Як маладым беларусам зарабляць у Польшчы? У Варшаве пройдзе Форум беларускай моладзі

Форум беларускай моладзі пройдзе 10 кастрычніка 2026 года ў Варшаве. Будуць панэльныя дыскусіі ў некалькіх тэматычных кірунках, кірмаш вакансій і кар’еры, а таксама вячэрняя культурная праграма. «Справы» — суарганізатар і генеральны спонсар форуму.

«Галоўная мэта — дапамагчы маладым беларускам і беларусам больш паспяхова інтэгравацца ў польскі рынак працы, развіваць прафесійныя кампетэнцыі, ствараць уласны бізнес і адкрываць новыя магчымасці для эканамічнай самарэалізацыі».

Паводле арганізатараў, за апошнія гады ў Польшчу пераехалі дзясяткі тысяч маладых беларусаў. Сёння яны сутыкаюцца са складанымі выклікамі прафесійнай інтэграцыі — ад працаўладкавання на канкурэнтным еўрапейскім рынку да рэгістрацыі сваёй справы.

«Моладзь мае высокі прадпрымальніцкі патэнцыял, прафесійныя кампетэнцыі і матывацыю да росту. І мы хочам стварыць платформу, якая аб’яднае прадпрымальніц і прадпрымальнікаў, працадаўцаў, экспертак і экспертаў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дзеячак і дзеячоў культуры і саму моладзь».

Дыскусійная частка форуму сканцэнтруецца на эканамічным і прафесійным развіцці:

  1. Кар’ера і рынак працы ў Польшчы — спецыфіка працаўладкавання, запатрабаваныя навыкі і інструменты канкурэнцыі на лакальным рынку.
  2. Прадпрымальніцтва і стварэнне ўласнага бізнесу — практыка адкрыцця справы, юрыдычныя і фінансавыя нюансы вядзення бізнесу ў Польшчы.
  3. Адукацыйныя праграмы, міжнародныя абмены і новыя магчымасці — прафесійны апгрэйд і перападрыхтоўка.
  4. Грамадзянская супольнасць і дзейнасць НДА — праца ў некамерцыйным сектары і развіццё ініцыятыў.
  5. Культура і крэатыўныя індустрыі як інструменты прафесійнай рэалізацыі — манетызацыя творчых праектаў.

Блокі пройдуць у фармаце панэльных дыскусій: 30–40 хвілін экспертнага абмеркавання і 10–15 хвілін інтэрактыўнай сесіі пытанняў і адказаў з залай.

Форум не абмяжуецца толькі выступамі са сцэны — арганізатары запланавалі некалькі інструментаў для знаёмстваў, пошуку працы і наладжвання сувязяў:

  • Кірмаш вакансій і кар’еры, а таксама будзе спецыяльная інфармацыйная дошка з актуальнымі вакансіямі і стажыроўкамі.
  • Выставачная прастора для прэзентацыі кампаній, бізнес-ініцыятыў і арганізацый.
  • Сесіі нетворкінгу для наладжвання прамых сувязей паміж моладдзю, працадаўцамі і патэнцыйнымі партнёрамі;
  • Вечаровая культурная праграма для нефармальных зносін.

Неўзабаве будзе аб’яўлены спіс спікераў Форуму беларускай моладзі — сачыце за навінамі ў сацыяльных сетках праекта:

«Форум дасць практычныя веды пра пабудову кар’еры і стварэнне бізнесу ў Польшчы, пашырыць прафесійную сетку кантактаў, наладзіць сувязі з працадаўцамі і патэнцыяльнымі партнёркамі і партнёрамі, а таксама павысіць узровень эканамічнай незалежнасці беларускай моладзі. Таксама разлічваем, што мерапрыемства станоўча паўплывае на будучы ўклад у развіццё дэмакратычнай Беларусі».

Удзел у форуме бясплатны і адкрыты для маладых беларусак і беларусаў, якія жывуць у Польшчы (найперш у Варшаве) — рэгістрацыя праходзіць тут.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *