Спартыўны «мэтч» за $20 тысяч. Беларус стварыў аплікацыю, якая дапамагае знайсці партнёра ў спорце

Знайсці сталага партнёра для тэнісу ці сабраць каманду на футбол па чацвяргах — часта задача з зорачкай, дзе б вы ні знаходзіліся. Звычайна пошук аднадумцаў ператвараецца ў скролінг тэлеграм-чатаў і спробы дамовіцца з людзьмі, чый узровень гульні застаецца загадкай да першай сустрэчы.
Менавіта з гэтай праблемы нарадзіўся стартап Opponent — мабільная аплікацыя, якая аб’ядноўвае аматараў спорту: дазваляе знайсці суперніка для гульняў альбо трэнера ў сваёй мясцовасці.
Яе стваральнік, беларус Ілья Краснагір, спецыяльна для spravy.io расказаў пра тое, як штучны інтэлект дапамог ашчадзіць дзясяткі тысяч долараў і чаму ён не супраць, калі ў спартыўнай аплікацыі людзі будуць шукаць рамантычных стасункаў.
«Не было грошай і каманды, таму ідэя жыла ў галаве»
Гісторыя Opponent пачалася з асабістай патрэбы стваральніка — Ілья не мог знайсці апанента для гульні ў настольны тэніс.
— Ідэя з’явілася прыкладна чатыры гады таму, калі я яшчэ жыў у Мінску. Усё дзяцінства ў Чэрвені я займаўся рознымі відамі спорту, а калі пераехаў у Мінск, то мог толькі ў трэнажорнай зале падтрымліваць форму. Бо для таго, каб пагуляць у нейкі парны ці камандны від спорту, было цяжка знайсці апанентаў. Сябры мае альбо гулялі на іншым узроўні, альбо ў іх не атрымлівалася. Ці яшчэ знаходзіліся нейкія прычыны. І каб згуляць у більярд ці настольны тэніс, трэба было пастаянна з кімсьці знаёміцца і выдаткоўваць час на пошук людзей.

Ілья на той час працаваў у IT-кампаніі і займаўся маркетынгам. Пераломным момантам стала наведванне трансфармацыйнай праграмы, дзе ўдзельнікі разважалі пра сваю будучыню і паляпшэнне жыцця:
— Зразумеў, што трэба зрабіць свой прадукт — спартыўную платформу, каб людзям было прасцей адзін аднаго шукаць, а таксама каб можна было лёгка звязвацца з трэнерамі.
Тады для старту праекта не хапала грошай і кампетэнтнай каманды, таму ідэя доўгі час проста жыла ў галаве. Далей была эміграцыя ў Польшчу, праца ў IT-сферы і стварэнне дробных мабільных аплікацый.
І толькі калі Ілья пачаў зарабляць і адкладаць грошы, то зразумеў, што мара стварыць уласную спартыўную платформу можа рэалізавацца.

Распрацоўка пачалася ў лютым гэтага года, а ўжо ў пачатку ліпеня аплікацыя выйшла ў афіцыйны рэліз. Будаваўся праект адразу кросплатформенным — і для iOS, і для Android.
«Пару гадоў таму такі ж прадукт каштаваў бы ў некалькі разоў даражэй»
Стварэнне мабільнай аплікацыі з нуля — справа нятанная. Але сучасныя тэхналогіі і ШІ дазваляюць істотна аптымізаваць выдаткі.
Сёння над Opponent працуе шэсць чалавек, частка з якіх — на аўтсорсе. Стварэнне праекта каштавала заснавальніку каля $20 тысяч уласных сродкаў.
— Грошы пайшлі на распрацоўку, зарплаты і ганарары, дызайн, маркетынг. Акрамя самой аплікацыі Opponent, сёння ў нас таксама ёсць Instagram — opponent.app, а таксама сайт — opponent.pro. На маркетынг пакуль аддалі менш, чым плануем у будучым — яшчэ не запускалі яго напоўніцу. Нам пашанцавала, што да 2026 года штучны інтэлект ужо дастаткова добра развіўся, і шмат чаго больш простага можна зрабіць з выкарыстаннем ШІ — а гэта значыць без джуноў і дадатковага штату спецыялістаў. Як мне казалі дасведчаныя распрацоўшчыкі, літаральна некалькі гадоў таму такі ж прадукт каштаваў бы значна даражэй. Але асноўная праца застаецца ўсё роўна на чалавеку.

Ілья расказвае, што наймае каманду распрацоўшчыкаў на аўтсорсе — па сутнасці, гэта тэхнічныя партнёры, з якімі супраца ідзе папраектна. Гэтыя спецыялісты займаліся архітэктурай, сервернай часткай, бэкендам, франтэндам і тэставаннем аплікацыі.
— Асноўны пласт працы, усё тэхнічнае абсталяванне, архітэктура, серверная частка, адмінка — усё гэтак жа рабілася людзьмі і патрабавала ўкладанняў.
«Пошук усляпую часта прыводзіць да расчаравання абодвух бакоў»
А навошта спампоўваць асобную аплікацыю, калі можна напісаць у профільны чат у сацыяльных сетках? Ілья лічыць, што гэты інструмент даўно не адпавядае патрэбам рынку і папросту малаэфектыўны. Шлях ад паведамлення ў мэсэнджары да рэальнай сустрэчы на корце можа расцягнуцца на тыдні.
— Інфраструктура таго ж Тэлеграму абсалютна не створана для спорту, пошуку апанента, арганізацыі матчу. Калі мы гаворым пра нейкія віды спорту, дзе патрэбен апанент, напрыклад, падэл, настольны тэніс, більярд, то ад жадання да фактычнай трэніроўкі ці гульні могуць прайсці тыдні і месяцы. А можа і ўвогуле нікога не атрымаецца знайсці, калі профіль у сацсетках не самы актыўны ці алгарытмы не пакажуць пост у стужцы.

Ілья дадае, што ёсць і праблема таргетынгу: нават калі профіль у сацыяльнай сетцы актыўны, знайсці партнёра для спорту ў невялікім горадзе можа быць па-ранейшаму складана — пост ці абвестка проста будзе паказвацца сярод нерэлевантнай аўдыторыі. Тое, што людзі ў разрозненых чатах пішуць: «Шукаю саперніка на такі від спорту» — гэта нязручна і рэдка бывае эфектыўна.
Другая і, бадай, самая сур’ёзная праблема — гэта несупадзенне ўзроўню гульцоў. Пошук усляпую часта расчароўвае абодва бакі.
— Гэта таксама праблема з уласнага досведу: я ні ў якім відзе спорту не прафесіянал, не трэніруюся па некалькі разоў на тыдзень. Але пры гэтым я і не пачатковец, гуляю на «жалезным» сярэднім узроўні. І калі імкнуся знайсці нейкіх апанентаў проста ў чатах, кожны раз сутыкаюся з тым, што мы проста не супадаем па ўзроўні.

Ілья кажа, што калі апанент мае пачатковы ўзровень, слабейшы за твой, то з ім не цікава гуляць. Калі прыходзіць чалавек больш прафесійны, то ты ўжо для яго становішся цяжарам — другі ці трэці раз ён з табой гуляць не пойдзе.
— У нашай аплікацыі вырашаем гэтую праблему, бо робім разбіўку па ўзроўнях падрыхтоўкі пад кожны від спорту — такую інфармацыю можна пабачыць перад сустрэчай. Дадалі ў профіль (а ён у нас выступае ў ролі «спартыўнага пашпарта», які адлюстроўвае тваю сутнасць як спартсмена) магчымасць запампаваць відэа, з якога будзе наглядна зразумела, як ты гуляеш. Можна ацаніць, наколькі чалавек горш ці лепш за цябе гуляе — і застаецца толькі звязацца з падыходзячым апанентам і дамовіцца пра дату і час.

«Калі хлопцы і дзяўчаты будуць знаёміцца і жаніцца, то гэта плюс у карму»
Свой шлях Opponent пачынае з польскага рынку. Пасля запуску ў аплікацыю ўжо прыйшло каля 7 тысяч карыстальнікаў. Амаль палова з іх (2,5–3 тысячы) знаходзіцца ў Варшаве.

Унутраная статыстыка папулярнасці відаў спорту вызначыла лідара — ім стаў валейбол.
— 24% усіх карыстальнікаў адзначылі ў профілі, што яны займаюцца на тым ці іншым узроўні валейболам. На другім месцы ідзе тэніс — яго адзначылі 1 242 чалавекі. На трэцім месцы — футбол, у які гуляе 1 100 чалавек. Далей ідзе настольны тэніс — 1 035 чалавек, потым веласпорт — 930 чалавек. За імі — спартыўная хадзьба, бег, падэл, ёга і іншыя віды спорту.

Мабільныя аплікацыі, дзе ёсць профілі людзей і геалакацыя, непазбежна выклікаюць асацыяцыі з сэрвісамі для знаёмстваў. Заснавальнік ставіцца да гэтага філасофску і не бачыць праблемы ў тым, калі платформу будуць выкарыстоўваць для пошуку не толькі спартыўных, але і рамантычных партнёраў.
— Мне нават самому аднойчы пісалі дзяўчаты. Незразумела, з якой мэтай — пагуляць ва ўмоўны валейбол або проста сустрэцца. Таму разумею, што аплікацыю могуць і будуць выкарыстоўваць і з такімі намерамі. Але мы не чытаем перапіскі карыстальнікаў — у нас такога доступу няма згодна з палітыкай прыватнасці.

Ілья дадае, што на рынку ёсць прадукты, якія пазіцыянуюць сябе як спартыўны Tinder. Але там тыя ж механікі, як і ў класічнай аплікацыі для знаёмстваў — за ўсё трэба плаціць, а ўтрыманне аўдыторыі вельмі маленькае.
— Мы ж наадварот пра тое, каб большасць патрэбнага сацыяльнага інструментара была бясплатнай. Калі хлопцы і дзяўчаты будуць знаёміцца, мець зносіны, а потым жаніцца — напэўна, гэта яшчэ для нас будзе лепш, значыць мы будзем больш карыснымі для людзей. І мне будзе плюс у карму — не бачу тут нічога дрэннага. Галоўнае, каб усё было ў межах палітыкі прыватнасці і правіл платформы.
«Трэнеры плацяць за падпіску, але могуць акупіць выдаткі літаральна з першага ліда»
Асобны сегмент аўдыторыі — гэта прафесійныя трэнеры. Для іх Opponent — альтэрнатыва класічнаму SMM. Сёння, каб знайсці кліентаў, асабліва ў эміграцыі сярод экспатаў, трэнеру часам даводзіцца станавіцца маркетолагам: весці Instagram, наладжваць рэкламу, прапаноўваць бясплатныя пробныя заняткі.
— Opponent акумулюе ў сабе спартсменаў розных узроўняў падрыхтоўкі па розных відах спорту. Трэнер стварае свой профіль, апісвае свой трэнерскі досвед, свае дасягненні, цану на трэніроўку, дадае відэа і фота, і атрымлівае ахоп. Ён можа выкарыстоўваць «падзеі», каб запоўніць свае свабодныя даты ў графіку і прыцягнуць да сябе спартсмена. Гэта такі канкурэнтны рынак, дзе трэнеры знаходзяцца ў адным спісе і канкуруюць па досведзе, цане і іншых прыкметах.

Атрымліваецца, што для спартсмена Opponent — гэта просты спосаб знайсці любога трэнера ў сваім раёне — у ідэале, літаральна каля свайго дома. А для трэнера — знайсці сваіх кліентаў.
Што тычыцца манетызацыі, на дадзены момант рэалізавана сістэма падпісак. Калі для звычайных карыстальнікаў гэта хутчэй спосаб падтрымаць стартап, то для трэнераў падпіска дае рэальную выгаду — прыярытэт у выдачы, што наўпрост канвертуецца ў новых кліентаў і дазваляе акупіць выдаткі літаральна з першага ліда.
У будучыні заснавальнік плануе прыцягваць B2B-сектар — спартыўныя брэнды і арганізатараў турніраў для размяшчэння рэкламы на платформе.
«Пакуль быў толькі адзін выпадак, калі чалавек у чаце паводзіў сябе дрэнна і мацюкаўся»
А што рабіць з тымі, хто адмяняе сустрэчу за паўгадзіны або зусім не прыходзіць? Для вырашэння гэтай праблемы ўведзена сістэма рэйтынгаў і мадэрацыі.
— Пасля падзеі даем карыстальніку магчымасць ацаніць свайго апанента або трэнера па двух паказчыках: гэта яго «вайб» і яго «скіл фіт» (наколькі яго ўзровень супадае з тым, што ён заявіў). Калі чалавек не з’яўляецца або адмяняе за паўгадзіны сустрэчу, вельмі важна проста паставіць дрэнную адзнаку, каб наступны спартсмен ужо падумаў, ісці з ім на сустрэчу ці не. Разам з гэтым можна на чалавека паскардзіцца — скарга адразу ж прыходзіць да нас у адмінку.

Далей стваральнікі платформы могуць адправіць папярэджанне чалавеку з тэкстам, каб ён так больш не рабіў — не ігнараваў запланаваныя сустрэчы і загадзя папярэджваў пра іх перанос. Альбо адразу ж яго заблакаваць. Паскардзіцца можна і на непрыстойныя паводзіны карыстальніка на платформе.
— Агулам людзі на платформе зацікаўленыя ў спорце, таму быў пакуль толькі адзін выпадак, калі чалавек у чаце паводзіў сябе дрэнна, мацюкаўся. Без папярэджання яго забанілі, бо ў правілах прапісана, што нельга абражаць адзін аднаго.
«Знайшоў не толькі спартыўнага партнёра, але і сяброў»
Заснавальнік праекта цяпер жыве ў Беластоку, дзе аўдыторыя меншая, чым у сталіцы Польшчы. Тым не менш, дзякуючы ўласнай аплікацыі, яго якасць жыцця змянілася — праз свой праект Ілья змог знайсці новых сяброў па спорце.
— Жыццё набыло новыя фарбы. Я нават не толькі спартыўнага партнёра знайшоў, а сяброў — добрых хлопцаў і дзяўчат. Ужо сябруем сем’ямі, у паходы, на тэніс і на картынг разам збіраемся. Тая праблема, з якой нарадзілася ідэя стартапа, яшчэ ў Мінску, вырашылася: цяпер мне самі людзі пішуць, клічуць пагуляць у настольны тэніс. А ў мяне ўжо нашмат менш часу, чым было чатыры гады таму.

У бліжэйшых планах каманды праекта — дапрацоўка функцыяналу, стварэнне відэагайдаў, а таксама распрацоўка разумнай карты для пошуку напарнікаў паблізу.
— Глабальная стратэгія стартапа залежыць ад знешняга фінансавання. Ёсць два шляхі развіцця. Першы — гэта больш кансерватыўны план. Мы спынімся на рынку Польшчы, зробім так, каб экспаты даведаліся пра аплікацыю і пачалі ёй карыстацца, а далей будзем рабіць новую ітэрацыю ўжо на палякаў. Але больш пажаданы план — прыцягнуць інвестыцыі. У нас ёсць падрабязны бізнес-план, пітч-дэк, інвест-запыт, інвест-план, і разуменне, да каго і з чым звяртацца. З інвестыцыямі ўсё будзе значна весялей: за паўгода хочам ахапіць рускамоўных карыстальнікаў у Польшчы, за яшчэ паўгода — польскамоўных карыстальнікаў, а далей паціху развівацца на ўсю Еўропу.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.