Піксельны зубр і старадаўні «гаджэт»: як будзе выглядаць беларускі стэнд на Web Summit 2026 у Лісабоне

Выява: linkedin.com/in/alexandervasilevich

Крэатыўнае агенцтва Vondel Digital прадставіла абноўленую візуальную канцэпцыю прасторы беларускага стэнда Belarusians Worldwide на найбуйнейшай сусветнай тэхналагічнай канферэнцыі Web Summit 2026, якая пройдзе з 9 па 12 лістапада ў Лісабоне. У дызайне пераасэнсаваны традыцыйныя нацыянальныя матывы праз прызму лічбавай эпохі.

Піксель-арт ад нашых продкаў

Як паведаміў сузаснавальнік Vondel Аляксандр Васілевіч, у аснову афармлення стэнда легла ідэя «Тэхналогіі без межаў». Паводле задумы аўтараў, прастора спалучае аўтэнтычную беларускую культуру з перадавымі тэхналогіямі і глабальным кантэкстам:

— Беларуская вышыўка — гэта, па сутнасці, піксель-арт, які існаваў за стагоддзі да з’яўлення камп’ютараў. Менавіта гэта стала нашым пунктам адліку пры стварэнні дызайну для Belarusians Worldwide.

Выява: linkedin.com/in/alexandervasilevich

Ключавыя элементы выставачнай зоны выбудаваны на стыку традыцый і digital-эстэтыкі:

— Традыцыйныя беларускія сімвалы сустракаюцца з лічбавым светам: белавежскі зубр, сабраны з пікселяў і элементаў арнаменту; традыцыйны «павук», які вісіць над стойкай як своеасаблівы старажытны беларускі «гаджэт», і графічныя лініі, што выходзяць за межы сцен стэнда, развіваючы ідэю Tech Without Borders.

Выява: linkedin.com/in/alexandervasilevich

Стэнд стане кропкай збору для беларусаў, раскіданых па свеце

Праект Belarusians Worldwide вяртаецца на Web Summit пасля паспяховага дэбюту ў 2025 годзе. Арганізатары пазіцыянуюць яго не як дзяржаўнае прадстаўніцтва, а як ініцыятыву «супольнасці для супольнасці» — кропку збору для беларускіх фаўндараў, распрацоўшчыкаў, інвестараў, крэатараў і стваральнікаў супольнасцей, аб’яднаных каштоўнасцямі адкрытасці, інавацый і прадпрымальніцтва.

Беларускі стэнд на Web Summit у 2025 годзе. Фота: belarusiansworldwide.com

Галоўная мэта стэнда — забяспечыць беларускім стартапам і спецыялістам, раскіданым па розных краінах, агульную інфраструктуру, бачнасць у сусветных медыя і прамы выхад на міжнародных венчурных інвестараў.

Сёлета прапануецца некалькі фарматаў удзелу:

  • Падтрымка стэнда (€830) — квіток на канферэнцыю Web Summit 2026 і прамы ўнёсак у падтрымку беларускага стэнда (базавы кошт квітка на Web Summit — ад €775).
  • Месца на стэндзе для стартапа (€1 300) — квіток на Web Summit 2026, працоўнае месца на стэндзе, прэзентацыя свайго прадукту, магчымасць пітчу, а таксама 5–10 арганізаваных сустрэч з інвестарамі і прадстаўнікамі міжнародных медыя.
  • Спонсарскія пакеты (ад €1 500) — магчымасці брэндынгу, выступаў на стэндзе і маштабнага піяру сярод супольнасці і ўдзельнікаў саміту.
Беларускі стэнд на Web Summit у 2025 годзе. Фота: belarusiansworldwide.com

Акрамя экспазіцыі, у межах саміту пройдзе Belarusians Worldwide Club Gathering — закрытая сустрэча трыццаці лідараў меркаванняў, кіраўнікоў фондаў і фаўндараў для абмеркавання супольнай стратэгіі развіцця глабальнага беларускага тэхналагічнага руху.

Web Summit 2026 пройдзе з 9 па 12 лістапада ў комплексе MEO Arena ў Лісабоне. Канферэнцыя застаецца адной з найважнейшых пляцовак сусветнага тэхналагічнага сектара: чакаецца, што на яе збяруцца больш за 70 тысяч удзельнікаў з усяго свету — ад перспектыўных стартапаў ранніх стадый да кіраўнікоў карпарацый, найбуйнейшых фондаў і журналістаў.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *