«Свабода фрылансу — вялікая ілюзія». Беларус расказаў, як працаваў на здымках кіно з бюджэтам у $200 млн

Андрэй Славінскі паспеў шмат чаго зняць да эміграцыі ў Польшчу і пасля яе: паўдзельнічаў у здымках галівудскага блокбастара, стварыў серыю відэа для YouTube-праекта «Пукст на поўначы».
Як не выгараць ва ўмовах нестабільнага фрылансу і знізіць стрэс падчас здымак, Андрэй распавёў у інтэрв’ю spravy.io.
«У Мінску не разумеў, што адчуваць стрэс перад кожнымі здымкамі — гэта ненармальна»
— Раскажы пра той перыяд, калі з’ехаў з Беларусі і перабраўся ў Польшчу.
— Я з’ехаў вымушана ў 2021 годзе. Да пераезду ў Беларусі ў мяне ўсё было выдатна. Ніколі не было столькі працы, як падчас пандэміі COVID-19. Але пераезд нібыта абнуляе цябе — усё даводзіцца пачынаць нанова.
Спачатку на год паехаў у Грузію. Спрабаваў там круціцца-вярцецца, нешта здымаў. Потым пачалася вайна, і я здымаў розныя відэа, пераважна антываенныя, для Іллі Шэпеліна.
Праз нейкі час зразумеў, што Грузія мне не падыходзіць для жыцця. Туды можна ездзіць адпачываць, але жыць там не хачу. Ненадоўга перабраўся ў Польшчу, а потым год пражыў у Літве: мяне запрасілі працаваць у ФБК (Фонд барацьбы з карупцыяй, заснаваны Аляксеем Навальным — заўв. рэд.). Пасля гэтага зноў вярнуўся ў Варшаву.

З Літвы давялося з’ехаць, бо маёй дзяўчыне не ўдавалася там легалізавацца. Вельмі шкада, што так атрымалася. Люблю Літву, а Вільню ведаю як свае пяць пальцаў, бо атрымліваў там вышэйшую адукацыю.
— Як у Польшчы было з працай?
— Дапамаглі сарафаннае радыё, наладжаныя сувязі і кантакты. У Грузіі я здымаў не так шмат, таму адбыўся пэўны адкат да пачатку: давялося перабудоўваць усе працоўныя працэсы.
Пайшоў на розныя курсы, каб яшчэ больш удасканаліць свае навыкі здымкі. Трэба было мяняць падыход да працы.

Калі працаваў у Мінску, то не разумеў, што адчуваць стрэс перад кожнымі здымкамі — гэта ненармальна. Таму цяпер я надаю вялікую ўвагу падрыхтоўцы, каб менш хвалявацца непасрэдна падчас працы (у відэавытворчасці гэты этап называецца перадпродакшнам — звычайна ён уключае напісанне літаратурнага і рэжысёрскага сцэнарыяў, прамалёўку кожнага кадра і руху камеры ў раскадроўцы, знаёмства з лакацыяй і распрацоўку схемы асвятлення — заўв. рэд.).
Дзякуючы такому падыходу навучыўся атрымліваць задавальненне ад сваёй працы. Цяпер прыходжу на здымкі і не нервуюся, а, наадварот, кайфую ад працэсу. Падабаецца, што вынік можна прадбачыць: не прыдумляю на пляцоўцы, як буду здымаць, а прыходжу ўжо з гатовым планам. Таму мяне задавальняе тое, што атрымліваецца.
«Раней думаў, што фрыланс дае больш свабоды, але гэта не заўсёды так»
— Спачатку сам шукаў кліентаў?
— Доўгі час у эміграцыі са мной працаваў мой кліент з Беларусі. Гэта вельмі падтрымлівала. Я мантаваў для яго відэа, але з часам наша супраца спынілася.

Спрабаваў крыху весці LinkedIn, але часцей за ўсё проста дзяліўся там сваімі прафесійнымі думкамі з калегамі і патэнцыйнымі кліентамі, расказваў пра свой падыход да працы.
Здаецца, што ў нашай сферы сарафаннае радыё забяспечвае 90% даходу. Таму кліентаў не шукаю — яны пішуць мне самі.
— Ці можаш сказаць, што цяпер відэавытворчасць — твая асноўная занятасць? Ці хапае табе працы?
— Улічваючы, што я не адразу пераехаў у Варшаву і перажыў некалькі жыццёвых абнуленняў, занятасць у мяне нестабільная.
Да таго ж не заўсёды знаходжу час на сацыяльныя сеткі, хоць яны таксама важныя для прасоўвання. Вяду іх даволі рэдка. Упэўнены, што многія дагэтуль думаюць, быццам я жыву ў Вільні. Нават пры сустрэчы ў Варшаве знаёмыя часам кажуць нешта накшталт: «О! Ты ў Варшаве, а мы думалі, што ты ў Літве». Проста ў мяне не хапае сіл на вядзенне сацсетак.
— Ты не толькі здымаеш, але і мантуеш відэа?
— Цяпер усё ўрэшце звялося да таго, што я прадзюсую праекты. Кліент звяртаецца з задачай зняць відэа, а я вяду ўвесь праект як крэатыўны дырэктар або прадзюсар. Найчасцей выступаю ў ролі аператара-пастаноўшчыка і сам збіраю каманду. Магу каардынаваць постпрадакшн (этап, які ўключае мантаж, гукарэжысуру, колеракарэкцыю відэа і ўнясенне кліенцкіх правак — заўв. рэд.).

Майго фрылансу дастаткова, каб адчуваць сябе фінансава камфортна. Але, вядома, хацелася б большай стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Хацеў бы пастаянна працаваць у якой-небудзь студыі, атрымліваць штомесячную зарплату і мець медыцынскую страхоўку. Але пакуль такіх магчымасцяў не было. Усё гэта прыемна мець, асабліва ў эміграцыі. Бо фрыланс не надта дадае ўпэўненасці ў жыцці.
Раней думаў, што фрыланс дае больш свабоды, але насамрэч гэта не заўсёды так. Калі на звычайнай працы ў цябе васьмігадзінны працоўны дзень, то на фрылансе — усе 24 гадзіны.
Разам з сябрамі-фрылансерамі прыйшлі да высновы, што свабода фрылансу — вялікая ілюзія. Ты ўвесь час працуеш, ды яшчэ і пастаянна думаеш, дзе знайсці новых кліентаў.
Не варта забывацца на сезоннасць праектаў. У пэўныя перыяды працы менш, у іншыя — наадварот, вельмі шмат. Лета ў мяне заўсёды насычанае ў прафесійным плане. А найменш працы звычайна ў студзені і лютым. Думаю, ва ўсёй індустрыі так.
«Нават дасведчаныя аператары могуць чагосьці не ведаць або сумнявацца»
— Як ты стаў аператарам? На каго вучыўся?
— Я скончыў факультэт візуальна-культурных даследаванняў у ЕГУ, а ў сферу здымак трапіў выпадкова. Аднойчы падмяніў чалавека на курсах BBC па відэажурналістыцы: ён не змог удзельнічаць, і замест яго пайшоў я. Мне спадабалася!

Спачатку быў адзін курс, а потым мяне ўжо было не спыніць. Усё закруцілася: шматкамерныя здымкі ў студыі, журналісцкія рэпартажы. Так і апынуўся там, дзе працую цяпер.
— Ты працуеш са сваім камплектам тэхнікі ці нешта даводзіцца браць у арэнду? І ўвогуле, ці трэба ўкладвацца ва ўласнае абсталяванне, каб прыйсці ў гэтую індустрыю?
— Уласнае абсталяванне мае сэнс, калі ў цябе вельмі шмат працы і ёсць вялікія працяглыя праекты.
Напрыклад, у цябе дзесяць здымачных дзён з дзвюма камерамі — ці з любой іншай колькасцю камер. Проста бярэш калькулятар і падлічваеш, што выгадней: набыць камеру ці ўзяць яе ў арэнду. Або, напрыклад, набыць камеру цяпер, а пасля завяршэння праекта прадаць яе.
Базавы камплект тэхнікі можа каштаваць 10 тысяч еўра. Зразумела, што такая сума не заўсёды ёсць у вольным доступе, таму трэба ўсё ўзважыць і падлічыць.

У мяне цяпер ёсць базавы набор для інтэрв’ю або запісу падкастаў, дзе ў кадры можа быць адзін чалавек ці некалькі. Я ўжо сабраў для гэтага пару камер, маю ўласнае святло. Пакуль гэтага больш-менш хапае, а калі патрэбна нешта яшчэ, арандую тое, чаго не стае.
— Якія праекты ты лічыш найбольш важнымі для сябе?
— Першае, што прыходзіць у галаву, — цэлы год працы ў прадакшне ФБК. Для мяне гэта быў магутны прафесійны штуршок. Зрабіў там шмат крутых відэа. Да таго ж прыемна бачыць, што колькасць праглядаў вымяраецца мільёнамі, а не, напрыклад, дзвюма сотнямі.
Акрамя таго, быў дружны калектыў, дзе ўсе падтрымлівалі адно аднаго і заўсёды былі адкрытыя да эксперыментаў.
З апошніх прац асабліва ганаруся серыяй відэа, якую мы з Арцёмам Лобачам знялі для праекта «Пукст на поўначы». На мой погляд, атрымаўся вельмі нестандартны праект, нешта новае для беларускага YouTube.
Таксама я здымаў для праекта Scholars for Belarus. У іх ёсць серыя відэа на навуковую тэматыку. Здаецца, гэта квінтэсенцыя таго, як змяніўся мой падыход да працы і як выглядае ўдалы прадакшн.
Тады я пачаў ствараць 3D-сцэны яшчэ да здымак, каб загадзя бачыць, што атрымаецца ў выніку. З той камандай мне ўдалося ўсё рэалізаваць: знайшлі прыдатную лакацыю і добра падрыхтаваліся. Атрымаўся прадукт высокага ўзроўню.

Яшчэ тры гады таму здымалі дакументальны фільм пра гурт «Длина волны». Мне падабаецца, што ў выніку атрымалася.
— Ці можаш назваць праекты, якія найбольш паўплывалі на тваю рэпутацыю як аператара?
— Баюся кагосьці забыць і пакрыўдзіць, бо такіх праектаў даволі шмат. Акрамя тых, пра якія казаў, узгадваецца адзін — ён адбыўся ўжо ў эміграцыі, пасля таго як я змяніў свой падыход да відэавытворчасці. Для сваёй сяброўкі я здымаў курс па маляванні, якога няма ў адкрытым доступе.
Мне здаецца, гэта ўвогуле самы прыгожы курс па маляванні ў інтэрнэце. Я доўга вывучаў рэферэнсы — прыклады падобных відэа — і вельмі здзівіўся, што ніхто не здымае курсы па маляванні эстэтычна і якасна.
Яшчэ ўзгадваю студэнцкі этюд, які здымаў разам з рэжысёрам Лёшам Сіваковым. Гэта быў просты праект, але ў мяне атрымалася папрацаваць з 3D, дэталёва прадумаць усе аператарскія прыёмы, вывучыць рэферэнсы.
— Якімі былі самы дарагі і самы танны праекты?
— Самы танны каштаваў нуль — такое таксама было. Здымалі дакументальны фільм, і ў мяне было шмат ідэй, якія вельмі хацелася ўвасобіць у жыццё. Таму быў гатовы працаваць бясплатна.
Самы дарагі праект быў не па маім ганарары, а з пункту гледжання бюджэту самога фільма. Мне давялося месяц працаваць над вялікім кіно з бюджэтам у 200 мільёнаў долараў.

Праўда, працаваў там у якасці трэні — стажора на здымачнай пляцоўцы. Падрабязнасцяў расказаць не магу праз пагадненне аб неразгалошванні інфармацыі, але гэта быў вялікі амерыканскі блокбастар.
Сышоў адтуль вельмі натхнёным, бо ўвесь час быў побач з аператарам-пастаноўшчыкам і назіраў за працай майстроў сваёй справы. І зразумеў, што сам усё раблю правільна.
Для мяне стала адкрыццём, што нават дасведчаныя аператары могуць чагосьці не ведаць або сумнявацца. Нават на такім вялікім праекце за некалькі дзён да здымак можа яшчэ не быць лакацыі, і камандзе давядзецца будаваць мізансцэну на хаду (размяшчэнне акцёраў, камер і асвятлення ў прасторы кадра — заўв. рэд.).
Пасля гэтага значна расслабіўся і стаў менш перажываць наконт уласных праектаў. Не магу дазволіць сабе мастака-пастаноўшчыка? Нічога страшнага. Выдыхаю і проста не засяроджваюся на гэтым аспекце.
— У чым розніца паміж вялікім прадакшнам і нашым постсавецкім?
— У цэлым адрозненняў няшмат. Тыя самыя памылкі здараюцца і там. Што нам варта было б у іх пераняць? На здымачнай пляцоўцы кожны павінен адказваць за сваю працу, а не адзін чалавек — закрываць адразу мноства кірункаў.
І яшчэ нам варта больш адказна працаваць на сваіх участках, нават калі гэта зусім просты праект з невялікім бюджэтам. Трэба выкладвацца на ўсе сто адсоткаў.
«Калі ШІ мяне заменіць — што ж, можа, нарэшце адпачну»
— Колькі звычайна бярэш за здымкі?
— Кошт разлічваецца індывідуальна, але ў мяне ёсць дзённы рэйт — 1,5 тысячы злотых (€350–400).
У гэтую суму ўваходзіць праца high-end відэографа (спецыяліст прэміяльнага сегмента, які стварае дарагія, эксклюзіўныя і кінематаграфічныя відэаролікі), які забяспечвае поўны цыкл вытворчасці якаснага відэа, а таксама абсталяванне для здымак у фармаце YouTube.

Калі кліенту патрэбныя яшчэ і прадзюсарскія паслугі — пошук спецыялістаў, лакацый, арганізацыя здымак, — магу крыху павялічыць кошт сваёй працы.
— У якім кірунку плануеш развівацца далей?
— Мэта рухацца далей у бок кінематографа. Адчуваю, што хачу здымаць больш кіно, таму планую развівацца ў гэтым кірунку.
Цяпер шмат здымаю відэаэцюдаў са студэнтамі Варшаўскай кінашколы. Яны самі запрашаюць мяне працаваць разам.
Я нават збіраўся напісаць у LinkedIn допіс пра свае планы на будучыню — такі своеасаблівы пасыл у космас. Усё ж хацелася б уладкавацца на пастаянную працу ў які-небудзь прадакшн або студыю.
— Якое тваё галоўнае прафесійнае крэда, што дапамагае не выгараць і трымацца на плаву?
— Не ведаю, ці можна гэта назваць крэда. Але я ўжо згадваў пра гэты прынцып — цяпер працую пад дэвізам: «Падрыхтоўка — гэта 90% поспеху».

Стараюся максімальна падрыхтавацца да кожных здымак, прадумаць магчымыя рызыкі і пралічыць розныя сцэнарыі, каб звесці да мінімуму стрэс і трывогу.
— Ці ёсць у цябе асцярогі, звязаныя са штучным інтэлектам? Напрыклад, што хутка людзям наогул не трэба будзе нічога здымаць, бо ўсё будзе генераваць ШІ?
— Не баюся штучнага інтэлекту. Наадварот, лічу яго выдатным інструментам для пэўных пастановачных фарматаў. У адным з маіх апошніх праектаў мы актыўна яго выкарыстоўвалі.

ШІ вельмі дапамагае падчас мазгавых штурмаў, пры стварэнні раскадровак. Часам яго можна выкарыстоўваць у мантажы або дапаўняць з яго дапамогай лакацыі рознымі дэталямі. Асабліва гэта класны інструмент для відэавытворчасці з невялікім бюджэтам.
Ну, а калі ён мяне заменіць — што ж, можа, нарэшце адпачну. Або адкрыю ўласны бар.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.