«Нельга ўзяць старую бізнес-мадэль і пераехаць у Еўропу». Беларуска дапамагае прадпрымальнікам адаптавацца ў Літве і ЕС

Наталля Цадроўская дапамагае іншым бізнесам маштабавацца і развівацца ў Літве і ЕС, а таксама развівае сваё рэкрутынгавае агенцтва — яго стварыла пасля шматлікіх просьбаў прадпрымальнікаў, якія не маглі знайсці патрэбных спецыялістаў і супрацоўнікаў.
Наталля апынулася ў Літве пасля іншых эміграцый: яшчэ ў 2013 годзе яна з’ехала з Беларусі ў Маскву, дзе пражыла дзевяць гадоў. Там выйшла замуж. Калі ў 2022 годзе пачалася вайна, то разам з сям’ёй пераехала ў Вільню.
Пра тое, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія прадпрымальнікі ў Еўропе і навошта рэгулярна збіраць бізнесменаў на сустрэчы, Наталля расказала «Справам».
«Слова „кансультантка” нібыта пра чалавека, які сам ніколі не працаваў»
— Пасля Масквы вы апынуліся ў Вільні. Чаму Літва?
— Я нарадзілася ў Беларусі, але за 60 кіламетраў ад Вільні. Тут з дакументамі было прасцей, бо мая бабуля нарадзілася на тэрыторыі Літвы. Я легалізавалася і змагла падумаць, што рабіць далей.
Тады, у 2022 годзе, усе спадзяваліся, што вайна не будзе доўгай. Але з часам прыйшло разуменне, што трэба распакоўваць валізкі і асядаць. Трэба жыць тут і цяпер, бо жыццё праходзіць, і ўвесь час чагосьці чакаць няправільна. Можа здарыцца як нешта добрае, так і, наадварот, нешта горшае.
— Як пачалі дапамагаць прадпрымальнікам?
— Пераехала сюды і пачала працаваць у некалькіх праектах — у тым ліку дапамагала жанчынам-прадпрымальніцам, якія пераехалі ў Літву і не разумелі, што рабіць далей. Бо людзі не ведалі мовы і не маглі працягваць сваё прафесійнае жыццё.

Тады ў нас сабралася 20 удзельніц. Былі псіхолаг і спецыяліст па цялеснай тэрапіі, а я была ментаркай. Праграма была распрацаваная так, каб дапамагчы жанчынам рухацца далей, нягледзячы на стрэс ад эміграцыі.
Шмат увагі надавалася прафарыентацыі: разам з жанчынамі мы шукалі, чым яны хочуць займацца далей. Хтосьці хацеў адкрыць уласны бізнес, хтосьці быў шчаслівы проста стаць часткай супольнасці.
Тады мы многім дапамаглі атрымаць арыенцір на будучыню. А для мяне ментарская праграма таксама стала штуршком.
— Чым вы зараз займаецеся?
— У мяне некалькі кірункаў: праводжу бізнес-сняданкі, бізнес-мерапрыемствы — гэта адукацыйны напрамак. Акрамя таго, маю праект па падборы супрацоўнікаў у аддзелы продажаў менавіта для кампаній, якія пераехалі ў Еўропу. Паколькі я сама шмат гадоў працавала ў продажах, то разумею, якія людзі патрэбныя ў гэтай сферы, хто будзе добра прадаваць, а хто — не вельмі.
— Вас можна назваць бізнес-кансультанткай?
— Па першай адукацыі я гісторык. Па другой — эканаміст, менеджар. У Маскве атрымала дыплом дырэктара па маркетынгу. Плюс пастаянна праходжу розныя курсы — напрыклад, па штучным інтэлекце. Лічу, што чалавек павінен пастаянна вучыцца. Асабліва сёння, калі ўсё так імкліва змяняецца.
Назваць мяне кансультанткай можна, хоць гэтае слова мне не вельмі падабаецца. Яно нібыта пра чалавека, які сам ніколі не працаваў, а проста начытаўся бізнес-літаратуры і цяпер усіх вучыць.

У мяне ўсё інакш: усё жыццё працавала ў бізнесе і займала кіраўнічыя пасады. Мае веды не толькі з кніг, яны заснаваныя на асабістым досведзе, і гэтым досведам дзялюся з іншымі.
— У чым палягае ваша праца?
— Напэўна, у лячэнні: трэба зразумець запыт кліента і дапамагчы яму дасягнуць выніку.
Часам прашу кліентаў пакінуць водгук пра супрацу, і тыя, хто не саромеецца, пішуць у маім LinkedIn. Але звярнуцца да мяне па кансультацыю — гэта амаль як пайсці да псіхолага: некаторыя саромеюцца прызнацца, што звяртаюцца па дапамогу.
Таму ў мяне з кожным прадпрымальнікам ёсць дамоўленасць: усё, што мы абмяркоўваем на сустрэчах, усе праблемы застануцца толькі паміж намі. Гэта як медыцынская таямніца. Толькі доктар лечыць цела, а я дапамагаю здароўю бізнесу.
«На сустрэчах людзі абменьваюцца досведам і атрымліваюць ідэі для бізнесу»
— Навошта праводзіце адукацыйныя сустрэчы для бізнесу?
— Бізнес-сняданкі я пачала рабіць са жніўня 2025 года — ужо адбылося больш за 40 сустрэч. Першапачаткова хацела была дапамагчы беларусам інтэграваць свой бізнес у еўрапейскую супольнасць.

Цяпер на сустрэчы запрашаю экспертаў, якія дзеляцца сваімі ведамі і досведам. Напрыклад, хтосьці ўмее добра развіваць продажы з дапамогай LinkedIn, хтосьці гатовы расказаць, як развіваць асабісты брэнд, хтосьці можа падзяліцца досведам выкарыстання розных інструментаў — хто што ўкараніў, у каго што атрымалася. Хтосьці расказвае пра стартапы.
На сустрэчах кожны прадпрымальнік можа не толькі задаць пытанне, але і агучыць сваю праблему, а мы разам будзем разбірацца, як яму дапамагчы.
Акрамя таго, на маіх сустрэчах прадпрымальнікі знаходзяць новых партнёраў, новых калег. І нават працу — бывае, прыходзяць фрылансеры, каб пашукаць заказы.
Гэтыя сустрэчы дапамагаюць людзям камунікаваць, знаходзіць новыя цікавыя ідэі, сувязі і магчымасці.
— Якія пляцоўкі вы выкарыстоўваеце для сваёй бізнес-супольнасці?
— У мяне ёсць спецыяльны чат у Telegram, у якім каля 200 чалавек — там з’яўляюцца ўсе анонсы. У сваім Instagram я таксама пастаянна пра ўсё расказваю.
— Хто гэтыя прадпрымальнікі, якія ўваходзяць у супольнасць?
— Я не гляджу ў пашпарт чалавека, для мяне гэта не важна. Мне важна толькі, каб мы падзялялі пэўныя каштоўнасці: рост, развіццё, бізнес.

Да нашай супольнасці могуць далучыцца ўсе. У асноўным гэта беларусы, але ёсць і людзі, якія прыехалі з Украіны, ёсць і мясцовыя літоўцы, якія таксама хочуць мець зносіны, развівацца, знаходзіць новых кліентаў і новыя магчымасці.
Мая місія — аб’ядноўваць людзей і дапамагаць ім.
— Які самы буйны бізнес у вашай супольнасці?
— У некаторых з удзельнікаў гадавы абарот складае некалькі мільёнаў еўра.
— Ці атрымліваецца зарабляць на сустрэчах?
— На гэтым дакладна не заробіш. У асноўным усе грошы ідуць на прасоўванне і рэкламу, каб як мага больш людзей прыходзіла на бізнес-сняданкі.
Сустрэчы з экспертамі раблю платнымі, бо яны прыносяць карысць, а гэта не можа быць бясплатным.
Нельга сказаць, што на любую маю дапамогу ёсць фіксаваны прайс. Калі чалавек звяртаецца па нейкую параду, магу дапамагчы і бясплатна.
Для мяне важны не толькі спосаб зарабляння грошай — для мяне важныя каштоўнасць і значнасць таго, што я раблю.
— Калі сустрэча платная, то колькі яна каштуе?
— Калі мы пра кансультацыю, то €150. Калі бізнес-сняданак, то €20. Стартап-сустрэчы — €10 ці бясплатна.
— Што матывуе прадпрымальнікаў прыходзіць на бізнес-сняданкі і майстармайнды, акрамя магчымасці паслухаць экспертаў?
— Па-першае, як ні круці, гэта веды. Так, цяпер многае можна спытаць у штучнага інтэлекту або пагугліць, але ў нас будзе структураваная інфармацыя, падмацаваная досведам.

Таму абмен досведам — гэта галоўная прычына. Зразумець, хто што робіць, якія памылкі дапускае, якія ёсць магчымасці для запуску бізнесу. У нас, напрыклад, быў бізнес-сняданак з падатковым кансультантам, які расказаў, якія існуюць падаткі і якую форму ўласнасці лепш выбраць.
Па-другое, на сустрэчах людзі атрымліваюць ідэі для бізнесу. Напрыклад, хтосьці звярнуў увагу на нейкую праблему, а іншы прыдумаў, як яе вырашыць, і зрабіў на гэтай ідэі бізнес. Інсайтаў вельмі шмат.
Удзельнікі часам знаходзяць партнёраў. Бо многія з нас пераехалі ў новую краіну, дзе няма ні сяброў, ні знаёмых. А бізнес-сняданкі вельмі дапамагаюць наладжваць і дзелавыя, і сяброўскія сувязі.
Многія сыходзяць з новымі сябрамі і сяброўкамі, да якіх потым можна звярнуцца па дапамогу.
У нашым чаце людзі таксама часта просяць парады або шукаюць патрэбных спецыялістаў.
— Я правільна разумею, што ўсе гэтыя мерапрыемствы толькі для прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў Літве?
— Паколькі яны праходзяць афлайн, то так. Усе яны адбываюцца ў Вільні. Але аднойчы на сустрэчу прыехаў прадпрымальнік з Польшчы.
Ён убачыў у маіх сацыяльных сетках, што шукаю чалавека, для якога хачу зрабіць разбор бізнесу. Адразу мне напісаў, што ў яго ёсць праект, і ён хацеў бы абмеркаваць з іншымі прадпрымальнікамі, узляціць гэты праект ці не, хацеў пачуць меркаванне з боку.

«Імігранту, які вядзе бізнес, важна разумець асаблівасці краіны»
— У беларускіх прадпрымальнікаў атрымліваецца інтэгравацца ў еўрапейскі або літоўскі рынак?
— Многія жывуць з перакананнем, што можна ўзяць старую бізнес-мадэль, пераехаць у Еўропу — і там усё таксама будзе працаваць. Але, на жаль, гэта не так.
У мяне быў кліент, які вёў паспяховы бізнес у Беларусі, але ў 2020 годзе яму давялося пераехаць. Спрабаваў працягваць бізнес тут, але па старой мадэлі ў яго нічога не атрымлівалася. Бо ў літоўскага рынку ёсць свая асаблівасць: літоўцы любяць купляць сваё, знаёмае. І тады знайшлося рашэнне: ён прыдумаў, як упакаваць сваю прапанову так, каб стаць бліжэйшым да літоўцаў, каб яны ўбачылі сябе ў гэтым прадукце. І гэта спрацавала, яго справы наладзіліся.

Часам трэба проста крыху пасядзець і разабрацца, як можна ўсё перабудаваць. Насамрэч гэта вельмі складана, але для гэтага, у тым ліку, існуюць розныя ментарскія праграмы. У канкрэтным выпадку можна ўзяць ментара з Літвы — для беларускай бізнес-дыяспары ёсць праграмы, як гэта зрабіць. Мясцовы чалавек правядзе праз усе працэсы, дапаможа, пазнаёміць з патрэбнымі людзьмі, раскажа, як усё працуе, пакажа на памылкі.
Так да мяне трапіў адзін прадпрымальнік: ён хацеў запусціць свой стартап, і я дзве гадзіны бясплатна яго кансультавала. Мне было крыху прасцей, чым яму: я ўжо чатыры гады жыла ў Літве, а ён пераехаў толькі паўгода таму.
Кожнаму імігранту, які вядзе бізнес, важна разумець асаблівасці краіны і яе рынку. І часцей за ўсё пра гэта можна даведацца ад тых, хто ўжо даўно тут жыве.
У Літве ёсць і беларусы, якія жывуць тут ужо 10-15 гадоў, ёсць вельмі адкрытыя літоўцы. У гэтым плане мне Літва падабаецца — тут вельмі шмат добрых людзей.
З таго часу, як я пераехала, не стамляюся захапляцца: як жа мне шанцуе на людзей! З якой бы праблемай я ні сутыкнулася, мне заўсёды дапамогуць і ўсё растлумачаць. Калі трэба, то і па-руску пракансультуюць.
Аднойчы ў мяне ўзнікла пытанне, як правільна падаваць інфармацыю па ПДВ. Я патэлефанавала ў падатковую, і супрацоўніца больш за гадзіну мне ўсё тлумачыла, літаральна разжоўвала. Ні ў Беларусі, ні ў Расіі я не сустракала такога з боку падатковай.
Тут стаўленне такое: ты плаціш падаткі — гэта добра, давай мы дапаможам табе зрабіць усё правільна. А не так: зараз прыдумаем, як бы прымусіць цябе заплаціць яшчэ больш.

Я ад многіх знаёмых чула меркаванне, што калі ў іншых краінах часам хацелася схаваць свае даходы ад падатковай, то тут, наадварот, хочацца плаціць. Бо людзі разумеюць, што тут сістэма працуе для людзей: табе заўсёды гатовыя дапамагчы, усё растлумачыць і расказаць, як зрабіць правільна. І гэта падкупляе.
— Ці атрымліваецца жыць на той даход, які прыносяць кансультацыі і сустрэчы?
— Атрымліваецца. Хацелася б, вядома, і лепш.
Ёсць людзі, якім усяго дастаткова, а ёсць тыя, каму заўсёды не хапае. Вось я з другой катэгорыі. У мяне ёсць пэўныя фінансавыя мэты, да якіх я імкнуся.
Але мне здаецца, што нават калі б у мяне быў значна большы даход, мне ўсё роўна на нешта не хапала б.
Усе бізнес-сустрэчы не прыносяць мне жаданага прыбытку, але ў мяне ёсць праект па падборы персаналу ў аддзелы продажаў — вось ён прыносіць мне добры даход.

«У мяне ёсць універсальная парада — рабіць тое, што падабаецца»
— Як вы лічыце, што трэба зрабіць чалавеку, які хоча пачаць уласны бізнес?
— Я б пачала з таго, што знайшла б на месцы чалавека, у якога ўсё атрымалася і які можа нешта падказаць.
Аднойчы на майстармайнд прыйшоў хлопец, які працуе ў IT і хацеў запусціць свой праект. Быў запыт: з чаго пачаць, што рабіць, каб даць гэтаму праекту жыццё. Удзельнікі майстармайнда — прадпрымальнікі з досведам — адразу ўсё растлумачылі, кожны падзяліўся сваёй экспертызай і расказаў, што рабіў бы на яго месцы. Мне здаецца, хлопец пайшоў з добрай дарожнай картай.
Таму я думаю, што нашы сустрэчы — выдатны штуршок для пачаткоўца-прадпрымальніка.
Пра бізнес няма ўніверсальнага адказу, бо ва ўсіх розныя задачы і запыты, розны досвед. У кагосьці ёсць стартавы капітал, а ў кагосьці няма.
У мяне ёсць універсальная парада: рабіць тое, што падабаецца. Калі ты будзеш займацца тым, што табе падабаецца, то, хутчэй за ўсё, ў цябе ўсё атрымаецца.

А калі ты ідзеш у нейкую нішу, якая табе не цікавая, але думаеш, што там вялікія грошы, тады могуць узнікнуць складанасці. Бо энергія і энтузіязм хутка заканчваюцца.
Самае галоўнае — спрабаваць і не баяцца памыліцца. Многія чакаюць ідэальнага часу, ідэальнага моманту, але яны ніколі не настануць.
— Якая самая распаўсюджаная праблема, з якой звяртаюцца прадпрымальнікі?
— Напэўна, цяпер самая папулярная праблема — гэта штучны інтэлект. Усе хочуць укараняць яго ў працоўныя працэсы, але не разумеюць, як.
А да ШІ часта ўздымалася пытанне рэкламы: колькі каштуе прасоўванне, колькі грошай укласці ў рэкламу, калі гэтыя ўкладанні акупяцца і гэтак далей.
Але ў бізнесе няма гарантыі, што ўсё заўсёды акупіцца. Што б ты ні рабіў, у цябе няма стопрацэнтнай упэўненасці, што атрымаеш жаданы вынік. Бізнес — гэта рызыкі, і іх трэба прымаць. У рэкламе таксама няма гарантый, што яна спрацуе.

Вельмі распаўсюджаны запыт на падбор персаналу. Бізнесы пераязджаюць, у новай краіне не могуць знайсці супрацоўнікаў і сутыкаюцца з вялікай цякучасцю кадраў.
Бо вельмі важна разумець асаблівасці дзелавой культуры розных краін, бачыць розніцу ў менталітэце. У Беларусі, напрыклад, усе працуюць добрасумленна і актыўна — не проста адседжваюць час, а працуюць на вынік. У Еўропе людзі шануюць святы, абедзенны час і выходныя.
Уласнікам бывае складана перабудавацца. І што застаецца? Многія прадпрымальнікі шукаюць супрацоўнікаў пераважна сярод сваіх…
— Вам асабіста неяк дапамаглі знаёмствы з прадпрымальнікамі?
— Напэўна, так. Сустрэчы мне дапамагаюць. У тым ліку там магу прадаваць свае паслугі, сваю экспертызу.
Здаецца, што гэтыя сувязі больш дапамагаюць нават не мне, а іншым людзям — я часта чую падзякі. Мне здаецца, што ў нашым жыцці адбываецца абмен чымсьці. Не абавязкова чымсьці матэрыяльным. «Дзякуй» — для мяне гэта каштоўна і важна.

Калі разумееш, што дапамог чалавеку змяніць жыццё, знайсці свой шлях, значыць, недарэмна жывеш на гэтай зямлі. Ты быў важны, патрэбны, падзяліўся нейкім кантактам, дапамог чалавеку зрушыцца з месца.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.