Беларусы з Пінску адкрылі кафэ «Піна» ў Партугаліі і перадралі 14 тон бульбы ў эміграцыі

Трое пінчукоў — Яўген, Марфа і Аксана — пераехалі ў Партугалію, бо, як самі жартуюць, пераехаць за 3000 кіламетраў ад дома цікавей, чым за 300. Аксана пачала шлях у эміграцыі яшчэ 9 гадоў таму, а Яўген з Марфай далучыліся да яе ўжо ў 2022-м. У снежні 2023 года яны адкрылі ў Порту кафэ «Дом», дзе праводзяць фірмовыя «дранчы». А ў жніўні 2025-га «выпадкова» адкрылі ўжо другое беларускае кафэ ў партугальскім горадзе Матазіньюш.
Чаму ў гэтыя кафэ заходзіць хто заўгодна, акрамя саміх партугальцаў? Чаму пасля пазнакі «пэт-фрэндлі» мясцовыя ўсё роўна баяцца зайсці з сабакамі? Што такое СНД-шны сэрвіс і права на памылку ў стартапе? Пра гэта спецыяльна для spravy.io расказвае былы айцішнік і сузаснавальнік абодвух кафэ Яўген.

«Ну окей, будзе тут кавалачак Беларусі»
Кафэ беларусы адкрылі без доўгіх разважанняў. Яўген расказвае, што ягоны айцішны досвед вучыць: усё трэба тэставаць. Напрыклад, у «Доме» думалі, што будуць спецыялізавацца на блінах, але ў выніку перамаглі дранікі. З «Пінай» гісторыя была падобная — адкрыццё было без бізнес-плану:
— Ідэя ўзнікла выпадкова. Добры раён, Матазіньюш, побач акіян, мы ішлі проста па вуліцы, убачылі прыкольнае месца і вырашылі, што можна паспрабаваць. Паглядзелі, патэлефанавалі, дамовіліся — і ўсё, — узгадвае Яўген.

Раней тут была турфірма. Таму ў памяшканні не было патрэбных камунікацый і належнай электрычнасці, але каманду гэта не спыніла: зрабілі рамонт і адкрыліся.
Назва «Піна» — вынік асабістай гісторыі пра малую радзіму:
— Таму што мы ўтраіх з Пінску, там ёсць рака Піна і было аднайменнае кафэ. «Злачная ўстанова», — з цеплынёй узгадвае Яўген. — Вельмі злачнае месца, з бойкамі і ўсім астатнім. Мы падумалі: ну окей, будзе тут такі кавалачак Беларусі.
Панкейкі? Не, «дранчы» і сырнікі
Зараз «Дом» і «Піна» працуюць у розных фарматах. Галоўная прычына — няма паўнавартаснай кухні на другой пляцоўцы. Стравы для «Піны» возяць з кухні «Дому». Таму там, паспрабаваўшы некалькіх канцэптаў, вырашылі спыніцца на сырніках.

— У «Доме» дранікі ёсць прыкладна ва ўсіх стравах. Адсюль і «дранчы», ідэя якіх узнікла проста ў моманце, — расказвае Яўген. — Хаця спачатку думалі, што будзем «бліннай» і мелі ў меню 17 відаў бліноў і толькі 3 віды дранікаў.
Попыт паказаў іншае. За два гады каманда перапрацавала 14 тон бульбы, ператварыўшы яе ў дзясяткі тысяч порцый дранікаў.

У «Піне» акцэнт зрабілі на сырніках — і тут знайшлі сваю фішку:
— З сырнікамі ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, кліент можа выбраць памер сырнікаў — аказалася, што для многіх гэта важна, — дадае Яўген.
«У адрозненне ад Беларусі, у Партугаліі маеш права на памылку»
Нават з вялікімі затратамі на мэблю, дэкор і посуд, кафэ «Дом» выйшла ў плюс ужо з першага месяца працы. Праз тры месяцы заснавальнікі змаглі плаціць сабе зарплаты, якія пакрывалі прынамсі арэнду іх кватэр.

Цяпер і кафэ «Піна» выйшла на самаакупнасць — працуе «у нуль». Арэнда памяшкання каштуе 1000 еўра на месяц. Такая ж сума сыходзіць і на арэнду «Дома».
Самым дарагім набыткам пры адкрыцці «Піны», як і ў гісторыі з першай кавярняй, стала кавамашына. Купілі такую самую, толькі чырвоную, і аддалі за яе 10 тысяч еўра.

Рамонт рабілі пераважна ўласнымі сіламі.
— Не хацелася б нікога крыўдзіць, але ў большасці беларусаў, ці ўмоўна людзей з бедных краін, уменне нешта рабіць рукамі закладзена нібыта ў базавых наладах, — дзеліцца Яўген.
З бягучых выдаткаў прадукты абыходзяцца прыкладна ў 4500 еўра, а электрычнасць, вада і інтэрнэт — яшчэ ў 650 еўра штомесяц.
Хуткаму запуску новай кавярні крыху перашкодзіў «партугальскі рандом», дзе трактоўка мясцовых законаў часта залежыць ад настрою канкрэтнага інспектара.
— Праца з дзяржаўнымі органамі ў Партугаліі — гэта асобны квэст. Тут існуе сістэма Zero License, калі ты апавяшчаеш дзяржаву пра адкрыццё і падпісваешся пад тым, што выканаў усе патрабаванні. У «Піне» прыкол быў у тым, што нашыя знаёмыя адкрывалі кавярню, дзе выпякалі вафлі, і іх правяраў той самы інспектар. Ён сказаў, што выцяжка не абавязковая, хаця яны пяклі вафлі на месцы. У нас жа няма кухні і каву варыць кавамашына, але інспектар заявіў: «Вы будзеце рабіць каву — патрэбна выцяжка», — узгадвае Яўген.

Закон можна трактаваць дваяка. Таму, пакуль разабраліся і адстаялі сваю пазіцыю, прайшло амаль паўгода.
Але Яўген кажа, што ў Партугаліі стартапам значна прасцей, чым у Беларусі. Па-першае, існуе прынцып Zero License — дзяржава табе «давярае», што ты ўсё зрабіў правільна. Па-другое, ёсць права на памылку:
— Можаш памыліцца ў бухгалтэрыі, з падаткамі ці яшчэ ў чым — і гэта не стане катастрофай. Здаецца, у Беларусі такое немагчыма. А тут разумееш: нават калі інспектар памыліцца, ён мае на гэта права, як і ты. Адразу адчуваеш сябе спакайней — знікае гэты пастаянны страх перад сістэмай, — тлумачыць Яўген.
«Бярыце, што ёсць» Чаму з партугальцамі цяжка працаваць
Зараз у камандзе працуе 11 чалавек. Але стваральнікі бізнесу не адыходзяць ад спраў:
— Маглі б самі не працаваць на кухні ці ў залі, але ўсё роўна робім гэта па выхадных, каб не губляць кантакт. Здаецца, як толькі ты на 100% сыдзеш — страціш разуменне сітуацыі. Плюс, калі працуеш сам, лепш разумееш, што сапраўды дрэнна, а што — добра.

Увесь персанал у кафейнях — выхадцы з СНД. З партугальцамі працоўных адносінаў не складваецца, бо яны ментальна іншыя і ніколі не спяшаюцца.
Яўген кажа, што нават пажыўшы ў Партугаліі чатыры гады, «асімілявацца» не атрымалася:
— Не ўпэўнены, што гэта ўвогуле магчыма. Калі заўсёды жыў у тэмпе, дзе спрабаваў усё зрабіць «цяпер», а лепш «учора», то як перабудавацца? Я ўсё яшчэ спяшаюся, хутчэй за ўсіх іду ў натоўпе.

Спробы наймаць мясцовых і экспатаў былі. Але бізнесоўцы зразумелі, што ў беларусаў і ўкраінцаў свой стыль працы:
— Нашыя людзі вельмі класна робяць сэрвіс, сочаць за тым, каб гасцям было добра і ўтульна. А ў мясцовых няма такой задачы.
Былі і непрадказальныя паводзіны партнёраў. Напрыклад, пастаўшчык не прыйшоў на сустрэчу, не папярэдзіў, а пасля здзівіўся прэтэнзіям: «А хіба гэта праблема? У мяне былі справы». Аналагічная гісторыя здарылася з шыльдай: замовілі квадратную, а прывезлі круглую. На пытанне «чаму?» адказалі, што якая розніца, бярыце, што ёсць.
«Калі ў нейкім месцы еў твой дзед і твой бацька, то ты таксама будзеш хадзіць туды»
Порту і Матазіньюш — гарады, дзе шмат турыстаў і экспатаў. Менавіта яны —асноўныя кліенты беларускіх кафэ, бо партугальцы — людзі даволі кансерватыўныя.
— Звычайны партугалец… Калі ў нейкім месцы еў твой дзед і твой бацька, то ты таксама будзеш хадзіць туды і, хутчэй за ўсё, ніколі не захочаш паспрабаваць чагосьці іншага, — тлумачыць Яўген.

Моўны бар’ер — не праблема для грамадскага харчавання. У 99% выпадкаў можна паразумецца па-англійску, хаця большасць працаўнікоў кафэ партугальскую мову ўжо вывучылі.
Цікавая гісторыя склалася і з фарматам «пэт-фрэндлі», які дзейнічае ў абодвух кафэ.
— Большасць устаноў не пэт-фрэндлі ўвогуле, хаця тут вельмі шмат сабак. На жаль, гэтаму няма тлумачэння, але ў мясцовых свае звычкі: перад тым, як зайсці ў кафэ, многія становяцца на вуліцы і чакаюць, ці можна з сабакамі. У нас не было ваганняў, пускаць сабаку ці не — адразу было зразумела, што можна.
Кліент напісаў у Instagram: «Асцярожна, мяне хацелі тут атруціць»
Кніга скаргаў ёсць, але яна застаецца пустой. Усе спрэчныя моманты вырашаюцца «палюбоўна». Былі, праўда, і нестандартныя сітуацыі, як на самым пачатку працы, калі адзін з гасцей параіў не пускаць у кафэ нікога, акрамя беларусаў, ставячы пад сумнеў канцэпцыю месца.
— На што я адказаў: «Ну, тады мы зачынімся праз 20 хвілін». Гэта вельмі дзіўная гісторыя — кагосьці пускаць, кагосьці не пускаць, — дзеліцца прадпрымальнік.

Аднак здараліся і сур’ёзныя фэйлы, дзе памылка каманды патрабавала «дыпламатычных перамоваў». Адзін такі выпадак быў звязаны з грыбамі:
— Была вялікая запара, і выпадкова паклалі грыбы замест курыцы, а ў чалавека як раз была алергія на іх. Спрабавалі вырашыць сітуацыю на месцы. Але яму не спадабалася, як мы гэта зрабілі. У выніку госць напісаў у Instagram: «Будзьце асцярожныя, бо тут мяне маглі атруціць». Мы не сталі спрачацца: «Окей, згодныя, наш касяк, у наступны раз будзем больш акуратныя. Дзякуй, што напісалі нам у Instagram, мы гэтую гісторыю абмеркавалі, прыходзьце да нас зноў».
І кліент у выніку вярнуўся, бо ўбачыў сумленнасць і гатоўнасць да дыялогу.
— Калі нехта лічыць, што мы накасячылі, то прасцей пачаставаць яго чымсьці бясплатна, чым павялічваць напружанне. У нас заўсёды працуе дыялог. І пакуль што атрымліваецца згладжваць любыя вострыя вуглы, — падсумоўвае Яўген.
«Ужо не змяшчаемся ў памяшканні»
Пакуль каманда Яўгена займаецца двума ўстановамі, але ўжо хоча расці. Галоўная праблема цяпер — не стае прасторы:
— Мы не змяшчаемся ў гэтым памяшканні. У нас не хапае месца ні для колькасці гасцей, якія вымушаныя стаяць на вуліцы, ні для нарыхтовак — проста няма дзе паставіць дадатковыя халадзільнікі, — дзеліцца прадпрымальнік.

Знайсці новае памяшканне ў Порту нялёгка. Рынак тут перагрэты: турыстаў шмат, арэнда расце, а лепшыя варыянты разыходзяцца «сярод сваіх» і не даходзяць да адкрытага рынку. Таму ўладальнікі глядзяць далей:
— Калі думаць пра новую кропку, то ў Порту наўрад ці — нам больш цікавы Лісабон. Там больш турыстаў і экспатаў, і падаецца, што можна будзе амаль зрабіць «Ctrl-C, Ctrl-V» нашага фармату з «Домам», бо ўсё ўжо выпрацавана і адладжана.
«Накармілі дранікамі больш замежнікаў, чым любое беларускае кафэ»
Год таму ў «Доме» павесілі мапу, на якой госці могуць пазначыць краіну, адкуль прыехалі. Вынік уражвае:
— На мапе можна паставіць шпількі — і там забіты ўвесь свет. Кормім людзей з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, Ірана… Па адчуваннях, мы накармілі дранікамі больш замежнікаў, чым любое беларускае кафэ, таму што ў Беларусі няма такой канцэнтрацыі турыстаў, — кажа Яўген.

Пры гэтым пінчук упэўнены, што яны прасоўваюць беларускую культуру праз адаптацыю:
— Бярэш кавалачак свайго, якога тут няма, і апранаеш у іншую «ўпакоўку», каб гэта было зразумела мясцовым. Мне здаецца, што дзякуючы нашаму кафэ пра дранікі даведалася значна больш людзей, чым калі-небудзь да гэтага.

Беларускія госці — асобная гісторыя. Многія прыходзяць з «падарункамі з дому».
— Гэта заўсёды нечакана. Любыя беларускія цукеркі ці паштоўкі — усё роўна вялікі сюрпрыз, бо ты ад гэтага адвык, гэта ўсё стала вельмі далёкім, — дзеліцца Яўген. — Калі табе прыносяць умоўную шакаладку «Алёнка», ты ўсё роўна вельмі рады! Людзі, якія едуць у Беларусь, спецыяльна прывозяць нам гэтыя сувеніры, і гэта вельмі кранальна.
Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.
Дзякуй за цікавы тэкст. А “кафэ” – гэта кавярня.