ШІ-коўч, які дапамагае зрабіць кар’еру: беларуска прэзентавала на Product Hunt стартап AINA

Фота: linkedin.com/in/nаtallia

Тэхналагічны стартап AINA, заснаваны беларускай Наталляй Міхнавец, сёння прадставіў свой прадукт на міжнароднай платформе Product Hunt.

Сэрвіс AINA пазіцыянуецца як персанальны кар’ерны коўч на базе штучнага інтэлекту, які дапамагае спецыялістам зразумець, што можа перашкаджаць іх пошуку працы, палепшыць прафесійны профіль і падрыхтавацца да сумоўяў.

Выява: producthunt.com

Галоўная асаблівасць платформы — магчымасць прамога дыялогу з інтэрактыўным лічбавым відэакоўчам. Карыстальнік можа далучыцца да сустрэчы з уключанай або выключанай камерай і паразмаўляць з AINA пра пошук працы ці падрыхтавацца да інтэрв’ю. Коўч задае пытанні, дапамагае вызначыць кар’ерныя мэты, аналізуе цяжкасці і па выніках 10–20-хвіліннай размовы фармуе індывідуальны план дзеянняў.

Прадстаўніца каманды па маркетынгу і выхадзе на рынак Крысціна Грыц дадае, што каманда імкнулася зрабіць сэрвіс максімальна блізкім да жывога кантакту:

— Вы можаце паразмаўляць з AINA як на рэальнай кар’ернай кансультацыі: проста падключыцеся да сустрэчы, як да звычайнага званка, абмяркуйце свой пошук працы ці патрэніруйцеся перад будучым інтэрв’ю… Праз 10–20 хвілін вы сыдзеце з гатовым планам і персаналізаванымі рэкамендацыямі.

Акрамя сімулятара сумоўяў і кансультацый, сэрвіс AINA прапануе шэраг практычных інструментаў. Напрыклад, аўдыт рэзюмэ: карыстальнік можа загрузіць PDF-файл альбо пакінуць спасылку на профіль у LinkedIn. Алгарытм аналізуе структуру, знаходзіць слабыя фармулёўкі і падказвае, дзе менавіта не хапае лічбаў, дасягненняў і вынікаў у бізнес-метрыках.

Выява: producthunt.com

Таксама AINA стварае публічную картку спецыяліста — сістэма аўтаматычна фармулюе ключавыя моцныя бакі кандыдата і генеруе гатовыя пасты для сацыяльных сетак (LinkedIn, Telegram), сігналізуючы пра гатоўнасць да новых кар’ерных прапаноў.

Асобны раздзел аб’ядноўвае ўсе адпраўленыя заяўкі, дазваляе сачыць за статусамі найму, камунікаваць з працадаўцамі і знаходзіць рэлевантныя вакансіі з фільтрамі па фармаце і ўзроўні заробку.

Фота: instagram.com/aina.tech.io

Заснавальніца і кіраўніца праекта Наталля Міхнавец расказвае, што, працуючы больш за 10 гадоў у сферы найму, яна ўвесь час бачыла з боку кандыдатаў адну і тую ж праблему: людзі могуць быць выдатнымі прафесіяналамі ў сваёй справе, але пры гэтым зусім не разумець, чаму іх пошук працы стаіць на месцы, як насамрэч рэкрутэры ўспрымаюць іх профіль і што варта змяніць перад наступным сумоўем. Менавіта для гэтага і быў створаны стартап AINA:

— Гэта кар’ерная ШІ-кампаньёнка, з якой можна рэальна пагаварыць. Раскажыце ёй, дзе вы зараз знаходзіцеся ў сваёй кар’еры, чаго спрабуеце дасягнуць, што не працуе — альбо папрасіце правесці з вамі пробнае інтэрв’ю. Яна выкарыстоўвае ваш досвед і мэты, каб дапамагчы зразумець, што вас стрымлівае, і дае канкрэтныя рэкамендацыі, што рабіць далей.

Як адзначаюць распрацоўшчыкі, выхад прадукту адбыўся ў перыяд іх удзелу ў праграме GPT-6 Astra Challenge ад OpenAI. Гэтая мадэль выкарыстоўваецца для генерацыі дэталёвых планаў развіцця, якія карыстальнікі атрымліваюць пасля завяршэння кожнай коўчынг-сесіі.

Адказваючы на пытанні карыстальнікаў Product Hunt аб тым, як удаецца пазбегнуць банальных і залішне агульных парад ад штучнага інтэлекту, продакт- і інжынірынг-лід Ксенія Панамарова падкрэсліла, што каманда выдаткавала шмат часу на распрацоўку архітэктуры і промптаў для AINA, абапіраючыся на ўласную экспертызу ў рэкрутынгу:

— База нашага коўча ўжо даволі моцная — гэтую ж логіку мы выкарыстоўвалі для правядзення інтэрв’ю з кандыдатамі больш за год. Таму я б сказала, што гэта камбінацыя ўдалых промптаў, архітэктуры прадукту, нашага рэкрутынгавага досведу і сучасных мадэляў ШІ. Дзякуючы ўжо інтэграванай у кар’ернага коўча мадэлі Astra мы можам выбудоўваць больш гнуткі сцэнар дыялогу і рабіць зваротную сувязь значна больш персаналізаванай і рэлевантнай.

Згодна з інфармацыяй на сайце праекта, для бізнесу AINA пазіцыянуецца як адзіная платформа, якая дазваляе закрываць увесь цыкл найму — ад адкрыцця вакансіі да офера. Працадаўцу не трэба складаць апісанне пазіцыі з нуля: дастаткова голасам або тэкстам растлумачыць, якую праблему павінен вырашаць новы спецыяліст і адказаць на дадатковыя пытанні ад штучнага інтэлекту. Далей AINA сфармулюе крытэрыі, створыць профіль кандыдата і запусціць пошук па розных каналах. Першых ацэненых кандыдатаў сэрвіс абяцае прапанаваць ужо праз 24 гадзіны.

Выява: instagram.com/aina.tech.io

Першасны скрынінг і інтэрв’ю платформа таксама бярэ на сябе: AINA самастойна праводзіць першае дыялогавае відэаінтэрв’ю, ацэньвае прафесійныя навыкі і супадзенне з карпаратыўнай культурай, выстаўляе бал рэлевантнасці і дае тлумачэнне, чаму чалавек падыходзіць ці не падыходзіць кампаніі.

Паводле звестак з афіцыйнага сайта, сэрвісам ужо карыстаюцца больш за 100 каманд (сярод іх пазначаны Andersen, Dankolab, Lumora, Panoramik Games, Meowpunk, Createx), а праз сістэму было ацэнена звыш 45 000 кандыдатаў, праведзена больш за 12 000 інтэрв’ю і закрыта больш за 200 пазіцый.

На гэты момант сэрвіс цалкам бясплатны для кандыдатаў, тады як для кампаній доступ даецца па падпісцы.

Фота: facebook.com/mihnonataby

Нагадаем, што ў студзені 2026 года заснавальніца стартапу Наталля Міхнавец на горналыжным курорце ў Грузіі падчас спуску на высокай хуткасці сутыкнулася з іншым лыжнікам. Ад удару яе выкінула за межы трасы — беларуска атрымала шматлікія цяжкія траўмы, некалькі дзён правяла ў рэанімацыі ў Грузіі, а пасля працягнула лячэнне ў берлінскай клініцы, дзе перанясла некалькі сур’ёзных аперацый.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *