«На жаль, мы зноў закрываемся». Варшаўскі бар Beer Station Praga не змог дамовіцца з суседзямі

Фота: instagram.com/beer_station_pl

Беларускі бар Beer Station Praga, які знаходзіцца ў варшаўскім раёне Прага, з 22 кастрычніка спыняе працу. Прычына — праблемы з суседзямі, паведамілі ўладальнікі ў сацыяльных сетках.

— Гэта ўжо другі наш бар на Празе, які мы вымушаныя закрыць. І зноў прычына — праблемы з суседзямі. Мы доўга змагаліся, спрабавалі знайсці кампраміс, вырашыць канфлікты і захаваць гэтае месца. Але, на жаль, нам так і не ўдалося пераадолець усе цяжкасці.

Уладальнікі пішуць, што ўклалі ў Beer Station Praga шмат сіл, часу, душы і сэрца. І хацелі, каб гэты бар працягваў жыць, але часам нават вялікага жадання і намаганняў недастаткова.

Фота: instagram.com/beer_station_pl

Апошні дзень працы ўстановы — 22 кастрычніка, і да гэтага часу бар запрашае сваіх гасцей:

— У нас засталося яшчэ некалькі дзён, каб сустрэцца, выпіць разам піва, паслухаць музыку, патанчыць і ўзгадаць усе тыя неверагодныя моманты, якія мы перажылі разам. Мы хочам развітацца з гэтым месцам гучна, весела і так, як мы заўсёды ўмелі. Давайце правядзём гэтыя апошнія дні так, каб было што ўспамінаць!

Таксама ўладальнікі Beer Station Praga падзякавалі кожнаму, хто быў з барам, падтрымліваў і рабіў гэты бар асаблівым.

Нагадаем, што першы Beer Station адкрыўся ў Варшаве ў снежні 2019 года на вуліцы Kępna, 15. Бар заснавалі беларусы Андрэй Альшэўскі і Аляксандр Паўловіч. Установа стала папулярным месцам сустрэч беларускай дыяспары, тут ладзілі канцэрты і культурныя мерапрыемствы.

Фота: Marcin Orwicz, wolnykraft.org

У лістападзе 2023 года бар на Kępna закрыўся праз канфлікт з суседзямі. Паводле слоў Андрэя Альшэўскага, жыхарам не падабаліся шум і курэнне наведвальнікаў, і пры падаўжэнні дазволу на продаж алкаголю жыхары прагаласавалі супраць. Тады ўладальнікі заявілі, што будуць шукаць новае памяшканне на Празе — у выніку Beer Station Praga перамясціўся на вуліцу Ząbkowska, 5.

Фота: instagram.com/beerstationwola

Сёння ў Варшаве працуюць яшчэ тры бары сеткі Beer Station — па адрасе Lwowska, 17, у раёне Воля (Wolska, 89), а таксама ў самым цэнтры (Żurawia 22). Апошняя кропка адкрылася зусім нядаўна — 3 кастрычніка.

Таксама праз праблемы з суседзямі ў траўні 2026 года вымушаны быў закрыцца іншы бар, заснаваны ў Варшаве беларусамі — Negroni Centrale на вуліцы Пазнаньскай, 13.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *