую чаргу «Карма» як сацыяльны праект накіраваная на дапамогу нашым сябрам ва Украіне. Ёсць некалькі юнітаў, з якімі мы супрацоўнічаем.
Цяпер у нас вельмі неагрэсіўная палітыка збораў. Усё разумеем і прапануем заданаціць, калі ёсць магчымасць. Перыядычна праходзяць дабрачынныя вечарынкі, калі дыджэі цалкам ахвяруюць свой ганарар на мэту збору. Усё гэта робіцца для таго, каб нагадаць людзям, якія там, што тут пра іх памятаюць.
На жаль, Karma — гэта апошні бар у Варшаве, які на пастаяннай аснове працягвае збіраць грошы для УСУ або для палітвязняў. Кажу гэта не таму, што мы такія класныя, а таму, што хацелася б, каб вакол праходзіла больш такіх івэнтаў.

Аднак разумею, як недарэчна гэта можа выглядаць у некаторых бізнес-мадэлях і як гэта можа адпудзіць і зламаць аўдыторыю. Мы таксама гэта адчулі. З гэтым трэба вельмі асцярожна — бо гэта бар, дзе ўсе хочуць тусавацца і не думаць пра праблемы.
Але мы ніколі не перастанем займацца сацыяльнымі зборамі. Калі заўтра скончыцца вайна і ўсе выйдуць з турмаў, будзем збіраць на дзіцячыя прытулкі, аборты, на хворых сабачак і коцікаў. Мы ўсё адно не адмовімся ад гэтай канцэпцыі. Бо заўсёды знойдзецца той, каму патрэбная дапамога.
Ніхто на гэтым бізнэсе не зможа разбагацець, але і ніхто не зможа яго разбурыць
— Можа падацца, што ўладальнік вядомага тусовачнага месца ў Варшаве, які адкрывае яшчэ адно месца ў цэнтры горада, — багаты чалавек. Ты багаты чалавек?
— Не, увогуле не багаты. Не магу сказаць, што я вырас у багатай сям’і, але калі паступіў ва ўніверсітэт, зразумеў, як добра мы жылі. На сняданак заўсёды была чырвоная рыба, я меў любую сучасную тэхніку і гэтак далей. Але гэта не звалілася проста так.

У маёй сям’і ўсе вельмі-вельмі шмат працавалі. Вельмі шмат. Пры гэтым у дзяцінстве мне не хапала адабрэння ад бацькоў. Таму заўсёды імкнуўся атрымаць менавіта сацыяльнае адабрэнне — прынесці нейкую карысць, завесці сяброў, весела праводзіць час. Магчыма, таму наш бізнес і стаіць.
Вядома, першапачаткова асноўная матывацыя была іншай, і, вядома, хочацца грошай: з’яўляюцца хваробы, некалі трэба будзе купіць кватэру і, спадзяюся, што мой прыбытак вырасце. Але цяпер жыву сапраўды небагата, стараюся мінімізаваць выдаткі на кватэру і жыццё. Усё, на што трачу грошы, — гэта падарожжы. Гэта мяне натхняе.
А яшчэ захапіўся збіраннем антыкварыяту і рознага вінтажу. Калекцыяную барныя шэйкеры, збіраю PRL-аўскія абразы, племянныя афрыканскія маскі — усё гэта спадзяюся аднойчы прадаць як калекцыю, без шкадавання.

І ўся мая мадэль акурат пра тое, што ніхто з гэтага бізнесу не зможа разбагацець, але і ніхто не зможа яго разбурыць.
Калі з’ехаў у Польшчу, зразумеў, што мінская «Карма» была праектам для адмывання грошай. Да мяне прыйшлі дзядзькі і сказалі: «Ты такі класны, вось табе 70 тысяч долараў, толькі ты нічым не будзеш валодаць». І я пагадзіўся, бо здавалася, што знайсці інвестыцыі немагчыма — гэта самае складанае. А аказалася, што знайсці інвестыцыі — самае простае, галоўнае іх не пра***ць.
Пасля таго, як я апынуўся ва Украіне, а потым з’ехаў у Польшчу, захацелася па-сапраўднаму быць саўладальнікам бізнесу і вырашаць, што будзе адбывацца. Для мяне гэта важней за любыя грошы, і спадзяюся, што такім жа спосабам мы зможам далей развіваць новыя праекты.

Хацелася б заняцца чымсьці не звязаным з барамі, бо, на жаль, такія ўстановы патрабуюць велізарных эмацыйных і фізічных укладанняў, а маржынальнасць у іх надзвычай нізкая — магу паспрачацца з кім заўгодна — ну калі толькі не хочаш рабіць нейкую сумную сеткавую гісторыю.
Таму маё багацце — у велізарнай супольнасці і ў тым, што знаходжуся ў гармоніі са светам.
Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.