«Я ніколі ў жыцці столькі не працаваў». Як паспяховы андэграўндны музыка Tobikz стаў кур’ерам на «карчы» ў Гдыні

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Калі ў канцы 2010-х вы наведвалі івенты «Цемра» ці тусоўкі ў ОК16, то напэўна ведаеце гэтае імя. Тэхна-прадзюсар Tobikz выпускаўся на еўрапейскіх лэйблах накшталт Finder і Wicked Waves і дзяліў студыі з нямецкімі і ўкраінскімі артыстамі. Але цяпер яго рэальнасць іншая: пасля ўкраінскага Майдана 2014 года, беларускіх пратэстаў і пераезду ў Польшчу ён праводзіць па 14–16 гадзін за рулём «карча», развозячы замовы па Гдыні і яе аколіцах.

Пра крынжовыя замовы, развоз ежы вайскоўцам і сэкс-працоўніцам, бунты кур’ераў пад Global Center і байкот Spotify Анатоль расказвае спецыяльна для spravy.io.

Дастаўка «з’ела тры машыны»

Анатоль пераехаў у Польшчу ў кастрычніку 2020-га. Дагэтуль шмат жыў у Кіеве, у тым ліку ўдзельнічаў у Майдане 2014-га. У Мінску ў яго была ўласная піваварня, якая працуе і дагэтуль, але яны разышліся са сваім кампаньёнам. Пасля гэтага ён крыху займаўся IT-бізнесам:

— Я меў доступ да заказчыкаў, бо некаторы час працаваў у Латвіі і Швецыі, і зводзіў іх з распрацоўшчыкамі. 

Яшчэ нейкі час пасля пераезду Анатоль жыў на папярэднія назапашванні, але ў 2023 годзе стала зразумела, што трэба працаваць.

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Спачатку стаў электрыкам: ездзіў у Германію, потым у Грэцыю. Пасля ад той жа кампаніі прыехаў працаваць у Гдыню, дзе сустрэў сваю цяперашнюю дзяўчыну, з якой яны разам ужо тры гады. Звольніўся, бо не склалася з польскім калектывам. Пайшоў у дастаўкі: спачатку ў польскую пошту, потым у DPD, а цяпер ужо два гады працуе ў Glovo.

— Гэта мая трэцяя машына ў дастаўцы, купіў яе за 4000 злотых, — распавядае Анатоль. — Прасцей узяць якога-небудзь «карча» 2002–2006 гадоў, чым браць лізінг ці арэнду. Раз у два месяцы проста аддаеш тысячу злотых на рамонты, не шкадуеш — і яна ездзіць.

«Тры гады нікуды не хаджу»

— Я ніколі столькі не працаваў. Даводзіцца часам працаваць і па 16 гадзін, — кажа Анатоль.

Графік і заробкі моцна змяніліся пасля таго, як платформы пачалі перабудоўвацца пад новыя падатковыя правілы. Калі раней кур’еры маглі спісваць на выдаткі рамонт машыны і паліва, плацілі мінімальныя сацыяльныя ўзносы і мелі нізкія падаткі, то цяпер усё інакш.

— Аддаем каля 30 адсоткаў на падаткі, і нават транспартныя выдаткі аказваюцца абкладзенымі, — тлумачыць кур’ер. — Назад праз фактуры атрымліваецца вярнуць капейкі. Асноўныя грошы ідуць на сацыяльныя зборы.

Раней, паводле Анатоля, можна было адпрацаваць 50 гадзін на тыдзень і атрымліваць чыстымі каля 6000 злотых штомесяц. А ў пікавыя месяцы, то бок у халодны сезон — да 8500. Цяпер сітуацыя іншая, асабліва летам:

— Трэба 70–74 гадзіны адпрацаваць, каб атрымалася 3800 брута. З іх будзе 1200 падатку, каля 500 злотых — паліва, плюс абслугоўванне машыны. То бок калі ездзіць па 75 гадзін, то на рамонт даводзіцца аддаваць ужо не тысячу раз у два месяцы, а па 700 кожны месяц.

Каб эканоміць на арэндзе, Анатоль з Гдыні пераехаў у вёску, але нават цяпер графік у 40 гадзінаў на тыдзень не пакрыў бы ўсіх выдаткаў:

— Гэта было б 1700 злотых чыстымі, з якіх 400 ішло б на паліва і паркоўкі. Пражыць было б немагчыма.

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Анатоль распавядае, што вельмі хоча змяніць працу, але пакуль нават няма часу азірнуцца і заняцца дакументамі ці перакваліфікацыяй — праз той жа шалёны графік.

— Я вельмі хачу, каб верасень быў маім апошнім месяцам у дастаўцы, і ў кастрычніку ўладкавацца на працу з нармальным графікам. Таму што, шчыра кажучы, у нядзелю я буду працаваць 16 гадзін, заўтра — 14, сёння — 12.

З такім графікам ні на што іншае не застаецца ні сілаў, ні жадання:

— Кінуў займацца музыкай — больш не выступаю і не пішу. Я ўжо тры гады нікуды не хаджу, не сустракаюся з сябрамі. У свой адзіны выхадны я вырашаю справы ці проста сплю. Калі ты ўвесь тыдзень правёў за рулём, адзінае, чаго хочацца — гэта спакойна адпачыць дома з дзяўчынай, катамі і, хутчэй за ўсё, келіхам моцнага напою.

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Спрабавалі пабіць за дрэнныя навіны

Найчасцейшыя замовы — кебаб, «Макдональдс» і KFC. Звычайна працоўны дзень праходзіць без прыгодаў, але за тры гады даставак ёсць што ўспомніць.

— Калі працаваў яшчэ на польскай пошце, мяне спрабавалі пабіць людзі, якім прывёз лісты з падатковай, — успамінае Анатоль. — Нібыта кур’ер асабіста вінаваты ў іх дрэнных навінах.

Некалькі разоў здаралася, што хтосьці замаўляў проста адзін пакецік кетчупа з «Макдональдса». Пазней высвятлялася, што гэта быў тролінг пакрыўджанага кліента, і такія замовы ўжо адфільтроўвалі.

З дастаўкамі алкаголю звязаныя розныя ўспаміны:

— Аднойчы раніцай, калі я працаваў у Гданьску, была замова на дзве бутэлькі моцнага алкаголю. У выніку кліентамі аказаліся два ўшчэнт п’яныя, прабачце, целы. Я прынцыпова вырашыў не паіць іх яшчэ больш, дый было невядома, ці разлічыліся б яны. Напісаў у падтрымку і адмяніў замову.

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Найбольшыя чаявыя таксама звязаны з моцнымі напоямі:

— 100 злотых адной паперкай, не праз аплікацыю, — успамінае Анатоль. — Гэта яшчэ было ў Гданьску. Прыязджаю кудысьці за горад на нейкі катэдж — велізарная проста кампанія. Я не ведаю, што яны там святкавалі, але, відаць, гэта святкаванне цягнулася ўжо не другі і не трэці дзень. Замова была: тры бутэлькі віскі і восем літраў колы. Прыязджаю і проста аддаю. Яны былі такія шчаслівыя, што ў іх зноў ёсць алкаголь, што проста ўручылі мне адной паперкай 100 злотых са словамі: «Дай бог табе здароўя, валі адсюль».

Сярод кліентаў — людзі самых розных прафесій:

— Важу ежу і амерыканскім, і польскім салдатам. У нас тут шмат ваенных частак. Важу ў паліцыю, у шпіталь, у пажарную, у мясцовы ўрад, — узгадвае Анатоль. — Бывала такое, што я вазіў ежу сэкс-працаўніцам — яны мне адчынялі напаўголыя, казалі: «Запрашаем». Прычым выходзяць усе ў бялізне, якая прасвечваецца, некаторыя нават вельмі прыгожыя. Але я ніколі ў жыцці іх паслугамі не карыстаўся.

Найбуйнейшыя замовы, часцей за ўсё, тычацца карпаратываў:

— Аднойчы вёз каля 30 піц на 900 злотых — усё задняе сядзенне было занятае. Добра, што не трэба было падымацца і адносіць іх, бо ў сумкі яны б не ўлезлі — кліенты самі спусціліся і забралі замову.

Каб палепшыць умовы кур’ераў, трэба тысяча скаргаў

Анатоль упэўнены, што працу даставак можна наладзіць так, каб гэта было цікава ўсім — і бізнесу, і дзяржаве, і працаўнікам, але для гэтага самім кур’ерам трэба змагацца за свае ўмовы:

— Калі у Гданьску ўвялі новую аплікацыю, мы з адным палякам і яго дзяўчынай арганізавалі цэлую акцыю пратэсту, — расказвае Анатоль. — Прыйшлі пад Global Center — нас было 15 чалавек. Былі грузіны, украінцы, беларусы, былі палякі, а таксама журналісты з партала Trojmiasto.pl.

Фота: Trójmiejskie Koło Młodych Inicjatywy Pracowniczej

Да пратэстоўцаў тады прыехалі прадстаўнікі Glovo проста з Варшавы. Адбылося два раўнды перамоваў, дзе кур’еры змаглі чагосьці дабіцца: пафіксавалі багі ў аплікацыі, крыху паднялі стаўкі, навялі парадак з зонамі і разбанілі некаторыя акаўнты. Але ўтрымаць гэты рух аказалася складана.

— Сёлета я спрабаваў падняць пытанне, але ў выніку мала хто пагадзіўся. Усе баяцца пісаць нейкія скаргі, свяціць сваё імя і гэтак далей. Хоць я ўпэўнены, што калі б ва ўрад прыйшло некалькі тысяч скаргаў з розных рэгіёнаў, справа зрушылася б з месца.

Праблема яшчэ і ў тым, як пабудаваны самі працоўныя адносіны ў гэтай сферы. Карпарацыі знаходзяць спосабы заставацца «не пры справах». Напрыклад, іншая платформа — Pyszne.pl — раней працавала на падставе нармальных працоўных дамоў, мела пагадзінную аплату і плаціла ўсё як трэба. Але да іх прыйшлі з праверкай, і цяпер яны працуюць праз тых самых пасярэднікаў, што і Glovo.

— І карпарацыя зноў аказваецца ні пры чым: у выпадку чаго няма прэтэнзій да яе, бо юрыдычна працоўныя адносіны ў нас з партнёрамі. А на партнёраў нельга скардзіцца, таму што і польская інспекцыя працы, і іншыя структуры разводзяць рукамі…

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Усё гэта вядзе да таго, што праца за рулём у такім рэжыме становіцца проста небяспечнай:

— Калі еду ў нядзелю, а перад гэтым былі 14-гадзінная і 12-гадзінная змены, разумею, што ў мяне ўжо губляецца канцэнтрацыя ўвагі — я магу проста не заўважыць мінака. Гэта павінна жорстка рэгулявацца. Я мару, каб урад узяўся за нашых партнёраў, зрабіў нешта з гэтым злом, каб былі нейкія абмежаванні і зразумелыя стаўкі.

За дастаўку плацяць больш, чым за рэліз трэка

Пры гэтым былы дыджэй распавядае, што пакуль і ў музыку вяртацца не збіраецца.

— Я рабіў тэхна, выступаў, шмат працаваў з нямецкімі артыстамі, з украінскімі, выпускаўся на вядомых лэйблах — прычым не па знаёмстве, а таму што рабіў гэта добра. У мяне была свая серыя мерапрыемстваў «Цемра» яшчэ ў Мінску. Да гэтага я займаўся таксама драм-н-бэйсам, хардкорам, шмат з кім знаёмы дзякуючы музыцы. Але цяпер я ўжо шмат часу нічога не выпускаю, не толькі таму што шмат працы, але і праз праблемы ў самой сферы.

На думку музыкі, цяпер усё зводзіцца да таго, што ніхто не глядзіць на тое, што ты робіш, якой музыкай займаешся, колькі ў цябе рэлізаў выйшла і якое ў чалавека творчае партфоліа. Глядзяць на тое, хто з кім сябруе і хто з кім што робіць.

— Я прыязджаў у Германію часам проста патусавацца — мы садзіліся з трыма ноўтбукамі ў студыі, разам нешта рабілі, разам потым выпускалі. А вось польская, беларуская і часткова ўкраінская сцэна — гэта там, дзе ты прыходзіш, і ўсе мераюцца нейкімі пантамі. У людзей няма за плячыма музычнага бэкграўнду, але яны паводзяць сябе як рок-зоркі. Гэта вельмі моцна рушыць саму ідэю, бо тэхна прадугледжвае роўнасць, свабоду і гэтак далей.

Вялікія змены прынеслі і карпарацыі, якія, па словах героя, фактычна абрабавалі лэйблы. Гаворка ідзе і пра стрымінгавыя платформы накшталт Spotify, дзе нават вядомыя на ўвесь свет артысты часам байкатуюць і забіраюць свае матэрыялы ў знак пратэсту.

— Усё цяпер круціцца вакол аўдыторыі. У мяне падпісаныя кантракты з некаторымі лэйбламі: і калі я захачу рэліз, яны мне скажуць, што ў цябе павінна быць 20 тысяч фаловераў. Яны больш не слухаюць музыку, а глядзяць на аўдыторыю. Да ўсяго пачалі практыкаваць такія рэчы: шукаюць мадэляў у Instagram, і пад іх такія чувакі, як я, пішуць музыку. Яны як мадэлі з кучай падпісчыкаў становяцца і дыджэямі, і музыкантамі. Выступаюць на фестывалях, цягнуць туды аўдыторыю і зарабляюць грошы. Гэта ўдар пад дых усёй творчай супольнасці, калі шчыра.

Па словах Анатоля, рэчаіснасць такая, што за дзень у дастаўцы можна зарабіць болей, чым за 10 тысяч праслухоўванняў на стрымінгу. 

— Тое, што ты робіш добрае, губляецца ў патоку прыцягнутага за вушы, таму лепш пакласці гэта ў стол і спаліць, чым проста змяшаць з гэтым усім лайном.

Фота: instagram.com/non.context.tobikz

Тым не менш, беларускі музыкант упэўнены, што якасць і андэграўнд яшчэ возьмуць сваё:

— Гэты enjoy капіталізм — часовая з’ява. Рана ці позна прыйдзе запыт, каб выступалі тыя, хто непасрэдна робіць музыку. Таму што андэграўнд заўсёды будзе андэграўндам. Заўсёды ўсё самае цікавае і ўнікальнае нараджаецца з яго, а не з таго, хто на сябе больш пуху накідвае.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *