«Шукаю рэчы, якім можна падарыць другое жыццё». Заснавальнік «Кармы» адкрыў у Варшаве кавярню з антыкварыятам

Заснавальнік вядомага бара «Карма» Глеб Кавалёў запусціў у Варшаве новы гастранамічны праект — кавярню The Hermit. У адкрыццё было ўкладзена каля €55 тысяч, а суўласнікамі сталі 12 чалавек. Пра новую ўстанову расказвае «Наша Ніва».
Кавярня размясцілася ў цэнтры польскай сталіцы на вуліцы Макатоўскай, 62 — як кажа Глеб Кавалёў, пошук лакацыі заняў чатыры месяцы.

The Hermit адрозніваецца ад папярэдніх праектаў рэстаратара. Новая кропка працуе ў фармаце кавярні са сняданкамі цягам усяго дня.
Напярэдадні дзесяцігоддзя брэнда «Карма» (з улікам мінскага перыяду) каманда вырашыла паспрабаваць нешта новае — дзённы праект з графікам «дзень-вечар», які не будзе ствараць канкурэнцыю сваім жа начным установам.

Яшчэ адна адметнасць The Hermit — вінтажныя рэчы з розных краін у інтэр’еры: вырабы з парцаляны (вазы, папяльніцы, талеркі, свечнікі), а таксама партманэ, флягі і шахматы. Гэта ўсё не толькі ўпрыгожвае кавярню, але і прадаецца.
«The Hermit — гэта кавярня з невялікай кухняй і невялікім магазінам вінтажу і антыкварыяту ўнутры», — характарызуе канцэпцыю Глеб Кавалёў.

Сваю цікавасць да антыкварыяту і яго пошуку прадпрымальнік тлумачыць асабістым захапленнем: ён яшчэ ў дзяцінстве назіраў за дзядзькам і цёткай, якія збіралі падобныя калекцыі. Але калі жыў у Беларусі, то не меў шмат магчымасцей ездзіць па еўрапейскіх барахолках. Пасля пераезду ў Польшчу Глеб Кавалёў стаў збіраць калекцыю вінтажных барных рэчаў і шэйкераў.
«Я шмат падарожнічаю, і ў кожным падарожжы ўключаю ў план схадзіць на вялікую барахолку, зайсці ў розныя вінтажныя крамы, камісіёнкі. Так шукаю рэчы, якім можна падарыць другое жыццё, каб яны маглі выкарыстоўвацца зноў».

На адкрыццё The Hermit сышло 240 тысяч злотых (каля 55 тысяч еўра), а сузаснавальнікамі кавярні з’яўляюцца 12 чалавек — палова з іх беларусы, а другая — украінцы.
Як кажа Глеб Кавалёў, большасць партнёраў The Hermit не ўдзельнічае ў яго іншых гастранамічных праектах.
«Мне падабаецца гэтая сістэма, яна будуе такую дэмакратыю, у якой мы ніколі не жылі ў Беларусі, і яна дазваляе не рызыкаваць вялікай колькасцю грошай аднаго канкрэтнага чалавека. Мы ж ведаем, што заўсёды штосьці можа не атрымацца і праект не стане прыбытковым».
Таксама прадпрымальнік адзначае, што ў любы час на месцы працуе прынамсі адзін з уласнікаў.

Кавярня The Hermit, у адрозненне ад іншых гастранамічных праектаў, першапачаткова арыентавана на мясцовую польскую аўдыторыю. Такі падыход Глеб тлумачыць тым, што ў іх ужо добра атрымліваецца інтэгравацца ў варшаўскае начное і вячэрняе жыццё.
«Да нас прыходзіць і шмат палякаў. Мы робім розныя івенты, супольныя імпрэзы з усімі. Да нас звычайна ўсё яшчэ прыходзіць шмат украінцаў і беларусаў, хапае студэнтаў, якія вучацца па Erasmus, таксама да нас прыходзіць шмат турыстаў. Карацей, справы ідуць рэальна добра», — кажа бізнесмен.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.