150 старонак глянцу пра беларускую музыку: адкрыўся перадзаказ на новы часопіс «КЛІК»

Фота: klik.music

Медыя «КЛІК» выпускае аднайменны глянцавы часопіс пра беларускую музыку. Цяпер адкрыты перадзаказ на першы нумар, на вокладцы якога размешчаны мінскі cold-wave гурт Dlina Volny.

Фота: klik.music

«Мы сабралі тры гады працы рэдакцыі «КЛІК» пад адной вокладкай і стварылі глянцавы часопіс пра беларускую музыку. У нумар трапілі нашыя любімыя інтэрв’ю з музыкантамі, артыкулы і аўтарскія калонкі пра лакальную сцэну», — гаворыцца ў анонсе.

Часопіс будзе цалкам на беларускай мове. Сярод герояў першага нумара — Лайтовы, SOYUZ, Ян Клапоцкі, Domsun ды іншыя. Як пазначаецца ў анонсе, усяго атрымалася каля 150 старонак «чыстага глянцу і стылю».

Фота: klik.music

Наклад абмежаваны — у продаж паступіць толькі 150 асобнікаў. Рэдакцыя дашле замовы цягам 90 дзён у любую краіну са спісу, даступнага пры афармленні. Кошт нумара без уліку дастаўкі — 90,00 BYN (€25,00).

Заснавальнік «КЛІК» Мікіта Абрамчык патлумачыў, навошта выдаваць папяровы часопіс у 2026 годзе:

«Прычын насамрэч шмат — ад жадання ўмацаваць сувязь з кам’юніці і зрабіць нешта фізічнае, што хочацца захаваць, да спробы стварыць прадукт, які зможа сам сябе акупляць. Плюс хацелася закрыць даволі відавочны гэп, бо ў Беларусі дагэтуль фактычна не было глянцавага часопіса, цалкам прысвечанага беларускай музыцы. Людзі вяртаюцца да вінілу, дыскаў і іншых фізічных носьбітаў, таму нам здаецца, што часопіс цалкам можа трапіць у гэтую ж скарбонку».

Фота: klik.music

Што да эканомікі праекта, то, па словах Мікіты, продажы патэнцыйна пакрыюць выдаткі на друк, а таксама рэдакцыя паспрабуе прадаваць рэкламу ў часопісе — гэта дасць шанец «выйсці ў поўную акупнасць».

Таксама ён дадаў, што лёс наступных нумароў наўпрост залежыць ад поспеху першага.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *