«Яшчэ пазмагаемся за Прагу». Сузаснавальнік Beer Station распавёў пра кошт закрыцця бара ў Варшаве

У варшаўскім раёне Прага з 22 кастрычніка спыніў працу беларускі бар Beer Station Praga. Гэта ўжо другая кропка сеткі ў гэтым раёне, якую ўладальнікі вымушаныя закрыць праз канфлікты з суседзямі.
Адзін з заснавальнікаў бара Андрэй Альшэўскі спецыяльна для spravy.io расказвае, колькі бізнесу можа каштаваць раптоўнае закрыццё, чаму так прынцыпова захаваць прысутнасць менавіта ў гэтай частцы Варшавы і навошта ў новым бары сеткі вырашылі не абмяжоўвацца толькі дранікамі.

«Два чалавекі падначваюць усіх»
У сацсетках уладальнікі назвалі прычынай закрыцця кропкі на Замбкоўскай, 5 праблемы з суседзямі. Як тлумачыць Андрэй Альшэўскі, канфлікт закрануў ключавое для працы бара пытанне — падаўжэнне ліцэнзіі на продаж алкаголю. Без яе трымаць вялікае памяшканне пад грамадскае харчаванне немэтазгодна. Па словах заснавальніка, працэдура ўзгаднення з жыхарамі дома прайшла з парушэннямі:
— Мы рабілі запыт, каб жыхары дома прагаласавалі за дазвол на продаж алкаголю. Але на сходзе гэтую тэму нават не закранулі, а нас і ўласніцу памяшкання наогул не запрасілі. Яна праз юрыста растлумачыла, што гэта неправамерна і галасаванне ўсё ж павінна адбыцца. Цяпер яго чакаем і просім арганізаваць анлайн-сустрэчу з уладальнікамі кватэр. Хочам пагаварыць і растлумачыць, што не плануем ніякіх беспарадкаў і гатовыя да супрацы.
Пытанні праз шум узнікалі і раней, але ўласнікі бара адрэагавалі адразу — зрабілі дадатковую гукаізаляцыю. Больш прэтэнзій не паступала, але сітуацыю пачалі нагнятаць асобныя суседзі:
— Старшыня праўлення сказаў, што ёсць два чалавекі, якія катэгарычна супраць бара і ўсіх падначваюць. А астатнім людзям або не хочацца звязвацца, або ўсё роўна.

Прэтэнзіі да шуму Андрэй лічыць надуманымі. Сама Замбкоўская — пешаходная і «імпрэзавая» вуліца. Але нават звычайная машына на брукаванцы грукоча мацней за гасцей установы.
Жыхары дагэтуль з насцярогай ставяцца да самога месца: да Beer Station тут працаваў гучны начны клуб, з уласніцай якога дом усё яшчэ судзіцца праз грошы.

На думку Андрэя, сваю ролю адыгралі і асаблівы характар самога раёна, і агульная напружанасць вакол тэмы мігрантаў:
— На сходзе самы актыўны праціўнік увесь час паўтараў: «У пана грошай шмат, справы ідуць добра, людзей поўна». Тлумачылі, што гэта не нейкія лішнія грошы, а звычайная праца. Адчуваецца чалавечая зайздрасць і нейкая азлобленасць з-за таго, што тут адкрываюць бізнес украінцы і беларусы. Мне здаецца, гэта цяпер усплывае ў Польшчы — стаўленне становіцца крыху горшым.

Заснавальнік Beer Station дадае, што Прага — асаблівы раён Варшавы, нібы «асобная дзяржава»:
— Магчыма, па старой звычцы некаторыя тут дагэтуль жывуць «па паняццях». Раней гэта быў даволі крымінальны раён — мне многія расказвалі, што яшчэ гадоў 15–20 таму сюды нават паліцыя баялася прыязджаць.
Для сеткі гэта ўжо другі падобны выпадак у гэтым раёне. Першы Beer Station адкрыўся ў снежні 2019 года на вуліцы Кемпнай, 15. Ён стаў папулярным месцам сустрэч беларускай дыяспары, але ў лістападзе 2023 года закрыўся паводле такога ж сцэнарыя. Жыхарам не падабаліся шум і курэнне. Яны прагаласавалі супраць падаўжэння ліцэнзіі на алкаголь, пасля чаго каманда і пераехала на Замбкоўскую.

«Мінулы пераезд быў проста кашмар»
Спыненне працы ўстановы цягне за сабой шмат незапланаваных выдаткаў. Паводле слоў Андрэя Альшэўскага, толькі арэнда памяшкання на Замбкоўскай абыходзіцца ў 20 тысяч злотых у месяц, і плаціць іх давядзецца нават за пустыя сцены:
— Дамовы на арэнду звычайна падпісваюцца на пэўны тэрмін. Калі не дапрацоўваеш гэты час, паводле кантракта ўсё роўна павінен плаціць. Мы ведалі, што заканчваецца ліцэнзія на продаж алкаголю, але спадзяваліся, што ўсё ж атрымаем яе. У выніку ў нас яшчэ на паўтара-два гады падпісаная дамова, па якой трэба разлічвацца. Дзе ўзяць грошы, калі памяшканне не прыносіць бізнесу ніякага даходу?

Акрамя арэнды, застаюцца доўгатэрміновыя кантракты з падрадчыкамі — напрыклад, з інтэрнэт-правайдарамі, якія выстаўляюць штрафы за датэрміновае скасаванне дамовы. З уласнага досведу заснавальнік выводзіць галоўнае правіла для тых, хто адкрывае ўстанову ў Польшчы:
— Гэта асноўная памылка і галоўны боль: калі падпісваеш дамову, трэба старацца заключаць яе на нявызначаны тэрмін — з магчымасцю скасаваць кантракт, папярэдзіўшы за месяц.
Калі ж гаворка заходзіць пра пераезд на новае месца, выдаткі вымяраюцца сотнямі тысяч злотых. На прыкладзе мінулага пераезду з Кемпнай Андрэй прыводзіць прыблізны каштарыс:
— Дэмантаж абсталявання на старым месцы каштуе каля 10 тысяч злотых. Мантаж піўной сістэмы з заменай усіх трубак на новай кропцы — яшчэ каля 30 тысяч. Далей ідзе рамонт: нават для невялікага памяшкання гэта ад 100 тысяч злотых і больш.

Да гэтага дадаюцца выдаткі праз юрыдычныя фармальнасці і вусныя дамоўленасці. Пасля закрыцця першага бара на Кемпнай каманда сутыкнулася з жорсткім спагнаннем даўгоў:
— Тады мы павінны былі плаціць арэнду яшчэ каля дзесяці месяцаў. Сустрэліся з уласнікам памяшкання, пагаварылі, літаральна ўдарылі па руках і вырашылі, што ўсё добра. Але потым ён падаў на нас у суд за нявыплату. У выніку прыйшоў судовы выканаўца і спісаў усе грошы з рахунку — больш за 120 тысяч злотых.

Такая ж гісторыя здарылася з электрычнасцю:
— Не змаглі своечасова перааформіць лічыльнікі. Пастаўшчык выставіў рахунак на 60 тысяч злотых і таксама спагнаў гэтыя грошы праз суд. Да таго ж, калі пераязджаеш у новае памяшканне, трэба заплаціць заклад за тры месяцы. Гэта быў проста кашмар — пасыпалася з усіх бакоў.

«Прага — гэта прынцыпова»
Цяпер каманда Beer Station працягвае змагацца за захаванне кропкі на Замбкоўскай. Наперадзе сустрэчы і новае галасаванне, на якім стваральнікі маюць моцныя аргументы:
— Пад што яшчэ можна выкарыстоўваць такое вялікае памяшканне? Каля 200 квадратных метраў, два паверхі, і знаходзіцца на імпрэзавай вуліцы — яно проста не падыдзе ні пад што іншае, акрамя гастраноміі. А гэта часта прадугледжвае продаж алкаголю. Без яго гэтае вялізнае памяшканне будзе проста прастойваць. Да таго ж кропка была рэнтабельнай і нармальна працавала. Калі мы сыдзем, прыйдзе хтосьці іншы. Мы ўжо зрабілі дадатковую гукаізаляцыю, навялі парадак і хочам быць нармальнымі суседзямі.

Прысутнасць на Празе мае для стваральнікаў прынцыповае значэнне. Па-першае, з гэтай часткі Варшавы праект пачынаўся. Па-другое, гэта адзіны раён па той бок Віслы са старымі аўтэнтычнымі дамамі і асаблівым каларытам, дзе яшчэ памятаюць крымінальнае мінулае і дзе пасля будаўніцтва вакзала пачалося добраўпарадкаванне. А дзякуючы пешаходнаму мосту і прамой вуліцы да плошчы Канэсэра на Замбкоўскую прыходзіла нават больш польскіх кліентаў, чым рускамоўных, плюс турысты.
— Яшчэ пазмагаемся за гэтую кропку, — рэзюмуе Андрэй. — З Прагі ўсё пачыналася, тут наша публіка, напрацаваная за шэсць гадоў. Нам важна захаваць сваю прысутнасць менавіта тут.

Новы бар — асобны будынак і безалкагольнае піва ў меню
Пакуль ідзе барацьба за кропку ў раёне Прага, сетка працягвае развівацца ў іншых частках горада. Цяпер у Варшаве працуюць тры бары Beer Station: на Львоўскай, 17, у раёне Воля на Вольскай, 89, а таксама новая кропка ў самым цэнтры — на вуліцы Журавія, 22.

Новы бар на Журавіі знаходзіцца ў асобным будынку, таму каманда не чакае праблем з суседзямі. Гэта ўтульная пляцоўка з добрым гукам, дзе ладзяцца канцэрты і мерапрыемствы. Тут ужо выступалі Лявон Вольскі і Аляксандр Памідораў — апошні быў вельмі ўражаны гукам і колькасцю людзей.

— «Красная Зелень» будзе ў нас пазней. Польскі стэндап, дарэчы, нам вельмі дапамог, таксама прыцягнуў публіку. Спрабуем розныя варыянты, каб раскруціць новую кропку, — кажа Андрэй.
Дні з выступамі, паводле слоў беларускага прадпрымальніка, забяспечваюць большую рэнтабельнасць:
— Людзі прыходзяць адпачыць на канцэрт і ўжо мэтанакіравана плануюць: вось вып’ем, канцэрт паглядзім, паядзім.

Дзякуючы прасторнай кухні каманда можа развярнуцца ў гастранамічным плане. Меню фірмовых дранікаў пашырылася, да іх дадалі новыя соусы.
— Цяпер гатуем папулярны ў палякаў гуляш. Акрамя гэтага, у меню з’явіліся агароднінныя стравы, крэветкі, мідыі, ну і працягваем падаваць класічныя піўныя закускі — нагетсы, курыныя крылцы, бульбу-фры.

Што да напояў, то, акрамя 12 кранаў з півам, тут можна замовіць віно і разнастайныя кактэйлі.
— Ёсць безалкагольнае піва і кактэйлі — калі хтосьці не любіць алкаголю. Думаю, кожны знойдзе тут штосьці сваё. Але галоўнае, дзеля чаго людзі ідуць у Beer Station, — гэта жывыя зносіны. І дзеля іх мы гатовыя змагацца за кожную кропку.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.