«Калі ў цябе малы бізнес — ты працуеш за ўсіх». Як беларуска Дар’я Цыбульская развівае хэнд-мэйд-праект Brusnika ў Нідэрландах

Беларуска Дар’я Цыбульская вядомая як вакалістка фолк-групы UNIA. Але ў Нідэрландах яна займаецца не толькі музыкай. Тут Дар’я развівае ўласны хэнд-мэйд-праект Brusnika — вырабляе сашэ з аліўкавага воску, соевыя свечкі ў гіпсавых падсвечніках і тэматычныя сезонныя калекцыі.
У інтэрв’ю spravy.io Дар’я расказала, як прадае вырабы ручной працы ў эміграцыі, чаму найбольш часу забірае не воск, а Instagram, і ці можна жыць з такога бізнесу.
«У 2022 годзе зразумела, што мне „не спяваецца”»
Першая Brusnika з’явілася ў 2022 годзе не ў Нідэрландах, дзе Дар’я жыве цяпер, а ў грузінскім Батумі. Дар’я прыгадвае гэты час так:
— Гэта быў складаны год. Я зразумела, што мне «не спяваецца», але ўсё ж хацелася нейкай творчасці. Спачатку рабіла букеты — раней я займалася фларыстыкай у Мінску. Потым свечкі — быў досвед навучання па вырабе свечак і араматычных сашэ з воску. У той перыяд гэта стала маім творчым выхадам. Цяпер усё перарасло ў простыя рэчы, якія ствараюць адчуванне дому: нешта цёплае, светлае, з натуральных матэрыялаў. Пра рэчы, якія даюць магчымасць крыху запаволіцца ў штодзённасці.
Назву Дар’я выбірала з разліку на шматмоўнае асяроддзе:
— Мне вельмі хацелася чагосьці чырвонага, сакавітага, жывога. Думала пра натуральнасць, і прыйшлі ў галаву ягады. Brusnika — яркая і мілагучная назва. Яна спадабалася і тым, што больш-менш добра, без памылак, чытаецца на розных мовах. Мы жылі ў Грузіі, і я хацела, каб назву маглі прачытаць і экспаты, і мясцовыя жыхары.

Першыя замовы прыйшлі ад знаёмых. Пазней з’явіліся кірмашы і карпаратыўныя кліенты:
— Першая замова — гэта, як звычайна, нехта са знаёмых — камусьці спадабалася і вырашыў падтрымаць. Потым пачала ўдзельнічаць у кірмашах, якія праходзілі кожны месяц у Батумі. Былі і невялікія карпаратыўныя замовы, але ў асноўным я жыла менавіта гэтымі кірмашамі.

Арамасашэ прыцягваюць увагу, але вялікія замовы — на свечкі
У асартыменце Brusnika — сашэ з аліўкавага воску для шафаў і гардэробных і соевыя свечкі ў гіпсавых падсвечніках. Для афармлення выкарыстоўваюцца сухацветы. Попыт на гэтыя тавары адрозніваецца.
— Найбольшую цікавасць выклікаюць араматычныя сашэ. Не тое, каб яны былі надзвычай папулярныя — наадварот, многія проста не ведаюць, што гэта такое. І таму цікавяцца: «Ой, а што гэта? Яно яшчэ так смачна пахне!» А свечкі — знаёмая гісторыя, і яны маюць большы попыт.
Дар’я тлумачыць, што сашэ часта набываюць у якасці маленькага падарунка ці знака ўвагі. Калі гаворка пра вялікія замовы, то гэта ўсё ж свечкі. Яны адрозніваюцца формай і спосабам выкарыстання. Сашэ не трэба падпальваць: яго кладуць у шафу ці гардэробную, каб надаць прасторы водар. Свечка сумяшчае араматычную і дэкаратыўную функцыі.
Выходзіць, Brusnika працуе на стыку некалькіх катэгорый: араматызацыі памяшканняў, інтэр’ернага дэкору і падарункавых вырабаў. Для маленькага брэнда гэта мае значэнне: пакупнікі могуць выбіраць тавар паводле водару, знешняга выгляду, прызначэння ці нагоды для пакупкі.
Араматычныя алеі Дар’я замаўляе ў амерыканскай кампаніі CandleScience, а калекцыі прадумвае з улікам сезона.
— У CandleScience вялікая палітра водараў. Шкада, што іх нельга перадаць і адчуць праз камп’ютар! Чытаеш апісанні, уключаеш фантазію, уяўляеш, як усё можа спалучацца. Я часта адчуваю водар колерам. Каляды для мяне — гэта чырвоны, зялёны, можа, золата. Восень — пурпурны, аранжавы, чырвоны. І, вядома, ёсць асацыяцыі з самімі водарамі: карыца для Калядаў, нешта больш лёгкае, цытрусавае — для іншага настрою. Таму шмат што выбіраю праз сезон і колеравыя асацыяцыі, камбіную гэта.

У вытворчасці араматычных свечак важны не толькі водар. Воск, араматычная кампазіцыя, кнот і ёмістасць павінны быць сумяшчальнымі паміж сабой:
— Не кожнае спалучэнне матэрыялаў забяспечвае роўнае гарэнне і патрэбную інтэнсіўнасць водару. Асобная задача — атрымаць выраб, які захоўвае форму, знешні выгляд і пах пры звычайных умовах выкарыстання. Для невялікіх майстэрняў істотная і паўтаральнасць выніку. Адна справа — зрабіць удалую свечку для сябе, іншая — выпускаць прадукцыю, за якую пакупнікі плацяць грошы і ад якой чакаюць якасці.

Ручная праца абмяжоўвае рост бізнесу. Кожную рэч трэба вырабіць, аформіць, упакаваць і адправіць самому. Таму колькасць магчымых замоваў непасрэдна залежыць ад працоўнага часу майстра. Павялічыць аб’ёмы без змены арганізацыі вытворчасці ў такой мадэлі складаней, чым у звычайным гандлі.
Гіпсавыя падсвечнікі робіць муж
Дар’я апісвае Brusnika як сямейны праект. Яе муж дапамагае ў вытворчасці некаторых вырабаў: напрыклад, робіць гіпсавыя падсвечнікі — працаёмкую частку:
— Муж вырабляе падсвечнікі з гіпсу. Гэта, мяркую, самая складаная частка, бо трэба заліць форму, высушыць, зачысціць, потым пакрыць лакам — доўгі і складаны працэс. А праца з воскам ужо хутчэйшая і прыемнейшая. Пасля застаецца ўпакоўка. У нейкі момант разумееш: вось, нарэшце, мы ўсё давялі да канца. І гэта прыемнае адчуванне.

Дар’я сама фатаграфуе прадукцыю, здымае відэа і вядзе Instagram:
— Калі ў цябе малы бізнес, то працуеш за ўсіх. Гэта зразумеюць многія прадпрымальнікі. Трэба вырабляць, прыдумляць, здымаць відэа, рабіць фота. Фатаграфаваць свае свечкі мне вельмі падабаецца. А вось Reels і ўся гэтая Instagram-гісторыя забіраюць вельмі шмат часу. Часам думаю: хачу проста нешта вырабляць, займацца творчасцю, а каб нехта іншы ўсё гэта публікаваў і прыдумляў, як паказаць свету! Але ў выпадку ўласнай справы так не працуе, даводзіцца займацца гэтым самастойна.

Стваральніца Brusnika цяпер сама робіць сайт з дапамогай ШІ і прызнаецца, што трэба выходзіць на іншы ўзровень:
— Здаецца, што Instagram — не лепшая платформа для продажаў. Тым больш для хэнд-мэйдавых вырабаў. Калі частка прадукцыі купляецца ў тым ліку праз пах і тактыльныя ўражанні, як можна лепей наладзіць анлайн-прасоўванне? Фатаграфія можа перадаць колер і форму, але не водар. Таму афлайн-мерапрыемствы могуць быць важным каналам знаёмства з аўдыторыяй.

Купіла фотаапарат і святло — і атрымалася нуль падаткаў
Асобная і важная частка дзейнасці — арганізацыйная. У Нідэрландах Дар’я зарэгістравала прадпрымальніцкую дзейнасць, і лічыць, што сама працэдура рэгістрацыі заахвочвае станавіцца прадпрымальнікам і адкрываць сваю справу:
— Мне гэта не падалося складаным. Усё зрабіла за месяц. Можна пазначаць некалькі відаў дзейнасці: і фатаграфію, і свечкі, і фларыстыку, і выступы як артысткі. Калі з’явіцца яшчэ нейкі від дзейнасці, яго можна будзе дапісаць. З падаткамі ж — усё, як і ў многіх іншых краінах — залежыць ад фінансавага выніку.

Летась у Дар’і пасля ўліку выдаткаў, напрыклад, не ўзнікла падатку да выплаты. Бо ўсё залежыць ад таго, колькі прыйшло грошай і колькі было выдаткавана. А паколькі ў мінулым годзе быў куплены нятанны фотаапарат, святло для здымкаў ды іншае абсталяванне, то ў выніку за мінулы год атрымалася нуль падаткаў.
— Сёлета, магчыма, будзе нейкая невялікая сума — можа, сто еўра. І для маленькіх бізнесаў тут ёсць розныя палёгкі. Гэта стымул паспрабаваць справу, якую раней адкладваў. Нулявы падатак не азначае адсутнасці выручкі. Дапушчальныя выдаткі памяншаюць падатковую базу, а дарагое абсталяванне часта спісваецца праз амартызацыю.
Самая складаная задача — нарэшце зразумець, на каго арыентавацца ў Instagram
У чэрвені 2025 года Brusnika была заяўленая сярод удзельнікаў кірмашу на беларускім фестывалі «Купалле на Паўночным моры». Арганізатары прадставілі два асноўныя віды прадукцыі брэнда: арамасашэ з натуральнага аліўкавага воску і свечкі са 100-працэнтнага соевага воску ў гіпсавых падсвечніках. Для афармлення выкарыстоўваюцца сухакветкі, для водару — араматычныя алеі. Для такіх мерапрыемстваў Дар’я робіць у тым ліку свечкі з беларускімі матывамі.

— У Батумі кірмашы былі кожны месяц. Рыхтавалася да іх ужо як да працы: глядзела, якія святы набліжаюцца, што можа быць цікава людзям. Там таксама было шмат беларусаў. Некаторыя пакупнікі прыходзілі да мяне кожны месяц. Я ўжо ведала, што ім падабаецца, і магла зрабіць нешта падобнае, але абавязкова дадаць нейкі эксперымент.
У Нідэрландах на мясцовых маркетах у Гаазе ці Амстэрдаме Дар’я пакуль не ўдзельнічала — толькі на беларускіх мерапрыемствах, куды запрашалі. Аднак яе пакупнікі — не толькі беларусы: сярод заказчыкаў былі нідэрландцы, іспанцы, украінцы, а таксама арганізацыі і бізнесы.

— Самая складаная задача для мяне ў прасоўванні — нарэшце зразумець, на каго арыентавацца ў Instagram і на якой мове яго весці. З аднаго боку — я беларуска, часам прадукцыя з беларускім каларытам. З іншага — купляюць людзі з розных краін: беларусы ў эміграцыі, нідэрландцы, іспанцы. Былі карпаратыўныя замовы ад украінцаў, якія жывуць за мяжой. Рабіла навагоднюю калекцыю для Cinnabon у Гаазе, супрацоўнічала з дабрачыннай арганізацыяй. Таму не магу сказаць, што мае кліенты — толькі беларусы ці толькі нідэрландцы. Няма такой аўдыторыі, якая была б пераважнай большасцю. Мне кажуць: «Выходзь ужо ў Instagram тварам, рабі брэнд». А я думаю: а на якой мове мне гэта рабіць?

Дар’я не згодная са стэрэатыпам, што ў Заходняй Еўропе хэнд-мэйд прадаецца сам па сабе.
— Мне казалі: «Вось пераедзеш у Еўропу — і там продажы пойдуць!» Але не сказала б, што з пераездам нешта кардынальна змянілася. У Грузіі таксама быў попыт. Тут больш рынкаў і магчымасцяў, але ніхто не купляе проста таму, што ты робіш хэнд-мэйд. Трэба працаваць над якасцю, рэкламай і пазіцыянаваннем. Трэба ўмець прэзентаваць свой прадукт.

Дар’я заўважае, што ў Нідэрландах ёсць спецыфіка мясцовай аўдыторыі. Напрыклад, на невялікі падарунак у Нідэрландах часта трацяць каля 20-25 еўра:
— Тут няма такога, што трэба прыйсці і з тортам, і з букетам, і з доларавым канвертам. Людзі могуць купіць свежыя кветкі ў супермаркеце, дадаць нейкі падарунак за €20-25 і прыйсці павіншаваць. Мне здаецца, яны набываюць тое, што сапраўды ім цікава ці патрэбна, а не абавязкова нешта дарагое і асаблівае.
«Пасля Новага года людзям патрэбны час на адпачынак ад падарункаў»
Галоўная праблема ручной вытворчасці, паводле Дар’і, — сезоннасць попыту. На пытанне, ці можна жыць з хэнд-мэйду, яна адказвае асцярожна.
— На хэнд-мэйдзе? Можа быць, але тады давядзецца жыць сезонна. Перад Новым годам і Калядамі шмат карпаратыўных заказаў, розных кірмашоў. А пасля Новага года — цішыня. Усім патрэбны час, каб адпачыць ад падарункаў і пакупак. Трэба мець фінансавы запас, які, звычайна, на святы і назапашваецца. Улетку таксама не заўсёды добра, але затое там ёсць іншая перавага — турысты. Таму бачу ў гэтым вельмі сезонную гісторыю.

Сабекошт — гэта не толькі воск і араматычныя алеі. Да яго дадаюцца ўпакоўка, дастаўка і час на пошук матэрыялаў. Пасля разлікаў Дар’я параўноўвае кошт з рынкавымі прапановамі.
— Галоўная частка сабекошту, вядома, матэрыялы — стараюся браць якасныя і не эканоміць. Потым трэба купіць розныя скрыначкі, прыгожую паперу, баваўняныя мяшэчкі. І не так, каб было танна, а каб прыгожа, з густам і арыгінальна. Гэта дадаецца да сабекошту. Трэба знайсці, замовіць, даставіць, нешта купіць з запасам, каб атрымалася танней. Але пры гэтым захаваць арыгінальнасць, не ператварыць усё ў танны і нецікавы масмаркет. Араматычныя алеі я замаўляю з ЗША. Шукаю найбольш натуральныя рэчы. Іх дастаўка таксама каштуе нямала. І трэба, каб пасля ўсіх выдаткаў нешта заставалася і за працу. Таму параўноўваю і тое, колькі каштуюць падобныя вырабы такой якасці на рынку.
Для творчага чалавека асобны артыкул выдаткаў — эксперыменты, якія так і не становяцца таварам. Дар’я прызнаецца, што ў яе не бывае такога, калі не хочацца расставацца са зробленай рэччу:
— Часцей бывае інакш: тыдзень думаю, закупаю, раблю — і раптам разумею: «Не, нешта не тое. Не трапіла ў настрой восені, не пасуе стылістыцы Brusnika, нешта не так». Вось такіх матэрыялаў і спроб у мяне шмат. Мне сапраўды трэба больш думаць пра эканоміку, таму што пакуль часта падыходжу да справы з творчага боку. Але, напэўна, у гэтым і ёсць сутнасць праекта — большы ўхіл у творчасць.

А ў чым перавага хэнд-мэйда ў параўнанні з фабрычнай вытворчасцю? Дар’я лічыць, што ў матэрыялах, афармленні і ўвазе да дэталяў.
— Для мяне вельмі важна, каб усё было прадумана ад пачатку да канца: якасць матэрыялаў, выгляд самой рэчы, упакоўка. Можа быць паштоўка, стужачка, нейкая дробязь, якая робіць падарунак асабістым. Заўсёды адчуваецца, калі рэч зроблена чалавекам для чалавека.
Замовы Brusnika пакуль пераважна абмяжоўваюцца Нідэрландамі. Міжнародных паштовых адпраўленняў Дар’я яшчэ не арганізоўвала.
— У іншыя краіны поштай яшчэ нічога не адпраўляла — хутчэй, магла праз кагосьці асабіста перадаць. Чула, што ў малога бізнесу ўзніклі пытанні з правіламі ўпакоўкі: калі адпраўляеш тавар за мяжу, можа спатрэбіцца плаціць за яе ўтылізацыю. Пакуль глыбока ў гэтым не разбіралася. Але калі будзе магчымасць наладзіць зручную і недарагую дастаўку, я адкрытая да супрацоўніцтва.
«Чым больш займаешся творчасцю, тым болей натхнення»

У верасні беларускі фолк-гурт UNIA абвясціў пра вяртанне на сцэну пасля працяглай паўзы: 24 верасня адбыўся канцэрт у Варшаве. Рэпетыцыі давялося арганізоўваць паміж Польшчай і Нідэрландамі:
— Brusnika, напэўна, стала для мяне такім штуршком да творчасці. Цяпер мы аднавілі UNIA, і шмат часу аддаем музыцы. Але творчасць, яна такая — чым больш ёй займаешся, тым больш з’яўляецца натхнення і новых ідэй у розных кірунках. Калі ёю не займацца, нічога само не прыходзіць.

Сумяшчаць музыку, сямейнае жыццё і развіццё ўласнай справы няпроста. Дар’я прызнаецца, што пакуль не можа прысвячаць Brusnika столькі часу, колькі хацелася б. Таму і пра перспектывы праекта гаворыць без завышаных чаканняў і спешкі:
— Brusnika для мяне найперш творчы праект, які я паступова развіваю, але, вядома, з мэтай ператварыць яго ў бізнес з пастаянным даходам. На жаль, пакуль не атрымліваецца прысвячаць праекту столькі часу, колькі хацелася б. Ёсць сям’я, дзеці, музыка і неабходнасць наладжваць жыццё ў новай краіне — многія ведаюць, што гэта няпроста і патрабуе шмат часу і сіл. Таму для мяне праект сёння не толькі пра даходы і продажы, але і пра пастаянныя ўкладанні, пошукі магчымасцяў развіцця — я пакуль на гэтым этапе. Я не спяшаюся, рухаюся ў сваім тэмпе і спадзяюся, што паступова праект вырасце і перарасце ў паўнавартасны бізнес. Але гэта працэс павольны — трэба ўсяму даць час.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.