«За 5 гадоў ніводная дзяўчына не была задаволеная сваёй знешнасцю». Як беларуска развівае ўласны брэнд бялізны ў Польшчы

«Калі будзеш дрэнна вучыцца, то станеш швачкай-матарысткай», — цяпер з цеплынёй успамінае словы таты Дар’я Сідаркевіч, для якой гэта насамрэч стала прафесіяй мары. Але каб ажыццявіць гэтую мару, трэба было вывучыцца на бухгалтарку, пераехаць у іншую краіну і цалкам перакваліфікавацца.

Пра дыстанцыйныя прымеркі, закупкі ва Украіне, фотасесіі ў бялізне і комплексы жанчын заснавальніца ўласнага брэнда DASHUTA распавяла спецыяльна для spravy.io.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

У Польшчы толькі белы, чорны і бэжавы

Дар’я пераехала з Пінска працаваць у польскі Шчэцін у 2017 годзе і засталася жыць. У Беларусі яна адвучылася на бухгалтара ў гомельскім БелДУТ. У Польшчы спрабавала вучыцца па гэтай жа спецыяльнасці ў паліцыяльнай школе. Але зразумела, што не хоча займацца гэтым усё жыццё. Ды і бухгалтаркай Дар’я ніколі не працавала — да самага дэкрэтнага адпачынку хадзіла ў офіс, але працавала па іншай спецыяльнасці. Пры гэтым, як распавядае беларуска, ёй заўсёды хацелася шыць:

— З самага дзяцінства хацелася нешта рабіць рукамі. Але шыць я навучылася толькі тут, у Польшчы.

Каб пачаць шыць, Дар’я скончыла некалькі анлайн-курсаў. Усе яны былі рускамоўнымі, бо ў Польшчы, як распавядае беларуска, знайсці падобных выкладчыкаў вельмі складана.

Першы курс каштаваў каля €50 і асабліва нічога не даў. Другі, паўгадовы курс, за які Дар’я аддала каля 700 злотых, аказаўся якасным. На ім майстрыня навучылася шыць бялізну на костках, а значыць ужо магла пашыць бюстгальтары на вялікія і сярэднія грудзі. Пасля трэцяга навучальнага курса, які абыйшоўся ў 1400 злотых, Дар’я ўпэўненая, што можа пашыць любую бялізну на ўсе фігуры.

— Бялізну шыць цяжэй за ўсё. Гэта спецыфічная вобласць у швейнай справе. Калі нехта шые звычайную вопратку, не факт, што зробіць бялізну. І тое ж самае са мной: я шыю бялізну, але ў іншым не моцна разбіраюся. Чаму я пачала шыць бялізну? Убачыла анлайн-курсы і падумала: «О, класна было б шыць» — і ўсё. А потым так уцягнулася, што стала цікава, і я пачала шукаць іншыя курсы, каб шыць усё больш складаныя мадэлі.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Дар’я настолькі захапілася творчым бокам працэсу, што цяпер скардзіцца на тое, што ў Польшчы ёй не хапае разнастайнасці ў матэрыялах:

— Такія асноўныя колеры, як чорны, белы ці бэжавы, знайсці можна і тут, а вось нешта цікавае — вельмі складана. Я часам дагэтуль заказваю нешта з Беларусі ці Украіны. Можа быць, я проста яшчэ не знайшла добрых пастаўшчыкоў, каб разгуляцца. Нешта асноўнае ёсць, але каб знайсці ў колер, усё прыгожэнька падабраць — гэта вельмі цяжка.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Заказы з Украіны звычайна прыходзяць цягам тыдня, але дастаўка дарагая — каля 70 злотых. Таму заказваць пару метраў тканіны нявыгадна, трэба рабіць заказ мінімум на 200–300 злотых. 

Калі весці сацсеткі, то шыццём можна зарабіць на жыццё

Цягам пяці гадоў швейнае майстэрства для Дар’і было хобі і крыніцай дадатковага заробку, які Дар’я сумяшчала з працай фултайм. Першую швейную машынку Singer яна набыла за 250 злотых на OLX — проста каб паспрабаваць, ці атрымаецца. 

На другім годзе дэкрэту Дар’ю звольнілі з працы. Працадаўцам не спадабалася, што яна часта брала бальнічныя. Калі сын пайшоў у яселькі, маладая маці вырашыла не шукаць новую офісную працу, а паспрабаваць цалкам перайсці на заробкі ад уласнай справы.

— Бачу, што гэта рэальна, калі пастаянна весці сацыяльныя сеткі і падтрымліваць сувязь з кліенткамі, — упэўнена Дар’я.

Цяпер майстрыня шые на машынцы Janome, якую муж падарыў чатыры гады таму. Каштавала яна каля 1200 злотых. Аверлок Juki тры гады таму быў куплены за 2,5 тысячы злотых. Гэтага абсталявання хапае, але на будучыню ўжо ёсць планы яго абнавіць:

— Увогуле я мару пра іншую швейную машынку — больш хуткую, камп’ютарную. Яна каштуе нашмат даражэй, мінімум некалькі тысяч злотых. Маёй цяперашняй пакуль дастаткова, але хочацца шыць хутчэй на больш крутой тэхніцы.

Што за бюсцік — ніякай падтрымкі! 

Адна з прычын, чаму Дар’я шые менавіта бялізну — многім жанчынам вельмі цяжка падабраць яе ў звычайных крамах:

— Усе мы настолькі розныя, што стандартныя памеры з мас-маркету падыходзяць далёка не кожнай. Бывае так, што ў дзвюх дзяўчат аднолькавыя параметры, але зусім рознае цела і форма грудзей. Таму адзін і той жа бюстгальтар на адной сядзе ідэальна, а на другой зусім па-іншаму. 

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Нядаўна майстрыня апублікавала пост у Threads з пытаннем пра падбор бялізны і атрымала больш за сто каментароў. Са складанасцямі часцей за ўсё сустракаюцца жанчыны з вялікімі і сярэднімі па памеры грудзямі. Нямногім шчасціць знайсці «сваю» мадэль сярод стандартных прапаноў.

Сярэдні камплект ад DASHUTA каштуе 400–450 злотых. Як тлумачыць Дар’я, гэта сярэдняя цана для крамы прафесійнага падбору бялізны:

— Такі кошт у мяне, бо трачу шмат часу і раблю ўсё цалкам індывідуальна. З нуля, пад кожную кліентку раблю выкрайку. Гэта не тое, каб чалавек прыйшоў і выбраў гатовую рэч, якая ляжала ў шафцы. Я шыю бялізну, якая ідэальна падыдзе менавіта па фігуры, па сантыметрах і па форме грудзей.

Асноўныя заказчыцы — полькі. Падарункавыя сертыфікаты ў асноўным купляюць жанчыны жанчынам. 

— Заўсёды радасна за такія гісторыі, калі мама дачцэ купляе сертыфікат ці сяброўка сяброўцы. Гэта вельмі міла.

Некаторыя набываюць сертыфікат на пэўную суму, а іншыя адразу пытаюцца пра кошт камплекта, і тады сертыфікат ідзе з пазнакай «на камплект» ці «на бюстгальтар», каб чалавек, якому робяць падарунак, не ведаў выніковага кошту.

— З трусікамі менш праблем, чым з бюстгальтарам, але па індывідуальных мерках яны таксама значна зручнейшыя за крамныя, — распавядае Дар’я.

Увесь працэс — ад зняцця мерак і працы з макетам да гатовага вырабу — займае ў сярэднім 8-10 гадзін. Дар’я шые і для сябе, бо падбор бялізны пад уласны памер таксама складаны:

— Памятаю адзін выпадак — гэта яшчэ да таго, як я пачала шыць, — калі я трапіла ў класную краму, дзе мне сапраўды дапамаглі выбраць. Але тады я перамерала, напэўна, 10 бюстгальтараў, каб выбраць хаця б адзін. Потым бывала і так: я плюс-мінус ведала свой памер, прыходзіла, а ў наяўнасці аказваўся ўсяго адзін-два бюстгальтары майго памеру — у лепшым выпадку белыя, бэжавыя ці чорныя.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Узгадвае Дар’я і балючыя гісторыі:

— Была сітуацыя, калі я купіла бюстгальтар, і ў мяне так балела спіна праз тугі пояс, што ледзь вытрымлівала на працы. Пазней, калі навучылася шыць, перастала купляць гатовае. Адзінае, што купіла пасля родаў — бялізну для кармлення, таму што не ведала, як яе сшыць, а грудзі сталі нашмат большымі, і мне тады не хапала ведаў для працы з вялікімі грудзямі. Атрымалася так, што я купіла бюстгальтар і засталася вельмі незадаволенай: што ён быў, што яго не было — ніякай падтрымкі. Я падумала, што трэба абавязкова навучыцца шыць і на вялікія грудзі.

Цяпер у крамы з бялізнай Дар’я заходзіць толькі для творчага натхнення:

— Каб паглядзець, што яны шыюць, якія мадэлі і колеры цяпер у модзе. Гляджу і адразу аналізую ў галаве саму канструкцыю, усе гэтыя лініі. Калі шчыра, можа, гэта і ненармальна, але пра бялізну я думаю вельмі часта. 

Нават худыя кажуць, што трэба попу падпампаваць

Вырабы ад DASHUTA можна паглядзець у Instagram. Раней для дэманстрацыі сваіх вырабаў Дар’я запрашала для фотасесіі прафесійную мадэль.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

— Потым з’явілася ідэя паказаць, як бялізна ляжыць на розных фігурах, а не толькі на маладой худой дзяўчыне, бо я шыю для розных людзей. І вырашыла сама паўдзельнічаць у фотасесіі. Так зразумела, што гэта прыцягвае больш, чым калі працуе маладая худая прыгожая дзяўчына-мадэль. 

Цяпер майстрыня просіць знаёмых дзяўчат, калі яны не саромеюцца і могуць паказаць фатаграфіі, дзяліцца імі. Некаторыя заказчыцы самі прапаноўваюць паказаць, як сядзіць бялізна. 

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Як распавядае Дар’я, многія жанчыны, асабліва маладыя, не хочуць прыязджаць на прымеркі, бо саромяцца свайго цела.

— Вельмі сумна, што за 5 гадоў ніхто яшчэ не прыйшоў са словамі: «Я добра выглядаю, хачу прыгожую бялізну, каб стаць яшчэ прыгажэйшай». Не, усе прыходзяць і кажуць: «О, у мяне тое не так, гэта не так, усё дрэнна, трэба схуднець». Нават худыя дзяўчаты кажуць: «Трэба попу падпампаваць». Усе вельмі негатыўна ставяцца да свайго цела. І гэта не беларуская праблема — гэта жаночая гісторыя, кожная чымсьці незадаволеная. 

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Пры гэтым выбіраюць жанчыны часцей за ўсё на свой густ і з мужчынамі не раюцца:

— Ніхто не казаў: «Куплю бялізну і спытаю меркаванне ў свайго мужчыны». Быў толькі адзін выпадак: дзяўчына купляла піжаму і пры выбары колеру сказала: «О, напэўна, майму мужу гэты колер больш спадабаецца». 

Дыстанцыйныя прымеркі па відэа

Жанчыны, якія жывуць у Шчэцыне, звычайна прыязджаюць да Дар’і на замеры параметраў цела. Ёсць опцыя і дыстанцыйных прымерак. Для гэтага ў майстрыцы ёсць падрабязныя тэкставыя і відэаінструкцыі.

— Калі кліентка з іншага горада, макет — версію бялізны з больш простых матэрыялаў — я высылаю поштай. Па фатаграфіях ацэньваю пасадку, раблю неабходныя папраўкі ў канструкцыі і толькі пасля гэтага бяруся за карункавую бялізну. Калі сшыць яе адразу і яна не сядзе, перашываць будзе значна даўжэй і даражэй. Макет я раблю з бавоўны і карсетнай сеткі — яны падобныя па ўласцівасцях, таму гатовы бюстгальтар потым ляжыць ідэальна. Гэта пробная версія з простых матэрыялаў, але яна выглядае як сапраўдны выраб — з рэзінкамі і косткамі. 

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Па словах Дар’і, на дыстанцыйныя замеры жанчыны трацяць каля дзесяці хвілін:

— Магчыма, гэта складаней, чым проста купіць гатовую бялізну ў краме. Але, з іншага боку, камфорт у нашэнні зусім іншы, чым у крамнай бялізны, таму што яна сядзіць як другая скура. 

Бялізнай для мужчын Дар’я не займаецца — цалкам хапае жаночых замоў. Рэдка, але бываюць выпадкі, калі ўсю камунікацыю па замове вядзе мужчына:

— Была адна цікавая гісторыя, калі бялізну заказваў мужчына для сваёй жанчыны. Ён выбраў мадэль, а калі я сказала, што спатрэбяцца меркі, мужчына адказаў, што няма праблем. Я выслала інструкцыю, атрымала меркі і адправіла гатовую бялізну. Мабыць, усё падышло ідэальна, таму што роўна праз год ён напісаў зноў з пытаннем, ці шыю я яшчэ, і зрабіў яшчэ адну замову, сказаўшы, што параметры не змяніліся.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Галоўны інсайт — не здавацца, калі не атрымліваецца

Цяпер нават з нейкім сумам Дар’я ўзгадвае, што ў Беларусі каледж, дзе вучылі шыць прафесійна, знаходзіўся недалёка ад яе дома. На той момант стаць бухгалтаркай было больш прэстыжна, чым швачкай. Дарэчы, сяброўка Дашынай маці, якая выкладае ў гэтым каледжы, пабачыўшы працы Дар’і, адразу сказала, што сярод яе вучаніц далёка не ўсе могуць так добра шыць. 

Фота: instagram.com/dashuta_pl

— Пачынаць было няпроста. Аднойчы я перашывала бюстгальтар разоў пяць, таму што адна з кліентак няправільна зрабіла адну мерку, а я не пераправерыла. Тады я была вельмі засмучаная, адчувала, што мне не хапае ведаў. Мой інсайт: калі ты любіш чымсьці займацца, усё роўна не здавайся, спрабуй — у рэшце рэшт павінна атрымацца.

Пасля родаў першыя паўгода майстрыня таксама не шыла і не прымала заказаў. Узнікалі нават думкі не вяртацца ў гэтую справу:

— Але з часам дзяўчаты, якія ўжо заказвалі ў мяне бялізну, пачалі пытацца, калі я вярнуся і калі можна будзе зрабіць заказ. І я падумала: ну добра, сшыю спачатку тым, хто просіць. Калі я зноў села за машынку і пашыла для дзяўчат, якія прасілі бялізну, зразумела: не, я ўжо не магу гэта кінуць.

Фота: instagram.com/dashuta_pl

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *