ТОП сэрвісаў для аўтаматычнага стварэння беларускіх субтытраў у відэа

Субтытры ў Reels, TikTok і Shorts — гэта абавязковая ўмова для кароткіх вертыкальных відэа, бо значная частка карыстальнікаў глядзіць кантэнт без гуку.

«Справы» праверылі, які сэрвіс аўтаматычнага стварэння субтытраў найлепей працуе з беларускай мовай. Тэставым відэа стаў запіс выступу Уладзіміра Караткевіча, прысвечанага 50-годдзю з дня нараджэння пісьменніка (Дом літаратара, 1980 год).

WithSubtitles.com

Вэб-версія сэрвісу працуе паводле прынцыпу лакальных вылічэнняў: ШІ-мадэль Whisper спампоўваецца непасрэдна ў ваш браўзер. Таму гэта выдатнае рашэнне для працы з канфідэнцыйнымі карпаратыўнымі матэрыяламі, бо файлы не адпраўляюцца на чужыя серверы. Але калі ў вас слабы ці сярэдні ноўтбук, то працэс першага запуску можа зацягнуцца. Таксама лакальнае распазнаванне патрабуе рэсурсаў працэсара і аператыўнай памяці вашага камп’ютара.

У меню ёсць беларуская мова, а таксама выбар мадэлі для распазнавання.

У сэрвісе ёсць сетка «бяспечнай зоны», стандартныя шаблоны субтытраў, індывідуальная наладжванне знешняга выгляду тэксту, а таксама магчымасць скапіяваць ці спампаваць распазнаныя субтытры.

Дакладнасць распазнавання аказалася нізкай — сэрвіс частку слоў зусім не распазнаў, а недзе ўставіў рускія літары «и». Рэдагаваць уручную давядзецца шмат, а некаторыя словы прасцей перапісаць нанава.

Дзе працуе: браўзер, камп’ютар і iOS.

Кошт: вэб-версія цалкам бясплатная і без рэгістрацыі, праграма для iOS мае бясплатныя ліміты, праграма для камп’ютара платная.

VEED.io

VEED.io — гэта прафесійны воблачны відэарэдактар, таму акрамя распазнавання субтытраў там ёсць яшчэ шмат інструментаў для стваральнікаў кантэнту. У тым ліку — генерацыя ШІ-відэа.

Што да субтытраў, то наш тэст паказаў, што VEED у цэлым добра распазнаў беларускую мову, хаця некаторыя літары ў асобных словах усё-такі патрабуюць ручнога выпраўлення.

Цікава, што ШІ нядрэнна справіўся не толькі з тэкстам, але і з пунктуацыяй — расстаўленыя коскі, кропкі, пытальнікі.

Таксама ў VEED ёсць зручная функцыя аўтаматычнага перакладу: за некалькі секунд можна атрымаць субтытры на іншых мовах.

Дзе працуе: браўзер.

Кошт: бясплатная версія мае дэма-характар (бо ёсць ліміты па якасці і хвілінах, а таксама вадзяны знак VEED на відэа), платная падпіска каштуе ад €11 за месяц пры гадавой аплаце.

Captions.ai

Captions — платформа для стварэння і рэдагавання відэа з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Стварэнне субтытраў — толькі адна з функцый сэрвісу.

У цэлым алгарытмы распазналі беларускую мову добра, але некаторыя словы трэба выпраўляць — «прОбачце», гаварІць», «мИлых». Са знакаў пунктуацыі з’явіўся толькі пытальнік.

Дзе працуе: Мабільная праграма (iOS, Android), дэсктоп і вэб-версія.

Кошт: бясплатна можна стварыць субтытры на мабільнай версіі са стандартным дызайнам, платная версія каштуе ад $6 за месяц (Lite-версія для Android).

Edits

Праграма Edits для смартфонаў ад Meta была створана для прамога суперніцтва з CapCut, таму яе інтэрфейс здасца знаёмым многім мабільным мантажорам. Але нас цікавіць функцыя «Auto Captions», дзе нядаўна з’явілася беларуская мова, а распазнаванне працуе на базе глабальных шматмоўных ШІ-мадэляў Meta.

Уражанні ад распазнаных субтытраў неадназначныя: з аднаго боку, тэкст распазнаўся даволі добра і выправіць памылкі ўручную можна даволі хутка. Але пры гэтым частка субтытраў не супадае па таймінгу з гукавой дарожкай, а некаторыя тэкставыя блокі аказаліся доўгімі — іх трэба дзяліць уручную. Праз гэта немагчыма прымяняць некаторыя стылі субтытраў, бо словы або не паказваюцца, або напаўзаюць адно на адно.

Таксама Edits захоўвае відэа толькі ў вертыкальным фармаце.

Дзе працуе: мабільны дадатак (iOS, Android).

Кошт: праграма цалкам бясплатная — Meta не бярэ плату за выкарыстанне, не паказвае рэкламу і не ставіць вадзяныя знакі на экспартаваныя відэа (нават пры 4K). Бо галоўная мэта распрацоўшчыкаў — стымуляваць стварэнне кантэнту для сваіх сацыяльных сетак.

Submagic.co

Submagic — яшчэ адзін воблачны інструмент, створаны для генерацыі і рэдагавання кароткіх відэа.

Беларускую мову сэрвіс распазнаў добра, а да некаторых слоў нават аўтаматычна дадаў тэматычныя смайлы — для дынамічных вертыкальных відэа ў сацсетках гэта можа быць плюсам.

Дзе працуе: браўзер.

Кошт: бясплатна можна стварыць праект і наладзіць субтытры, але для экспарту відэа і выдалення вадзянога знака давядзецца набыць падпіску: тарыфы пачынаюцца ад $12 за месяц пры гадавой аплаце.

YouTube

Укараненне прасунутых мультымадальных мадэлей ад Google зрабіла сапраўдны прарыў: цяпер відэахостынг здольны аўтаматычна і з вельмі высокай дакладнасцю распазнаваць беларускае маўленне.

Мы запампавалі відэа на тэставы канал: калі пазначыць мову відэа, то YouTube аўтаматычна створыць субтытры. І дакладнасць распазнавання аказалася хіба што адной з найлепшых сярод усіх пратэставаных сэрвісаў.

Але вялікі мінус у тым, што субтытры застаюцца тэкставымі і толькі на YouTube. Каб змяніць стыль і зарэндэрыць відэа з субтытрамі, трэба спампаваць гатовы файл субтытраў (у фармаце .srt або .sbv) і загрузіць яго ў іншы відэарэдактар або сэрвіс.

Дзе працуе: браўзер.

Кошт: цалкам бясплатна.

TuteishyGPT

Супольнасць беларусаў стварыла і развівае TuteishyGPT — AI-праект, які адаптуе сучасныя нейрасеткавыя інструменты для беларускай мовы. Сярод іншага там ёсць і распазнаванне беларускай мовы для субтытраў.

Можна загрузіць аўдыё- або відэафайл, і пасля апрацоўкі атрымаць распазнаны тэкст субтытраў. Як і ў прыкладзе з Ютубам, файл субтытраў трэба спампаваць, а потым генераваць відэа з субтытрамі ўжо і іншым відэарэдактары або сэрвісе.

Але якасць распазнання вельмі добрая — правіць фактычна нічога не трэба. Як кажуць стваральнікі праекту, яны выкарыстоўваюць ШІ мадэль ад Google з пераправеркай, таму тэкст распазнаецца добра, але часам памылкова расстаўляюцца пазнакі часу.

HappyScribe

HappyScribe — гэта платформа для транскрыпцыі, якую часта выкарыстоўваюць журналісты і стваральнікі дакументальнага кантэнту.

Тэст паказаў, што сэрвіс ідэальна спраўляецца з распазнаваннем беларускай мовы — можна публікаваць відэа амаль без рэдагавання. Аднак некаторыя тэкставыя блокі атрымаліся доўгімі — іх трэба ўручную падзяліць, але ў сэрвісе гэта робіцца вельмі зручна і хутка.

Да мінусаў можна аднесці тое, што сэрвіс не стварае «вірусных» анімацый для TikTok і Instagram, бо яго задача — стварыць акуратныя, чытэльныя і строгія субтытры.

Дзе працуе: браўзер.

Кошт: платформа дазваляе бясплатна пратэставаць транскрыпцыю на кароткіх урыўках відэа і спампаваць гэтыя тэсты з вадзянымі знакамі. Але для пастаяннага карыстання трэба набываць падпіску — ад $8,5 за месяц пры гадавой аплаце.

Вынікі тэсту: які сэрвіс выбраць?

Наш тэст-драйв паказаў, што амаль усе сэрвісы патрабуюць чалавечай вычыткі субтытраў на беларускай мове, але некаторыя з іх ужо наблізіліся да 99% правільнага распазнавання.

Калі вы шукаеце бясплатную версію і кантэнт будзе толькі вертыкальным, то раім паспрабаваць Edits — хоць субтытры і трэба падправіць, але затое няма ніякіх абмежаванняў і можна наладзіць анімацыю і стыль тэксту.

Калі ж для вас важны менавіта тэкст, а эфекты і колеры вы гатовы наладжваць у відэарэдактары, то можна бясплатна распазнаваць відэа праз TuteishyGPT або YouTube.

Ну а калі хочацца адначасова добрае распазнаванне і стылю, то прыйдзецца плаціць. Напрыклад, за падпіску VEED або Submagic. Бонусам атрымаеце яшчэ магчымасць генераваць або рэдагаваць відэа з дапамогай ШІ.

Карыстаецеся іншым сэрвісам? Раскажыце нам пра гэта, дапоўнім падборку!

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *