«На пачатку XX стагоддзя Скарыну ведалі толькі гісторыкі». Як ініцыятыва MALDZIS вяртае беларусам страчаных герояў

Беларусь — сусветны лідар па маштабах страты нацыянальных культурных каштоўнасцей — яны страчаны да 99%. Гэта амаль поўнае знікненне доказаў нашага існавання ў гісторыі, што нараджае блытаніну ў тым, хто мы і адкуль. Такія жахі расказвае былы дыпламат і сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч. Але адначасова ён перакананы, што «беларушчына перажыве ўсіх, хто яе хавае».

Пра невядомага Скарыну, 150 тысяч слуцкіх паясоў, беларускіх мецэнатаў і топ-3 беларускіх скарбаў культурны дыпламат распавядае спецыяльна для spravy.io.

Беларусы і артэфакты па той бок мяжы

Гісторыя «Мальдзіса» — ініцыятывы, названай у гонар выбітнага даследчыка беларускай культуры Адама Мальдзіса, — пачалася некалькі гадоў таму. Тады Павел Мацукевіч і яго паплечнік, палітолаг Рыгор Астапеня, заўважылі небывалы попыт на веды пра свае карані сярод маладых беларусаў. Ідэя вырасла з «Акадэміі новай беларускай дыпламатыі» — курсу пра знешнюю палітыку Беларусі для маладзёнаў, у межах якога Павел чытаў лекцыі пра вяртанне беларускай культурнай спадчыны.

На падрыхтоўку і запуск ініцыятывы спатрэбілася каля году. А першы рэальны праект быў здзейснены яшчэ задоўга да ўсіх афіцыйных запускаў і прэзентацый і быў звязаны з імем пісьменніка Яна Баршчэўскага, чыё надмагілле ў 2019-м выпадкова знайшлі ва ўкраінскім горадзе Чуднаве на прыватным падворку.

— Я тады быў яшчэ на дыпслужбе і дапамагаў Алесю Сапегу, заснавальніку швейцарскага дабрачыннага фонду імя Магдалены Радзівіл, з рэалізацыяй яго ідэі ўсталявання помніка Баршчэўскаму ў гэтым украінскім горадзе. Акрамя помніка разам з Сапегай мы дамовіліся з мэрыяй Чуднава на тое, каб адвезці ў Беларусь знойдзеную надмагільную пліту і адрэстаўраваць яе. І падчас рэстаўрацыі паўстала думка зрабіць копію гэтай пліты, — распавядае Павел пра вытокі.

Менавіта ў межах новай ініцыятывы MALDZIS удалося знайсці сродкі, каб адліць на заводзе ў Магілёве з чыгуну паўнавартасную копію гэтай пліты і падарыць яе музею ў Расонах на радзіме пісьменніка, які лічыцца заснавальнікам новай беларускай літаратуры.

Паколькі многія беларусы апынуліся за мяжой побач з вялікай часткай беларускіх культурных скарбаў, якія напаткаў такі ж лёс, толькі раней, Павел лічыць лагічным займацца іх вяртаннем. Сёння гэтую справу рухае невялікая каманда з трох чалавек: Рыгор Астапеня, Павел Мацукевіч і Таццяна Капітонава.

— Але праект трымаецца на супольнасці мецэнатаў і ахвярадаўцаў, якія нас падтрымліваюць, а таксама на партнёрах накшталт выдавецтва Gutenberg Publisher ці фонду імя Магдалены Радзівіл, з якімі мы рэалізуем супольныя праекты.

Беларусь страціла да 99% сваёй культурнай спадчыны

Павел Мацукевіч перакананы, што маштаб культурнай катастрофы, якую перажыла краіна, дагэтуль застаецца па-за ўвагай шырокай публікі:

— Беларускім грамадствам не асэнсаваны ўзровень страт культурных каштоўнасцей Беларусі, а ён дасягае 99%. Між тым культурная спадчына — гэта доказы нашага існавання ў гісторыі. Страты ў такіх памерах сведчаць пра тое, што гэтых доказаў няма. Таму і існуе гэтая блытаніна з тым, хто мы і адкуль.

99% — не асабістае перабольшванне. Пра гэта казаў яшчэ ў 1990-х і пісаў у 2016 годзе першы міністр замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка, спасылаючыся на дадзеныя ЮНЕСКА. Гэтыя лічбы фігуруюць і ў зборніках Камісіі вяртання, якую заснаваў і ўзначальваў прафесар Мальдзіс.

Справа выглядае так, нібы трэба тушыць культурны пажар. Павел Мацукевіч прызнае, што поўнае аднаўленне страчанага фізічна ўжо немагчымае. Аднак ініцыятыва прапануе іншую стратэгію — вяртаць артэфакты, а з імі і гісторыю ў грамадскую свядомасць:

— Самы зразумелы прыклад звязаны з Крыжом Ефрасінні Полацкай. Мы не ведаем дакладна, дзе знаходзіцца гэта галоўная культурная каштоўнасць Беларусі. Але нават дзеці ў Беларусі ведаюць, што такі крыж ёсць — таму вяртанне ў свядомасць беларусаў ужо адбылося, і такое вяртанне часам больш нават больш важнае за фізічнае.

Выява: wikipedia.org

Беларушчына перажыве ўсіх, хто яе хавае

Нягледзячы на шакавальныя маштабы страт, Павел Мацукевіч заклікае не апускаць рукі, а працаваць. І наша шматпакутлівая гісторыя, як не дзіўна, дае падставы для аптымізму:

— Беларушчына перажыве ўсіх, хто яе хавае і хто гэтаму спрыяе. Былі і шмат горшыя часы. Прафесар Мальдзіс знайшоў толькі трох аўтараў у XVIII стагоддзі, якія пісалі на беларускай мове. Усе астатнія тагачасныя пісьменнікі, хто нарадзіўся і жыў на Беларусі, пісалі на польскай, французскай, стараславянскай і на якой заўгодна мове, але не на беларускай. 

Гэты гістарычны заняпад працягваўся стагоддзямі, абцяжарваўся спробамі паланізацыі, русіфікацыі і нават германізацыі. Пацвярджае гэта і нядаўна набыты ініцыятывай рукапісны архіў парафіі Вялікія Эйсманты з-пад Гародні, што ствараўся ў XIX стагоддзі:

— Там сотні старонак, напісаных на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, і ніводнай па-беларуску. Больш за 90% напісана на польскай, астатняе — на рускай.

Аднак найбольш красамоўны і блізкі да нас па часе прыклад — крызіс беларушчыны 1980-х гадоў. Павел узгадвае кнігу Алега Бэмбеля «Роднае слова», якая выйшла ў Лондане ў 1986 годзе як «рэпартаж са смяротнага ложка» нацыянальнай культуры:

— Там галоўная тэма — лёс беларускай мовы, якая тады памірала. Калі чытаеш, ствараецца ўражанне, што ўсё — канец. Але літаральна праз некалькі гадоў гісторыя зробіць фінт. Савецкі Саюз разваліцца, паўстане незалежная Беларусь, беларуская мова зробіцца дзяржаўнай. Тое, што амаль пахавалі, насамрэч быццам бы толькі рыхтавалася да сапраўднага жыцця. 

Для мецэнатаў гэта магчымасць упісаць сваё імя ў гісторыю

Усе выкупленыя артэфакты «Мальдзіса» плануецца ў будучыні падараваць беларускім музеям.

— На гэта ахвярадаўцы пагаджаюцца яшчэ да пачатку збору сродкаў. У нас няма мэты стварыць нейкую прыватную ці карпаратыўную калекцыю. Мецэнаты ахвяруюць на набыццё артэфактаў і звычайна іх не бачаць фізічна, а сустракаюцца з імі ўжо толькі на нашых выставах.

Павел лічыць, што MALDZIS наўрад ці стварае канкурэнцыю іншым важным грамадскім праектам. Для шмат каго тое, што прапануе MALDZIS, з’яўляецца не ахвяраваннем, а інвестыцыяй са зразумелым вынікам.

— Гэта ўнёсак у фундамент нацыянальнай ідэнтычнасці, які працуе адначасова тут і цяпер, бо фізічна набываецца артэфакт з гісторыяй, якая выклікае гонар, і таксама ў доўгую перспектыву, дзе ўжо вырашаюцца пытанні іншага ўзроўню — кансалідацыі нацыі, адказнасці за беларускую культурную спадчыну, аднаўлення ўласнага мінулага. Для дарыцеляў гэта магчымасць упісаць сваё імя ў гэту годную гісторыю. Іх імёны ўжо на таблічках пад артэфактамі і калісьці разам з імі яны трапяць у музеі.

Першая кніга па-беларуску ў свядомасці беларусаў адсутнічае

З чаго пачынаць вяртанне і як адсейваць самае важнае? Павел Мацукевіч расказвае, што зараз няма ніякай праблемы зайсці ў інтэрнэт і знайсці шмат чаго, звязанага з Беларуссю. Стваральнікі ініцыятывы манітораць аўкцыёны, а таксама шмат прапаноў на лоты атрымліваюць ад прыхільнікаў.

— Большасць такіх прапаноў мы вымушаны адсяваць. Звычайна па сваім асабістым адчуванні і досведзе выбіраем тое, што здольна «зачапіць» грамадства і знайсці фінансавую падтрымку.

Адным з галоўных поспехаў Павел называе архіў парафіі Вялікія Эйсманты з-пад Гродна:

— Гэта ўнікальны артэфакт: рукапіс быў створаныя ў Беларусі і вывезены адтуль. Мы набылі яго на аўкцыёне ў Польшчы. Гэта вяртанне рэчы, якая сапраўды належала Беларусі. Мы алічбавалі архіў, каб гісторыкі маглі даследаваць жыццё нашых продкаў у XIX стагоддзі — у перыяд паміж паўстаннямі 1830 і 1863 гадоў.

Шмат нашых вяртанняў носіць умоўны характар. Як у выпадку польскамоўнага выдання Статута ВКЛ, надрукаванага ў Вільні. Набыты асобнік не меў да Беларусі прамога дачынення — ім не валодалі нашы продкі.

— Але ў рэгіянальных музеях Беларусі няма нават такіх выданняў. Да таго ж праз такія старадрукі перш за ўсё адбываецца вяртанне Статута ў грамадскую свядомасць — набыццё артэфакта стварае нагоду ўзгадаць цэлы пласт гісторыі і гістарычных асоб вакол гэтага дакумента, які ўжо мае прамое дачыненне да Беларусі.

Асобны напрамак пошукаў MALDZIS — арыгінальныя артэфакты родам з Беларусі. Як архіў парафіі з-пад Гародні, але агульнанацыянальнага значэння. Павел прыводзіць у прыклад Катэхізіс Сымона Буднага 1562 года — першую беларускамоўную кнігу, надрукаваную на нашых землях.

— У свеце існуе дзесяць экзэмпляраў, большасць у Расіі, па адным асобніку, здаецца, у Польшчы і Чэхіі. У нас — ніводнага. Гэтая кніга ўсё яшчэ адсутнічае ў свядомасці шырокіх колаў нашага грамадства. Фізічнае вяртанне аднаго з асобнікаў магло б стаць нацыянальнай падзеяй, якая паўплыла б і на вяртанне ў свядомасць.

Часам знаходкі здараюцца дзякуючы ўважлівасці беларусаў. Напрыклад, першае выданне «Жэзла кіравання» Сімяона Полацкага было набыта дзякуючы прыватнай падказцы. Гэты каштоўны старадрук прызначаны намі для музея-бібліятэкі імя Сімяона Полацкага ў Полацку, дзе гэтага выдання дагэтуль няма.

Рускі Шагал і польскія Слуцкія паясы 

Пытанне культурнай прыналежнасці геніяў, якія нарадзіліся на нашых землях, Павел Мацукевіч лічыць адным з найважнейшых. Многія беларускія артэфакты ў свеце лічацца польскімі, рускімі, літоўскімі, але не беларускімі, нягледзячы на іх беларускія карані. Тое самае з гістарычнымі асобамі. Найбольш вядомая гісторыя з Маркам Шагалам:

— У беларускую свядомасць вяртанне Шагала ўжо адбылося, але не адбылося асэнсавання замежнікамі таго факту, што Шагал — родам з беларускага Ліёзна, што пад Віцебскам, а таму і беларускі мастак. Вельмі важна, каб у музеях па ўсім свеце пад ягонымі творамі з’явілася згадка і пра Беларусь.

Фота: minsknews.by

Паколькі ў беларускай свядомасці Шагал ужо замацаваны, на парадку дня фізічнае вяртанне яго жывапісу. У родным для мастака Віцебску і па сёння няма ніводнай жывапіснай карціны Шагала. Гэта справа нацыянальнага маштабу:

— Паглядзіце, якім попытам карыстаецца ягоная карціна, якую прывезлі з Расіі і выстаўляюць у Нацыянальным мастацкім музеі. Гэта добрая нагода сустракацца, радавацца і адчуваць гонар, бо чалавек родам з беларускага Ліёзна стаў знакамітасцю і часткай сусветнай культурнай спадчыны. Гэта моцна ўздымае нацыянальную самаацэнку.

Несправядлівая сусветная ідэнтыфікацыя тычыцца і знакамітых Слуцкіх паясоў:

— Слуцкіх паясоў за часам існавання персіярні было створана ад 50 да 150 тысяч, а зараз у Беларусі захоўваюцца 11, і толькі 5 з іх цэльныя і вытканыя ў Слуцку. Пры гэтым гэты каштоўны выраб ёсць ва ўсіх больш-менш буйных музеях свету. У Расіі, Польшчы, Літве захоўваюцца сотні слуцкіх кантушаў — у кожнай з гэтых краін. Амаль паўсюль у свеце яны падпісаныя як польскія. Быццам Слуцк не беларускі горад.

Выява: wikipedia.org

Гэтая ўзгадка пра Беларусь на музейных таблічках вельмі патрэбная, бо яна азначае прызнанне самастойнага існавання Беларусі ў гісторыі.

— Пажадана зрабіць так, каб беларускасць Шагала ці Міцкевіча стала такой жа відавочнай для парыжаніна ці лонданца, якой яна стала для саміх беларусаў.

Скарына быў праектам маладой БССР

Нацыянальная памяць і постаці герояў — гэта вынік працяглай працы даследчыкаў і мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Многія імёны, якімі беларусы сёння ганарацца, калісьці былі амаль цалкам забытыя:

— Імя Напалеона Орды яшчэ 70 гадоў таму ніхто не ведаў. Ён здабыў вядомасць пры жыцці праз свае літаграфіі і музыку, але потым здарыліся рэвалюцыі, войны — і пра яго на тэрыторыі Беларусі забыліся цалкам.

Толькі напрыканцы 1960-х гадоў беларускія даследчыкі Адам Мальдзіс і Міхаіл Кацар упершыню ў беларускай гісторыяграфіі пачалі ўзгадваць гэтае імя як кампазітара і мастака. Так крок за крокам адбывалася вяртанне Напалеона Орды ў нашу свядомасць.

Яшчэ больш паказальная гісторыя Францыска Скарыны:

— На пачатку ХХ стагоддзя гэтае імя было вядома толькі прафесійным гісторыкам. Але калі з’явілася БССР, маладой рэспубліцы патрэбныя былі героі. Тэндэнцыі першапачаткова былі накіраваны на развіццё нацыянальнай культуры, каб сцвердзіць унікальную ідэнтычнасць беларускага народа. Гэта адкрыла шлях для Францыска Скарыны ў грамадскую свядомасць.

Выява: wikipedia.org

Гэта быў маштабны праект, які патрабаваў палітычнай волі:

— Прасоўванне Скарыны пачынаецца ў 1920-я гады Інстытутам беларускай культуры — першай навуковай установай БССР, якая пазней стане Акадэміяй навук. Менавіта яна адыгрывала галоўную ролю ў вывучэнні жыцця і дзейнасці Скарыны, ініцыяванні і арганізацыі мемарыяльных мерапрыемстваў па прасоўванні гэтага імя. Пачалі называць вуліцы, з’явіліся помнікі, у калекцыянера ў Маскве нават выкупілі 10 арыгінальных выданняў Францыска Скарыны. У гады незалежнай Беларусі кампанія па прасоўванні Скарыны на дзяржаўным узроўні была фактычна працягнутая.

Сёння нам нават складана ўявіць, што яго некалі не ведалі, але ў шырокай грамадскай свядомасці гэта не адбылося аўтаматычна.

Для Паўла Мацукевіча такія прыклады — доказ таго, што сучасныя забытыя імёны маюць шанец на вяртанне, калі імі займацца сістэмна:

— І сёння, я ўпэўнены, ёсць важныя ў гістарычным сэнсе рэчы і імёны, якіх мы пакуль не ведаем — яны забытыя, патанулі ў віхуры нашага турбулентнага мінулага, але іх вяртанне — пытанне часу і зацікаўленасці неабыякавых людзей. Мы ж раней не ведалі, што траціна — калі не болей мастакоў славутай Парыжскай школы родам з беларускіх вёсак і мястэчак. Імёны Любіча, Кікоіна, Балглея, Крэменя, Суціна былі для нас замежнымі,пакуль іх вяртаннем і папулярызацыяй не пачалі займацца даследчыкі, як Уладзімір Шчасны ці Надзея Вусава. 

Нядаўна каманда MALDZIS запусціла праект «Арт-кавярня MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім» якраз з мэтай папулярызацыі здабытых артыфактаў і забытых імёнаў:

— На першай сустрэчы мы прэзентавалі карціну Осіпа Любіча. Гэта фармат вяртання культурнай спадчыны ў грамадскую свядомасць праз магчымасць пабачыць набыты артэфакт на ўласныя вочы і даведацца яго гісторыю, пакуль ён не знайшоў дарогу дадому — у прызначаны музей.

ТОП-3 артэфактаў, якія трэба вярнуць

Калісьці Адам Мальдзіс склаў ТОП-3 нацыянальных скарбаў для вяртання: Крыж Ефрасінні Полацкай, Слуцкае Евангелле і паясы Вітаўта. Павел Мацукевіч падзяляе гэтыя прыярытэты.

Лёс гэтых артэфактаў склаўся па-рознаму. Слуцкае Евангелле вярнулася на радзіму ў пачатку 2000-х гадоў пры загадкавых абставінах:

— Беларуская праваслаўная царква сказала, што прыхаджанка прынесла аднаму са святароў гэтае Евангелле. Што цікава — яно знікла разам з Крыжом Ефрасінні Полацкай, бо знаходзілася да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Магілёве ў тым жа сейфу, што і крыж. Таму ёсць падставы спадзявацца, што і крыж вернецца.

Выява: wikipedia.org

Павел упэўнены, што след крыжа вядзе ў вядомае месца, і пытанне яго вяртання — гэта справа палітычнай волі Мінска і Масквы:

— Я думаю, калі б Аляксандр Лукашэнка паставіў гэтае пытанне перад Уладзімірам Пуціным падчас шматлікіх перамоваў з вока на вока, яно было б вырашана станоўча.

З паясамі Вітаўта таксама звязана цікавая гісторыя. У 1992 годзе быў знойдзены скарб з двух такіх паясоў, і адзін з іх застаўся ў Беларусі і зараз знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі:

— Другі пояс быў вывезены ва Францыю чалавекам, які яго знайшоў, і знік разам з ім. Нібыта былі спробы з Парыжу прадаць пояс Эрмітажу. Цяперашні лёс гэтага пояса невядомы, але вяртанне такой каштоўнасці магло б стаць сапраўдным нацыянальным святам.

Фота: histmuseum.by

Паколькі Слуцкае Евангелле вярнулася, Павел прапануе замяніць яго месца ў топе вяртаннем парэшткаў Максіма Багдановіча з Крыма:

— Ён паехаў туды на лячэнне, памёр там, хоць зусім не жадаў заставацца на чужыне. Ёсць нават паэтычны тэстамент Багдановіча быць пахаваным у роднай зямлі «хоць у гліне, хоць у брудзе». Я лічу, што гэта павінна быць нацыянальнай справай, бо калі ў беларускай паэзіі ёсць імя-сінонім — дык гэта Багдановіч.

Выява: wikipedia.org

Павел нагадвае, што дзяржава спрабавала займацца гэтым, здаецца ад пачатку незалежнасці. Абмяркоўвалася нават ідэя абмену, бо ў Берасці пахаваны ўкраінскі пісьменнік і этнограф Аляксандр Старажэнка. На жаль, дамовіцца так і не ўдалося.

— Мы з Алесем Сапегам таксама гэтым займаліся на працягу некалькіх гадоў: знайшлі ў Расіі нашчадкаў Багдановіча, атрымалі ад іх дазволы і даверанасць на тое, каб правесці эксгумацыю і перанос парэшткаў. Але, на жаль, справу не атрымалася давесці да канца.

Рызыка стварыць беларускі замежны музей

Павел Мацукевіч кажа, што справа вяртання культурных каштоўнасцей павінна быць дзяржаўным прыярытэтам:

— Напрыклад, пытанні аб рэстытуцыі каштоўнасцей можа ставіць толькі дзяржава. І нават у такім выпадку поспех абсалютна не гарантаваны. 

У Беларусі ёсць адмысловая дзяржаўная камісія, якую ўзначальваюць прадстаўнікі МЗС і Міністэрства культуры. Але ўзровень стасункаў з заходнімі суседзямі ці з Украінай не дазваляе разлічваць на выніковасць працы камісіі на гэтых напрамках.

— Немагчыма абмяркоўваць з Польшчай, Літвой ці Латвіяй вяртанне каштоўнасцяў, хоць двухбаковыя камісіі былі створаныя яшчэ на пачатку незалежнасці. З Расіяй сітуацыя парадаксальная: у стасунках з ёй усё ціп-топ, існуюць двухбаковыя камісіі на кожны выпадак дзяржаўнага жыцця, але не па пытаннях культурнай спадчыны. Хоць асноўная колькасць нашых культурных каштоўнасцяў знікла менавіта ва ўсходнім напрамку.

Вялікую долю выдаткаў на аднаўленне тых жа сядзіб мог бы ўзяць на сябе беларускі бізнес, але сёння эканамічныя ўмовы ў Беларусі гэтаму не спрыяюць:

— Дзяржава нешта робіць, нельга адмаўляць гэтага — мы бачым, што сядзібы і замкі аднаўляюцца, але хуткасць і якасць маглі б быць зусім іншымі, калі б беларускі прыватны капітал меў адпаведныя гарантыі і матывацыю.

Для ініцыятывы MALDZIS, якая цяпер працуе ў вымушанай эміграцыі, сітуацыя стварае ўласныя выклікі:

— Існуе вялікая рызыка, што мы ствараем «беларускі замежны музей», бо вываз каштоўнасцей з-за мяжы справа складаная — краіны, у тым ліку Польшча, вельмі неахвотна растаюцца з рарытэтамі, якія трапілі на іх тэрыторыю, нават калі тыя не з’яўляюцца іх уласнасцю. Гэта вельмі дэлікатнае пытанне і ўзровень двухбаковых стасункаў з Беларуссю можа сыграць у ім як пазітыўную, так і негатыўную ролю. 

Кожны здабыты артэфакт — доказ, што беларусы маюць будучыню, бо шануюць мінулае

Павел Мацукевіч бачыць у культурнай спадчыне жывую сувязь, якую немагчыма разарваць палітычнымі ці геаграфічнымі межамі. Для яго гэта мосцік, які трымае нацыю разам нават у самыя змрочныя часы:

— Ёсць пачуццё, што мы робім сапраўды нешта важнае, асабліва ў тых умовах, у якіх мы знаходзімся. І я тут маю на ўвазе і беларусаў у Беларусі, і беларусаў за мяжой. Культурная спадчына — гэта наш мосцік. Ён захоўваецца ў любым выпадку, нават тады, калі мяжа зачынена.

Місія ініцыятывы MALDZIS мае глыбокае ўнутранае вымярэнне — вяртанне беларусам пачуцця ўласнай годнасці:

— Гаворка пра адчуванне гонару. Яно прыходзіць з разуменнем таго, якая выдатная гісторыя, якія важныя падзеі і якія вялікія гістарычныя постаці стаяць за Беларуссю на працягу ўсёй гісторыі ад першых княстваў да незалежнай дзяржавы. Гэта адбываецца праз вяртанне страчаных артэфактаў і забытых імёнаў у беларускую культурную прастору. Адначасова праз вяртанне гэтых доказаў нашага існавання ў гісторыі мы атрымліваем адказы на самыя важныя пытанні: хто мы і адкуль. Гэта істотна, каб усвядоміць нашу місію і, як казаў класік, заняць свой пачэсны пасад між народамі.

Хоць каманда часцяком працуе на валанцёрскіх асновах, Павел захоўвае веру ў поспех. Кожны здабыты артэфакт для яго — гэта доказ таго, што беларусы маюць будучыню, бо шануюць мінулае — бяруць на сябе адказнасць за вяртанне нацыянальнай культурнай спадчыны.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Адзін каментар

  1. Хм… А дзе тут бізнэс? Дзе тут лічбы нейкія? Нешта незразумела. Хацелася б чытаць пра бізнэс, а не проста пра праекты… Ну але калі так, то пытанне – дзе захоўваюцца артэфакты?

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *