Беларусак, якія хочуць знайсці або змяніць працу, запрашаюць на бясплатную анлайн-праграму

Выява: t.me/weplatform_org

Адукацыйная платформа WE Platform адкрыла набор на бясплатную анлайн-праграму We Grow. Праект дапаможа беларускам у любой краіне свету змяніць працу ці прафесію, вярнуцца ў прафесію пасля доўгага перапынку або перайсці на фрыланс.

Навучанне стартуе ў снежні. Заяўкі на ўдзел каманда прымае да 03.12.2026 ўключна.

Праграма We Grow разлічана на спецыялістак, якія сутыкаюцца са складанасцямі ў пошуку працы, беспаспяхова адгукаюцца на вакансіі або не ведаюць, з чаго пачаць кар’ерныя змены.

«Кар’ерны шлях рэдка бывае прамым: змяняюцца абставіны, рынак, інтарэсы. Часам даводзіцца пачаць нанова, але ўжо з досведам і разуменнем, чаго хочаш», — адзначаюць арганізатары.

Выява створана штучным інтэлектам

Удзельніц чакае шэсць вебінараў:

  • 8 снежня, «Навігацыя па рынку працы і пошук вакансій» — HRD у Smart IT, кар’ерная кансультантка з больш як 10-гадовым досведам, Co-mother HR-кам’юніці HRen і Owner праекта Hiring Avengers Аляксандра Хільмановіч раскажа, як за адзін вечар ацаніць попыт і заробкі, правільна адклікацца на вакансіі і выкарыстоўваць штучны інтэлект для аналітыкі рынку без рызыкі трапіць на выдуманыя лічбы.
  • 15 снежня, «Перазборка досведу і кар’ерны разварот» — People Partner у сферы Tech, кансультантка па камунікацыі і развіцці, ICF-коўч Юлія Шыбалка дапаможа правесці інвентарызацыю навыкаў, ацаніць запатрабаванасць досведу і сфармуляваць некалькі кар’ерных гіпотэз.
  • 12 студзеня, «Падрыхтоўка CV і інтэрв’ю» — HR BP у RedCore з больш як 7-гадовым стажам і аўтарка Telegram-канала «Наймемся-разберемся» Аліна Бандарэнка раскажа пра структуру рэзюмэ, працу з ключавымі словамі, адаптацыю CV з дапамогай ШІ і праходжанне інтэрв’ю.
  • 26 студзеня, «Праца на фрылансе» — кар’ерная кансультантка, ментарка і спецыялістка па алгарытмах LinkedIn Лена Коцур-Кацяк, якая дапамагла з пазіцыянаваннем больш як 600 спецыялістам, растлумачыць, як падрыхтавацца да пераходу на фрыланс, даследаваць рынак і знайсці кліентаў.
  • 9 лютага, «LinkedIn для працы і пошуку кліентаў» — Лена Коцур-Кацяк навучыць наладжваць профіль у прафесійных мэтах і выкарыстоўваць алгарытмы сацсеткі. Бо 70% менеджараў па найме лічаць моцны асабісты брэнд у LinkedIn важнейшым за добрае рэзюмэ, а сама платформа генеруе на 277% больш лідаў, чым Facebook і X, і прыносіць 80% B2B-лідаў.
  • 23 лютага, «Асабісты брэнд» — экспертка па стратэгічным брэндынгу і камунікацыях з больш чым 10-гадовым досведам працы з міжнароднымі кампаніямі (Flo Health, Wargaming, Promova) і заснавальніца Brand & Communications Studio Алёна Козуб раскажа, як вылучыцца ў сваёй сферы, каб працадаўцы і кліенты самі знаходзілі спецыялістку.

Заняткі будуць праходзіць па аўторках двойчы на месяц а 20:00 па мінскім часе. Можна далучацца да жывых эфіраў, каб задаць пытанні спікеркам, або глядзець сустрэчы ў запісе.

Выява: weplatform.org

Каб патрапіць на курс, трэба запоўніць анкету да 3 снежня ўключна. 4 снежня арганізатары паведамяць вынікі адбору. Удзельніцы, якія пройдуць на праграму, атрымаюць запрашэнне ў закрыты чат з запісамі вебінараў, дадатковымі матэрыяламі спікерак і невялікімі заданнямі.

Тых, хто паглядзіць не менш за чатыры вебінары ў жывым эфіры або запісе, чакаюць бонусы: магчымасць папрацаваць над рэальнымі задачамі розных праектаў разам з ментаркамі для ўзмацнення партфоліа і атрымаць бясплатныя індывідуальныя кансультацыі да экспертак.

Акрамя таго, перад стартам праграмы, 23 лістапада, каманда правядзе міні-канферэнцыю пра кар’еру We Grow Day. Эксперткі прэзентуюць курс і выступяць з дакладамі пра LinkedIn, выкарыстанне ШІ для пошуку працы і кар’еру ў эпоху перамен.

Адзін каментар

  1. Проработала 36 лет учителем химии в столичных школах и гимназии. Вынуждена была переехать. Теперь в Варшаве.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *