«Укладанні ў батат — гэта не як у бульбу». Беларус на 20 сотках на Століншчыне вырошчвае «салодкую бульбу»

Фота: instagram.com/batat_market

Дзмітрый у 2021 годзе пачаў вырошчваць батат у Столінскім раёне як аматарскі эксперымент. Неўзабаве ён звольніўся з працы ў Мінску і вырашыў цалкам прысвяціць сябе развіццю справы. Цяпер на 20 сотках ён атрымлівае 4–5 тон ураджаю і мае калекцыю з больш чым 50 гатункаў. Гісторыю фермера расказвае Onliner.by.

Уцёкі ад цяпліц у Мінск

Першапачаткова Дзмітрый не планаваў займацца сельскай гаспадаркай. Паступіў у Мінск, а пасля вучобы застаўся працаваць у сталіцы.

— Калісьці я ўцякаў ад цяпліц: у дзяцінстве хацелася гуляць з сябрамі і весяліцца, тады здавалася, што корпацца ў зямлі — зусім не маё.

Аднак у гарадской кватэры хлопец захапіўся мікразелянінай, а ў 2021 годзе прачытаў пра паспяховае вырошчванне батату на Гродзеншчыне. Так з’явілася ідэя: чаму б не паспрабаваць паўтарыць гэты досвед на радзіме? І пачаў з 20 чаранкоў на некалькіх метрах бацькоўскага агарода ў аграгарадку Рамель.

Фота: instagram.com/batat_market

Эксперымент пацвердзіў: культура выдатна пачуваецца ў паўднёвым беларускім клімаце. На другі год пасадкі павялічыліся да 100 кустоў, з’явіўся кропельны паліў. З трэцяга сезона праект стаў камерцыйным.

Пэўны час Дзмітрый сумяшчаў аграбізнес з офіснай працай. Двойчы на год браў адпачынак, каб увесну пасадзіць батат, а ўвосень — сабраць. А цяпер ужо цалкам сканцэнтраваўся на зямлі.

«Не хачу быць вар’ятам-калекцыянерам»

Нягледзячы на народную назву «салодкая бульба», вырошчванне батату істотна адрозніваецца ад звыклай бульбы. Галоўная адметнасць — каласальны аб’ём ручной працы. Адкрыты грунт вымагае выдаткаў на плёнку і кропельны паліў, а капрызнае надвор’е здольнае знізіць ураджай нават правераных гатункаў. Капаюць батат таксама толькі рукамі — праз рызыку пашкодзіць далікатную скурку і клубні.

Фота: instagram.com/batat_market

— Укладанні ў батат — гэта не як у бульбу, гектар якой можна пасадзіць за паўдня пад трактар, а потым ім жа сабраць. Тут спачатку трэба прарасціць расаду, зрэзаць і высадзіць кожны парастачак, ацяпляць цяпліцу, усю зіму трымаць клубні пры пэўнай тэмпературы. Плюс плёнка, паліў — усё гэта выдаткі. А ўвосень кожны куст трэба выкопваць рукамі.

Фота: instagram.com/batat_market

Сёння ў калекцыі фермера — больш за 50 сартоў: з белымі, аранжавымі, фіялетавымі, жоўтымі і ружовымі клубнямі.

— Не хачу быць вар’ятам-калекцыянерам, які збірае ўсе сарты свету. Мне цікава зразумець, якія з іх растуць найбольш стабільна, каб дакладна ведаць патрэбныя ім умовы і прагназаваць ураджай, — тлумачыць Дзмітрый.

Фота: instagram.com/batat_market

«Прадаваць оптам па 5 рублёў няма сэнсу»

Для беларусаў батат усё яшчэ застаецца экзатычнай культурай, але фермер упэўнены, што гэта часова:

— Яшчэ гадоў дзесяць таму баклажаны здаваліся нам дзівам, а цяпер вунь паў-Альшан вырошчвае іх і спакойна прадае тонамі на рынках, усе іх ядуць.

Фота: instagram.com/batat_market

Сёння Дзмітрый працуе ў статусе асабістай падсобнай гаспадаркі, таму выхад на гандлёвыя сеткі для яго закрыты. З перакупшчыкамі працаваць таксама нявыгадна: іх закупачныя цэны не пакрываюць выдаткаў.

— Няма сэнсу прадаваць тону оптам па 5 рублёў. Калі кліент гатовы на наступны год унесці перадаплату і гарантаваць выкуп аб’ёму — пад яго я гатовы вырасціць.

Фота: instagram.com/batat_market

Пакуль жа асноўны збыт ідзе наўпрост канчатковаму пакупніку праз мінскі фермерскі рынак «Усё сваё». Там Дзмітрый прадае батат па 12-16 рублёў за кілаграм. За дзень разыходзіцца па 100–150 кг. Нестандартныя і дробныя клубні прадаюцца са зніжкай, бо яны захоўваюцца горш.

Заказы ў іншыя гарады фермер высылае поштай, але толькі ў цёплы сезон: холаду батат не вытрымлівае.

Фота: instagram.com/batat_market

«Практыка паказала, што я памыляўся»

Па вясне Дзмітрый страціў частку расады. Але выніковы ўраджай усё адно ацэньвае ў 4–5 тон. Ён прыглядаецца да перапрацоўкі — вялення і замарозкі, але гэта патрабуе дадатковага абсталявання, што пры цяперашніх маштабах пакуль эканамічна немэтазгодна.

Фота: instagram.com/batat_market

Тым не менш, пяцігадовы досвед вырошчвання батату паказаў: заробак тут ёсць, але ён няпросты.

— Калі б плюсу не было, я б гэтым не займаўся. Праўда, калі звальняўся, спадзяваўся, што змагу зарабляць дастаткова, каб не думаць пра падпрацоўкі. Але практыка паказала, што я памыляўся, — прызнаецца Дзмітрый.

Таму фермер не выключае вяртання на працу, аднак пакідаць аграсправу не збіраецца і плануе далей папулярызаваць батат у Беларусі.

Фота: instagram.com/batat_market

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *