«Кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам Беларусі, мусіць удзельнічаць у беларускіх справах»: €20 тысяч сабралі магістраты на фінансаванне цікавых праектаў

Сто чалавек штомесяц скідваюцца па $10 — і ўжо маюць тысячу, за якую можна наняць спецыяліста для рэалізацыі патрэбных супольнасці ідэй. З такой простай арыфметыкі пачалася гісторыя «Беларускіх магістратаў» — праекта, які аб’ядноўвае беларусаў вакол супольнага фінансавання кнігавыдавецтва, адукацыі і медыя.
Сёння ў трох магістратах удзельнічаюць больш за сто чалавек, а сярод інструментаў падтрымкі ёсць нават беспрацэнтныя пазыкі. У інтэрв’ю spravy.io гісторык, культурны менеджар і стваральнік праекта Цімох Акудовіч расказаў, якім чынам працуюць магістраты і як невялікія ўнёскі беларусаў могуць з часам ператварыцца ў стабільны фінансавы рэсурс для беларускіх праектаў.

Як аб’яднаць аўтараў ідэй з тымі, хто гатовы іх падтрымліваць?
Ідэя магістратаў нарадзілася з асабістага досведу Цімоха Акудовіча ў грамадскім сектары. Ён шмат гадоў займаўся ініцыятывамі, звязанымі з развіццём беларускіх супольнасцяў, але пасля 2020 года стаў больш увагі надаваць не толькі іх аб’яднанню, але і магчымасцям самастойна рэалізоўваць задумы.
— Эфектыўная супольнасць для існавання павінна мець нейкі рэсурс — не проста быць месцам, дзе збіраюцца прыемныя людзі, якія на валанцёрскай аснове нешта час ад часу робяць. Супольнасць грунтуецца на зразумелым рэсурсе, стратэгіі, устойлівасці, плане і шляху дзеянняў. Калі я пераехаў у Польшчу, то ў 2021 годзе бачыў, як існуюць беларускія супольнасці — усе натхнёныя, актыўныя, шмат цікавых ідэй. Убачыў і тое, з чым сутыкаўся ў многіх НДА ў Беларусі, у розных студэнцкіх і постстудэнцкіх супольнасцях: шмат добрых ідэй, а рэалізуюць іх два чалавекі, і іх на ўсё не хапае. Як і рэсурсаў для рэалізацыі.

Менавіта тады пачала афармляцца канцэпцыя супольнага фінансавання, калі ўдзельнікам не абавязкова асабіста займацца арганізацыяй праектаў — дастаткова аб’яднаць рэсурсы і знайсці людзей, якія будуць рабіць гэта прафесійна.
— З аднаго боку ёсць людзі, якія гатовыя праекты рэалізоўваць і гараць гэтым. А з іншага — людзі, якія не заўсёды маюць магчымасць нешта арганізоўваць, але гатовыя падтрымліваць цікавыя і карысныя ініцыятывы. Калі іх звязаць паміж сабой, то можна дасягнуць выніку. Гэта вельмі спрошчаная схема, але з гэтых ідэй нараджаўся праект. Тады і з’явілася слова «магістрат». Магістраты — гэта кіраўнічыя органы гарадоў, якія мелі самакіраванне паводле Магдэбургскага права. У Беларусі таксама было Магдэбургскае права, былі магістраты ў ратушах, якія займаліся рознымі кірункамі. Першапачаткова я думаў аб’ядноўваць людзей лакальна, у канкрэтным месцы, каб яны маглі бачыцца афлайн. Таму і прывязаў ідэю да гэтага вобраза еўрапейскага самакіравання.

З часам канцэпцыя змянілася: замест геаграфічных супольнасцяў пачалі ствараць тэматычныя ў анлайн-фармаце. Сёння існуюць кніжны, адукацыйны і медыйны магістраты — кожны з іх займаецца падтрымкай адпаведнай сферы.
— Цяперашні фармат правільней суадносіць з ідэяй еўрапейскіх кааператываў, якія з’явіліся ў XIX стагоддзі і да сёння вельмі моцна ўплываюць на эканоміку. Ад жыллёвых да вялікіх сацыяльных кааператываў — гэта вельмі моцны рэсурс нават у сучасным свеце. Па сваёй сутнасці магістраты — тыя ж кааператывы. Але хацелася, каб праект паўставаў з беларускім гістарычным адценнем, таму назва і сфармавалася вакол слова «магістраты».
За 50 еўра можна набыць 5 галасоў
У трох кірунках магістратаў сёння ўдзельнічаюць больш за сто чалавек. Пераважна з Польшчы і Літвы, але таксама з Германіі, Чэхіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША і шэрагу іншых краін.
У «Кніжным магістраце» — больш за 60 удзельнікаў, у адукацыйным — каля 35, у нядаўна створаным медыйным — каля дзесяці.
— Прынцып ва ўсіх магістратах адзін: людзі аб’ядноўваюцца вакол пэўнай сферы беларускіх спраў, каб на доўгатэрміновай аснове яе падтрымліваць. Удзельнікі рэгулярна пералічваюць грошы ў агульны фонд, а пасля раз на некалькі месяцаў разам праз галасаванне вырашаюць, на якія праекты ці ініцыятывы іх накіраваць. Хто перамог у галасаванні — атрымлівае падтрымку. Удзельнічаюць у магістратах розныя людзі: студэнты, пенсіянеры, айцішнікі, рабочыя. Мяркую, што касцяк складаюць тыя, хто так ці іначай звязаны з адпаведнай сферай. Напрыклад, у «Кніжным магістраце» ёсць людзі з кніжнай справы, якія вырашылі яшчэ і стаць спонсарамі. Мы не праводзілі глыбокага даследавання ўдзельнікаў, але мяркую, што айцішнікаў сярод нас найбольш.

Сума падпіскі вызначае вагу голасу чалавека пры выбары праектаў для фінансавання:
— Можна падпісацца на штомесячны данат ад €10 да €100 — любую суму ў гэтым прамежку, кратную дзесяці. Сэнс у тым, што адзін голас у магістраце падчас галасавання каштуе €10. Калі чалавек штомесяц ахвяруе €50, адпаведна, ён мае пяць галасоў падчас галасавання. Прасцей кажучы, грашовы ўнёсак уплывае на колькасць галасоў. Сёння «сярэдні чэк» ці сярэдні ўнёсак ад аднаго ўдзельніка — каля €20.
Калі ж справа датычыць унутранага кіравання, у магістратах дзейнічае іншае правіла: адзін чалавек — адзін голас незалежна ад памеру ўнёску.
— У кожнага напрамку ёсць свая іерархія і кіраўнік, якога выбіраем простым галасаваннем. Тут ужо не дзейнічаюць галасы ў адпаведнасці з унёскам: толькі адзін чалавек — адзін голас. Пры галасаванні за статутныя задачы ўнутры магістрата — таксама. Кіраўніка абіраем раз на год. Яшчэ ў «Кніжным магістраце» эксперыментуем: выбіраем рэвізора, які мусіць сачыць за фармальнай дзейнасцю кіраўніка і пры патрэбе праводзіць перавыбары — большасцю галасоў можна прыняць рашэнне пра перавыбары кіраўніка ў любы момант.

Дзякуючы такой канцэпцыі магістраты за час існавання змаглі сабраць каля €20 тысяч. Супольнасць устойлівая: як кажа Акудовіч, 95% удзельнікаў застаецца ў праекце праз год пасля далучэння. За ўвесь час пакінулі праект толькі 6–7 чалавек.
«Грошы будуць пастаянна круціцца»
Найбольш развітым сёння з’яўляецца «Кніжны магістрат» — першы тэматычны кірунак «Беларускіх магістратаў». За час яго працы праведзена пяць конкурсаў. З фінансавай дапамогай магістратаў выйшлі тры кнігі, яшчэ дзве рыхтуюцца да выдання. У гэтым кірунку было сабрана каля €17 тысяч.

Адным з галоўных вынікаў Цімох Акудовіч лічыць механізм беспрацэнтных пазык беларускім выдавецтвам. У адрозненне ад звычайнага даната, гэтыя грошы пасля выкарыстання вяртаюцца ў абарот і могуць фінансаваць новыя праекты.
— Самы сур’ёзны вынік — гэта сістэма пазык. Яна цікавая тым, што мы даём грошы, якія пазней нам вяртаюцца. Гэта прыносіць досыць немалую карысць для саміх выдавецтваў, для іх абаротнага капіталу. Пакуль выглядае, што гэта ўсім цікава і можам маштабаваць такі падыход. За такія пазыкі можна выдаць плюс адну-дзве кніжкі ў год, а пазней зноў падтрымліваць іншыя ініцыятывы. Гэта стварае ўплыў на рынак — і гэты вынік вельмі важны.
Цімох адзначае, што сёння такі канцэпт шмат у чым грунтуецца на асабістым даверы паміж арганізатарамі і атрымальнікамі фінансавання.
— У фармаце пазык у межах «Кніжнага магістрата» працавалі тройчы: выдалі дзве пазыкі выдавецтву Gutenberg Publisher на выданне кніг Аляксандра Карнаўха «Халодныя землі» і Марыям Петрасян «Дом, у якім…», а таксама адну — выдавецтву Bukinistka на выданне кнігі Кацярыны Оаро «У вас такі мілы акцэнт». Дзве з іх ужо вярнуліся, адну чакаем — яна была выдадзена нядаўна. Выпадкаў незвароту грошай не было. Пакуль ідэя магістратаў у сэнсе падбору заяўнікаў заключаецца ў тым, што мы самі да іх прыходзім — да тых, пра каго ведаем, што гэта дзейсныя, актыўныя арганізацыі, якія ўжо заявілі пра сябе і з’яўляюцца надзейнымі. Безумоўна, у нас ёсць базавая дакументацыя, але ўсё гэта будуецца на даверы паміж людзьмі, якія ведаюць адзін аднаго. Калі ў нас вырасце маштаб, відавочна, будзе крыху па-іншаму — з’явяцца менш вядомыя нам удзельнікі, з імі трэба будзе заключаць больш сур’ёзныя дамовы. Але пакуль мы на такім узроўні, дзе шмат дакументацыі, якая звычайна ўскладняе працэс, нам не патрабуецца. Ад гэтага прасцей і нам, і ўсім астатнім.

Паралельна магістрат эксперыментуе з іншымі формамі падтрымкі. Напрыклад, у «Кніжным магістраце» быў досвед фінансавання па-за конкурсам.
— Мы падтрымалі невялікую пробную ініцыятыву, у межах якой канкрэтны менеджар хадзіў па чытацкіх клубах, якіх цяпер даволі шмат у Польшчы. Там людзі збіраюцца, чытаюць кніжкі, а ён прыходзіў і расказваў там пра беларускія выданні, каб людзі на гэтых сустрэчах таксама чыталі і абмяркоўвалі сучасную беларускую літаратуру. Ідэя, на мой погляд, цікавая: чалавек адразу прыходзіў да зацікаўленай мэтавай аўдыторыі. Праект не выйграў асноўны конкурс — заняў другое месца. Але адзін з удзельнікаў сказаў: праект добры, давайце я асабіста дапамагу дафінансаваць. Мы дамовіліся, што дадатковымі данатамі ўнутры магістрата збяром палову сумы, а зацікаўлены ўдзельнік дасць яшчэ палову. На гэтыя грошы запусцілі праект. Сума была невялікая, але гэта быў добры прэцэдэнт. Разлічваю, што ў будучых магістратах гэтая функцыя будзе працаваць: ёсць асноўны конкурс, на які ты штомесяц кладзеш грошы, але заўсёды можна будзе сабрацца, скінуцца і падтрымаць праект другога, трэцяга ці чацвёртага месца — проста таму, што ён спадабаўся.
Магістраты больш ахвотна падтрымліваюць сістэмныя праекты
Якія праекты перамагаюць у конкурсе? А якія маюць меншы шанец? Цімох Акудовіч кажа, што ўсё залежыць ад спецыфікі канкрэтнага кірунку магістратаў:
— Нягледзячы на тое, што, напрыклад, «Кніжны магістрат» падтрымлівае беларускае кнігавыдавецтва, не ўсе прапановы аб выданні кніг знаходзяць фінансаванне. Калі гаворка вядзецца не пра фармат пазык, а пра падтрымку без вяртання грошай, то ўдзельнікаў-донараў больш цікавяць ініцыятывы, якія здольныя паўплываць на развіццё рынку ў цэлым. Напрыклад, адной з самых паспяховых была падтрымка выдавецтва «Янушкевіч», калі яно толькі пераехала ў Польшчу — у асобным зборы каля трохсот чалавек дапамагалі выдавецтву станавіцца на ногі сваімі фінансамі. Але часам нам прыносяць ідэі проста падтрымаць канкрэтную кнігу. І гэта не заўсёды спрацоўвае, таму што незразумела, як ад гэтага мы развіваем кніжны рынак. Асобная кніга — і ўсё. Таму такія прапановы значна горш глядзяцца.

Іншая сітуацыя ў «Адукацыйным магістраце». Тут удзельнікі аддаюць перавагу праектам, звязаным з сістэмным навучаннем дзяцей. Ініцыятывы пазашкольнай адукацыі пакуль атрымліваюць менш падтрымкі.
— У «Адукацыйным магістраце», відавочна, лепей заходзяць праекты, якія звязаныя з фармальнай адукацыяй: урокі (няважна, анлайн ці афлайн), стварэнне нейкай школкі. Летась завяршыўся магістрат «Беларуская школа ў Варшаве», які дзейнічаў 9 месяцаў. Школа, дзе магістраты былі аднымі са спонсараў, шмат зрабіла за гэты час: запусціла новыя курсы анлайн і афлайн, стварыла школьны часопіс «Буслянка», падтрымала настаўнікаў. А вось прайграюць найчасцей прапановы ў галіне пазашкольнай адукацыі: гульні, забавы, гурткі. Пакуль у «Адукацыйным магістраце» сабраліся людзі, якім цікавей уплываць на фармальную адукацыю дзяцей. Таму не былі падтрыманыя ідэі летнікаў, настольных гульняў, розных гурткоў.

На думку Цімоха Акудовіча, найбольш складанае ў адукацыйным кірунку — знайсці баланс паміж неабходнасцю фінансавання сацыяльных праектаў і жаданнем стварыць устойлівую эканамічную мадэль.
— У «Кніжным магістраце» прасцей ацэньваць праекты з пункту гледжання развіцця рынку. Можам падтрымаць тых, хто развівае кніжную справу, імкнецца да самаакупнасці і хоча працаваць самастойна. У «Адукацыйным магістраце» ўсё больш складана. Там, перш за ўсё, стаіць задача даць беларускім дзецям магчымасць вучыцца. Нам хацелася б знаходзіць праекты, якія з дапамогай нашых грошай змогуць зрабіць рэкламу, прыцягнуць больш вучняў і пасля вярнуць сродкі магістрату. Шукаем такія мадэлі, але разумеем, што яны падыходзяць не ўсім, бо адукацыя — гэта не толькі бізнес, у ёй ёсць вельмі важны сацыяльны складнік. Бываюць сітуацыі, калі важна проста прафінансаваць навучанне дзяцей, нават калі гэтыя грошы не вернуцца. І такая падтрымка таксама мае сэнс.

Самы малады магістрат — медыйны — пакуль знаходзіцца на самым пачатку развіцця. У ім каля дзесяці ўдзельнікаў, і конкурсаў на падтрымку праектаў яшчэ не праводзілася.
Хто кіруе грашыма?
Па выніках рэалізацыі праектаў іх кіраўнікі падаюць справаздачы, якія публікуюцца ва ўнутраных чатах і абмяркоўваюцца ўдзельнікамі. Разам з тым магістраты паступова пераходзяць да больш фармалізаванай сістэмы:
— На сёння складанай дакументацыі ў нас няма. Толькі просім справаздачу ад кіраўнікоў і публікуем яе ў агульным чаце. Усе могуць азнаёміцца з ёй і абмеркаваць, ці ўдаўся праект. Разумеем, што з ростам колькасці ўдзельнікаў трэба паступова выбудоўваць больш сур’ёзную сістэму ацэнкі. У нас ужо распрацаваныя рэгламенты конкурсаў, формы заявак і справаздач. Наступны конкурс будзе крыху больш сур’ёзны. Будзем нарошчваць унутраную экспертызу, каб разумець, чаго мы хочам, якіх вынікаў чакаем і што значыць прыняць справаздачу.

Арганізацыйна магістраты не з’яўляюцца самастойнымі юрыдычнымі асобамі. Фінансавым партнёрам выступае Беларуская Рада культуры, на рахунку якой збіраюцца сродкі ўдзельнікаў і праз якую адбываецца фінансаванне праектаў.
— Наш фіскальны партнёр, і не толькі фіскальны, — гэта Беларуская Рада культуры. На яе асобным рахунку збіраюцца ўсе грошы магістратаў, і рада арганізуе выплаты. У магістратах 10% бюджэту прызначаецца для адміністрацыйных патрэб. Пакуль гэта пакрывае аплату сэрвісаў, унутраныя патрэбы. Такіх грошай мала, гэта, відавочна, мінімальная сума. Таму дзякуючы Беларускай Радзе культуры, якая з’яўляецца патронам нашай ініцыятывы, часам прыходзяць невялікія гранты, на якія мы можам развівацца.
Грошы беларусаў аднойчы павінны стаць базавымі для беларускіх праектаў
Пакуль стратэгічная задача для арганізатараў — пашыраць кола ўдзельнікаў. Раней большая частка людзей далучалася праз асабістыя знаёмствы, цяпер падыходы змяняюцца, а далучыцца можна праз сайт — belmahistrat.eu.

— Дагэтуль людзі найчасцей далучаліся праз мой асабісты Facebook. Я расказваў пра ідэю сваімі словамі, і прыходзілі тыя, каму яна была блізкая. Пазней — праз наш Instagram. Для пачатку гэта працавала, але цяпер намагаемся выходзіць за межы кола маіх падпісчыкаў. Таму зрабілі сайт, дзе можна прачытаць, як працуюць магістраты, паглядзець, якія праекты яны падтрымалі, і пакінуць заяўку на ўдзел. У форме просім пазначыць сацсеткі, каб пераканацца, што заяўку падаў рэальны чалавек. Пасля прадстаўнік магістрата звязваецца з заяўнікам, а ўжо далей удзел адбываецца ананімна.

Цімох Акудовіч падкрэслівае, што з меркаванняў бяспекі не прымаюцца людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, і не фінансуюцца праекты ўнутры краіны.
— Цяпер нам важна, каб пра магістраты расказваў не толькі я, але і самі ўдзельнікі. Хочам тлумачыць гэтую мадэль на сустрэчах і праз сайт, бо лічым, што кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам Беларусі, мусіць так ці інакш удзельнічаць у беларускіх справах. Самы просты спосаб — рэгулярна ахвяраваць суму, якую можна сабе дазволіць. Каб развіваць беларускую справу, удзельніку не трэба самому кіраваць праектамі: дастаткова падпісацца на ўнёсак і раз на пару месяцаў прагаласаваць, куды накіраваць агульныя грошы. І нават пры такім асабістым удзеле ўжо можна ўплываць на развіццё цэлай сферы.

Сёння магістраты фінансуюць пераважна невялікія праекты. Цімох Акудовіч прызнае, што пры бюджэтах парадку тысячы еўра складана падтрымліваць нешта маштабнае. Але, на яго думку, нават такія сродкі могуць мець заўважны ўплыў, калі выкарыстоўваць іх сістэмна. У доўгатэрміновай перспектыве ён хацеў бы, каб магістраты сталі адной з асноўных крыніц фінансавання беларускіх ініцыятыў.
— Хоць цяпер і не можам падтрымліваць буйныя праекты, але нашая перавага ў тым, што мы зрабілі фармат, які можна маштабаваць. З цягам часу далучаецца ўсё больш людзей да падтрымкі праектаў, некаторыя людзі ўдзельнічаюць у некалькіх магістратах адначасова. Гэта фарміруе ў людзей салідарнасць, адказнасць за беларускія справы па ўсім свеце, а таксама ўменне эфектыўна інвеставаць сабраныя грошы. Важна, што гэтыя грошы працуюць на беларускія праекты — яны могуць стаць добрым дадаткам да фінансавання з боку бізнесу, донараў, міжнародных ці еўрапейскіх інстытуцый.

Акудовіч лічыць, што галоўная асаблівасць такой падтрымкі — гэта грошы ад саміх беларусаў і для беларусаў.
— У гэтым сэнсе, калі справа вырасце, менавіта грошы ад магістратаў павінны станавіцца базавым рэсурсам: калі ствараецца новая важная сацыяльная ініцыятыва, яе кіраўнік спачатку можа прыйсці да магістратаў, атрымаць базавую падтрымку, а ўжо пазней шукаць фінансаванне ў розных фондах. Будуем механізм, які па-свойму ўнікальны. У нас ужо ёсць зразумелая механіка, як запусціць магістрат па любой беларускай тэме: сабраць людзей і нешта рабіць. Хай сабе ў межах тысячы еўра ў месяц — але гэта 12 тысяч за год. Для невялікіх праектаў гэта добрыя грошы.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.