«Усе свае заводы-параходы давялося пакінуць у Беларусі». Прадпрымальнік страціў мільёны, а цяпер будуе хаткі хобітаў на колах

Фота: facebook.com/ValeryAstrynski

Валер Астрынскі зарабляў мільёны долараў на гандлі сталлю ў Беларусі, інвеставаў у IT-стартапы, уваходзіў у ТОП-200 найбагацейшых людзей краіны. Аднак у 2021 годзе праз крымінальную справу аб падатках дзесяцігадовай даўніны беларус страціў бізнес. Заплаціўшы дзяржаве $1,5 млн штрафу і адбыўшы 2,5 года «хатняй хіміі», прадпрымальнік з сям’ёй пераехаў у Гданьск.

У эміграцыі 48-гадовы бізнесовец пачаў усё з нуля — стварыў праект Stativa па вытворчасці мабільных хатак для адпачынку. Яго гісторыю расказвае Радыё Свабода.

Фота: stativa.eu

«Хатняя хімія» натхніла на хаткі хобітаў

Ідэя бізнесу нарадзілася, калі Валер Астрынскі адбываў «хатнюю хімію» у хаце сваёй бабулі ў Іўеўскім раёне. Не маючы права займацца прадпрымальніцтвам, ён заняўся агратурызмам і аднаўленнем вясковых хатаў. Пераехаўшы ў Польшчу, ён вырашыў развіць ідэю вясковых хат і заснаваў бізнес пад брэндам Stativa.

— Захацелася прыйсці ў нішу агратурыстыкі, бо гэта спалучэнне прыроды, якую я люблю, і адпачынку. Можна рабіць нешта цікавае, добрае, каб людзі адпачывалі, — тлумачыць прадпрымальнік.

Фота: stativa.eu

Кампанія Stativa робіць невялікія драўляныя хаткі для адпачынку плошчай у 13,5 кв. метра. Яны мабільныя — на колах. Як кажа Валер, такі часовы фармат сімвалізуе жыццё эмігранта, а яшчэ патрабуе менш узгадненняў з уладамі і лягчэй транспартуецца.

Прастора ўнутры хат ствараецца прыгожай і ўтульнай, многае ў інтэр’еры зроблена з дуба. Вонкава хаткі нагадваюць жытло хобітаў: скруглены дах з дранкі, паўкруглыя вокны і дзверы.

Фота: stativa.eu

— Ёсць навуковыя даследаванні, што круглыя формы ў архітэктуры паляпшаюць самаадчуванне, зніжаюць стрэс. Я падумаў: чаму ж гэтым не скарыстацца? На халеру рабіць куты, калі можна зрабіць усю хату скругленай? Трошкі ад Толкіна, трохі ад нейкіх старажытнасцяў і казкі. Гэта чапляе людзей, — тлумачыць Валер Астрынскі.

Ёсць у такім дызайне і прагматычны складнік — каб вылучыцца на рынку жылля для адпачынку. Бо «казачная» прапанова добра прадаецца на ўзроўні эмоцый.

Фота: stativa.eu

Лічбавы дэтокс за 500 злотых

Стартавым капіталам для бізнесу сталі €40–50 тысяч, атрыманыя ад продажу дзвюх вясковых хат у Беларусі, якія выкарыстоўваліся для агратурызму. Пазней да праекта Stativa далучыліся інвестары.

Каманда з 12 чалавек будуе па дзве хаткі ў месяц. Выдаткі толькі на матэрыялы для аднаго аб’екта складаюць каля €10 тысяч, але да гэтага трэба яшчэ дадаць аплату працы і інжынерныя распрацоўкі. Валер прызнаецца, што стартап пакуль стратны, але добра расце.

Фота: facebook.com/ValeryAstrynski

Stativa шукае маляўнічыя прыродныя месцы, каб усталяваць свае хаткі і здаваць іх для адпачынку. Цяпер у кампаніі ўжо ёсць 6 хатак у розных кутках Польшчы (каля Гданьска, Кракава, Варшавы) — на ферме з альпакамі, паляне з козамі, на беразе ракі.

Фота: stativa.eu

Прадукт пазіцыянуецца як «лічбавы дэтокс» для жыхароў вялікіх гарадоў. Сярэдні кошт за суткі складае каля 500 злотых (больш за €100).

У планах Валера Астрынскага — стварыць сетку з сотняў такіх хатак па ўсёй Еўропе (у Нідэрландах, Нямеччыне, Чэхіі).

Фота: stativa.eu

— Патрэбны краіны з высокім працэнтам унутранага турызму і з высокімі цэнамі на арэнду жытла, — заўважае прадпрымальнік.

Напрыклад, у Нідэрландах начлег у такой хатцы можа каштаваць €150–200.

Асноўны актыў — гэта не мільёны, а кантакты і імідж

Беларускаму прадпрымальніку прапаноўвалі вярнуцца ў гандаль сталлю ў Польшчы, але ён адмовіўся: захацелася ствараць «эмацыйны тавар».

Фота: facebook.com/ValeryAstrynski

— Усе свае заводы-параходы і мільёны давялося пакінуць у Беларусі. Асноўны мой актыў, з якім я з’ехаў — гэта кантакты, знаёмствы, мой іміджавы капітал. Калі я прыходжу да інвестараў, яны ведаюць, які ў мяне жыццёвы досвед, ці можна быць ва мне ўпэўненым.

Валер Астрынскі лічыць, што кожны бізнесовец мусіць быць гатовы да банкруцтва. І калі яны ўжо год жылі ў эміграцыі, а зберажэнні заканчваліся, то жонка нават казала пра працу ў польскай прадуктовай краме «Жабка» як магчымы запасны варыянт.

Фота: facebook.com/ValeryAstrynski

Прадпрымальнік спакойна ставіцца да страты мінулага статусу і да фізічнай працы:

— Жыццё вельмі афігенная штука, і яно, блін, скончыцца. Трэба яго пражыць цікава. Факусавацца на «паспяховым поспеху» мне ніколі не падабалася. Я захапляўся турызмам, хадзіў па гарах, спаў у намёце. І эмоцыі ад гэтага не слабейшыя за эмоцыі ад куплі чарговага «Мэрсэдэса». Жыццё скончыцца — і можа гэта зрабіць у кожны момант. Не хацелася б факусавацца толькі на грашовых пытаннях.

Фота: facebook.com/profile.php?id=61582016876835

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *