«Не перакладчык, а мясцовы сябар». Беларус распрацаваў сэрвіс «Аяк» для імігрантаў

Беларускі распрацоўшчык Павел Шут зрабіў бясплатны сэрвіс «Аяк», створаны ў дапамогу імігрантам, якім патрэбна дапамога з мясцовай мовай і хуткай адаптацыяй у новай краіне.
«Зрабіў дадатак і сайт, які будзе карысны і іншым імігрантам, каму патрэбна дапамога з мясцовай мовай», — адзначыў стваральнік сэрвісу.

Праект ajak.app пазіцыянуецца аўтарам не як класічны перакладчык, а як персанальны лічбавы памочнік у фармаце чата. Назва паходзіць ад папулярнага беларускага выразу «А як?», а галоўны слоган праекта — «Не перакладчык. Спытай, як у мясцовага сябра».
Галоўная ідэя праекта — тлумачыць мясцовы кантэкст, сленг, адценні сэнсу і практычныя нюансы штодзённых сітуацый у іншай краіне.
«Ідэя простая: калі не ведаеш, як нешта сказаць, хочаш ведаць сэнс слова ці падрыхтавацца да размовы, напрыклад, у доктара, цырульні ці ўстанове, — пішаш у чат як свайму мясцоваму сябру, і ён сам разумее, калі перакласці слова, калі растлумачыць нюансы, калі даць слоўнічак пад сітуацыю, а калі і пажартаваць», — распавядае Павел Шут.

Сэрвіс дапамагае разабрацца з тым, што менавіта мелася на ўвазе і як правільна адказаць. Напрыклад, калі польскае скарачэнне «L4» адправіць у класічны перакладчык, то ён выдасць тую ж камбінацыю літар і лічбаў «Л4», тады як «Аяк» дасць кантэкст, што гэта бальнічны ліст.

Таксама бот умее тлумачыць ідыёмы і ўстойлівыя выразы (нямецкае «Das ist nicht mein Bier» растлумачыць як «не мая справа», а не літаральнае «не маё піва») ды адрозніваць нефармальнае маўленне ад дзелавога.

Асноўныя функцыі сэрвісу «Аяк»:
- Разуменне кантэксту і стылю — памочнік падкажа, што можна сказаць калегу на працы, а што падыдзе толькі для размовы з сябрамі.
- Інтэрактыўныя карткі — патрэбныя выразы ў адзін клік захоўваюцца ў слоўнікавыя карткі, якія потым можна гартаць паводле прынцыпу «ўлева-ўправа» (ужо запамяталі або паўтарыць пазней).
- Памяць мовы — карыстальнік адзін раз вызначае, з якой мовай яму патрэбна дапамога і на якой мове павінен адказваць бот, пасля чаго сэрвіс адказвае без неабходнасці кожны раз пераключаць налады.

Сёння праект цалкам бясплатны. Карыстацца можна праз вэб-версію ў браўзеры (можна дадаць на галоўны экран смартфона, і яна будзе працаваць як паўнавартасная праграма) або праз Telegram-бота.

У найбліжэйшы час плануюцца да выхаду мабільныя аплікацыі для Android і iOS, а таксама інтэграцыі з ChatGPT і Claude.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.