2 млн праглядаў і 340 тысяч малюнкаў рыб: беларус зрабіў віртуальны акварыум для сваіх дзяцей, але праект нечакана стаў папулярным

Распрацоўшчык Мікалай Замоцін усяго за пару вечароў пад фільм на фоне стварыў для сваіх дзяцей інтэрактыўную гульню-акварыум. Відэа пра праект набрала мільёны праглядаў у сацсетках, а самі віртуальныя рыбы стападабаліся сотням тысяч карыстальнікаў па ўсім свеце. Гісторыю праекта распрацоўшчык расказаў у падкасце на YouTube.

Ідэя праекта «Анлайн-акварыум з дзіцячых малюнкаў» у тым, што дзіця малюе любую рыбу на спецыяльным аркушы паперы, фатаграфуе малюнак, пасля чаго рыба «ажывае» і пачынае плаваць у віртуальным акварыуме.

Мікалай Замоцін не планаваў запускаць камерцыйны прадукт. Гэта быў звычайны праект-эксперымент з нейрасеткамі: лакальны прататып ён сабраў за два-тры вечары.
Распрацоўшчыку нават не давялося ўручную пісаць код ці разбірацца ў спецыялізаваных гульнявых рухавіках, бо ўсю праграмную частку, фізіку і логіку рухаў напісаў ШІ-асістэнт Claude Code, а графіку дапамог стварыць ChatGPT.
«Зараз стэк не патрэбны, трэба ўмець звычайнай чалавечай мовай проста сказаць нейрасетцы, чаго ты хочаш. І яна гэта робіць! Гэта магія».
Мікалай апублікаваў кароткае відэа з тэставаннем гульні ў Reels на зусім новым акаўнце. Нечакана ролік набраў каля 80 тысяч праглядаў, а прыватныя паведамленні засыпалі просьбамі даць спасылку. Распрацоўшчык выдаткаваў яшчэ тыдзень, каб спрасціць інтэрфейс і перанесці вэб-версію на публічны сервер.

Другі ролік з дэманстрацыяй разляцеўся па сацсетках і сумарна сабраў больш за 2 мільёны праглядаў.
Сапраўдны выбух актыўнасці адбыўся на пачатку навучальнага года: гульню падхапілі школьныя настаўнікі, якія проста на ўроках давалі дзецям маляваць рыб. А пазней, як распавядае Мікалай, у акварыумы пачалі гуляць нават дарослыя ў офісах буйных карпарацый.
Маштаб праекта хутка вырас:
- карыстальнікі стварылі больш за 48 тысяч віртуальных акварыумаў;
- дзеці і дарослыя загрузілі звыш 340 тысяч малюнкаў;
- штодзённы аб’ём графічных звестак перавысіў 6 гігабайтаў нават пасля сціскання;
- першапачатковы сервер за 5 еўра перастаў вытрымліваць нагрузку, таму хостынг давялося тэрмінова пашыраць.
Мікалай Замоцін выклаў зыходны код праекта ў адкрыты доступ на GitHub, і яго адразу пачалі капіяваць. Аднак клоны не змаглі паўтарыць поспех: аўтар лічыць, што справа ў шчырасці і чысціні інтэрфейсу. Рэч у тым, што канкурэнты адразу абвешалі экран навязлівымі спасылкамі і QR-кодамі на данаты. У арыгінале ж не было ні рэкламы, ні збору звестак — толькі творчасць і рыбкі.
Спачатку праект быў цалкам бясплатным, але карыстальнікі ўсё часцей пыталіся, як аддзячыць аўтару. Тады Мікалай — таксама з дапамогай Claude Code — распрацаваў асобны дадатак для iOS — ужо платны.

На сёння аплікацыю спампавалі больш за 7 000 разоў, а агульны даход распрацоўшчыка склаў каля 1 200 долараў. Пры гэтым вэб-версія па-ранейшаму застаецца цалкам бясплатнай.
Цяпер аўтар працягвае эксперыменты. Нядаўна ён усяго за дзве гадзіны змайстраваў інтэрактыўную вуду для лоўлі намаляваных рыб — прымацаваў скотчам да палачкі для сушы бесправадны навушнік AirPods і задзейнічаў яго датчыкі руху.

Мікалай кажа, што гісторыя з віртуальным акварыумам наглядна паказвае змены ў індустрыі: навыкі, якія праграмісты назапашвалі гадамі і лічылі сваёй галоўнай перавагай, амаль поўнасцю згубілі ранейшую каштоўнасць.
«Раней у мяне было вельмі шмат напрацовак па аўтаматызацыі, бібліятэк. Я думаў, што гэта мой туз у рукаве. Цяпер усё абнулілася. Паплакаў пару хвілін і зразумеў: ну ўсё, больш гэтую папку з бібліятэкамі я не адкрыю», — прызнаецца распрацоўшчык.

Складаны кодзінг перастаў быць бар’ерам для ўваходу ў прафесію, а на першы план выйшлі хуткасць праверкі ідэй і рэальная карысць для чалавека.
«Мая парада ўсім праграмістам: эксперыментуйце і не хвалюйцеся, калі зрабілі нешта ўсяго за пару гадзін», — кажа Мікалай Замоцін.
Беларус упэўнены: цяпер важна не расцягваць распрацоўку на месяцы, а адкінуць страх і проста націснуць кнопку «Апублікаваць».
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.