Стартап з беларускімі каранямі распрацаваў ШІ-мадэль, якая генеруе выявы лепш за Meta, OpenAI і Google

Стартап GenPeach AI, сузаснавальнікам і кіраўніком якога з’яўляецца беларус Арцём Санакоеў, у пачатку лістапада паказаў сваю першую мадэль для генерацыі выяў — GenPeach v1 Preview. Па выніках незалежнага сляпога тэставання 49% створаных ёю здымкаў прафесійныя крэатыўшчыкі палічылі гатовымі да адпраўкі кліентам без правак. Гэты паказчык удвая перавысіў сярэдні вынік васьмі канкурэнтаў, у тым ліку мадэляў OpenAI, Google і Meta, паведамляе выданне BYGRID.IO.
Даследчая ШІ-лабараторыя GenPeach базуецца ў Цюрыху і працуе з 2025 года. Сузаснавальнік, генеральны дырэктар і галоўны навуковец стартапа Арцём Санакоеў мае ступень PhD Гейдэльбергскага ўніверсітэта ў галіне камп’ютарнага зроку і ўваходзіць у топ-50 майстроў платформы Kaggle. Да запуску стартапа ён чатыры гады працаваў у Meta GenAI на пасадзе Staff Research Scientist. Там Арцём кіраваў распрацоўкай буйной мадэлі генерацыі відэа Movie Gen і мадэлі генерацыі выяў у рэальным часе Imagine Flash.

Летась беларус звольніўся з Meta, каб праверыць іншы падыход да стварэння базавых візуальных мадэляў. Замест нарошчвання аб’ёмаў даных, параметраў і вылічальных магутнасцяў каманда GenPeach сфакусавалася на архітэктуры, метадах навучання і працы з данымі. Невялікая група інжынераў і даследчыкаў трэніравала першую мадэль з нуля і затраціла менш рэсурсаў, чым звычайна патрабуюць перадавыя распрацоўкі.
«Я верыў, што існуе прынцыпова больш эфектыўны шлях да стварэння перадавых базавых візуальных мадэляў. У павышэнні эфектыўнасці выкарыстання даных і вылічэнняў пры навучанні перадавых мадэляў па-ранейшаму хаваецца велізарны нераскрыты патэнцыял», — напісаў Арцём Санакоеў у LinkedIn.
Кампанія GenPeach абрала адзін з самых складаных напрамкаў — генерацыю выяў з людзьмі, дзе прад’яўляюцца высокія патрабаванні да якасці і рэалістычнасці. Стартап плануе сістэматызаваць гэты падыход і пашырыць яго на іншыя складаныя задачы ў сферы візуальнага ШІ, каб з першага дня будаваць камерцыйна жыццяздольныя тэхналогіі.

На замову GenPeach незалежная лабараторыя Contra Labs, якая прыцягвае экспертаў для ацэнкі крэатыўных ШІ-прадуктаў, правяла даследаванне мадэлі. У сляпым тэсце прынялі ўдзел 53 практыкуючыя спецыялісты з пула Contra: арт-дырэктары, фатографы, брэнд-дызайнеры і крэатыўныя тэхнолагі.
Эксперты ацанілі дзевяць мадэляў на 100 прафесійных брыфах для рэдакцыйнай і fashion-здымкі. Заданні падрыхтавала каманда GenPeach разам з практыкамі са сфер рэкламы, моды і індустрыі забаў яшчэ да генерацыі малюнкаў. Сярод тэм — б’юці-партрэты буйным планам, модныя фотасесіі, lifestyle-кадры, фота на дакументы, чорна-белыя партрэты, сцэны з некалькімі людзьмі і авангардныя канцэпты. Кожная мадэль выдавала толькі адзін малюнак на брыф без паўторных спроб.

Апроч GenPeach v1 Preview, у выпрабаванні ўдзельнічалі восем папулярных мадэляў праз іх публічныя API: GPT-Image-2.5 Sunburst (OpenAI), Gemini 3.1 Flash / Nano Banana 2 (Google), Muse Image (Meta), Krea 2 Medium, Ideogram 4.5, Flux 3, Luma Uni-1 і Recraft V4.1. Арганізатары паказвалі экспертам пары выяў па адным заданні ў выпадковым парадку і хавалі назвы мадэляў. У кожным паядынку стартап GenPeach спаборнічаў з адным з канкурэнтаў.

Пяцёра суддзяў ацанілі кожную пару, і па суме галасоў GenPeach v1 Preview атрымала перавагу ў 71% выпадках і набрала большасць галасоў у 88 са 100 заданняў. Мадэль узначаліла рэйтынг па ўсіх чатырох крытэрыях:
- Эстэтыка і арт-дырэкшан (святло, кампазіцыя, стылізацыя) — галоўная перавага GenPeach. Большасць экспертаў аддала ёй перавагу ў 77% пар. Бліжэйшыя канкурэнты — Muse Image, Recraft V4.1 і GPT-Image-2.5 Sunburst — набралі супраць яе ад 36% да 38% галасоў.
- Рэалістычнасць людзей (прапорцыі, анатомія, твары, позы) — мадэль GenPeach узяла 65% галасоў. Амаль нараўне з ёй выступіла Nano Banana 2, якая забрала крыху менш за палову галасоў. Астатнія мадэлі атрымалі каля траціны галасоў, а горш за ўсіх справілася Krea 2 Medium (23%).
- Перадача скуры і матэрыялаў (тэкстура скуры, валасы, тканіна) — мадэль GenPeach набрала 64% галасоў, тады як Nano Banana 2, Recraft V4.1 і Luma Uni-1 атрымалі ад 42% да 45%.
- Адпаведнасць брыфу — канкурэнцыя аказалася самай шчыльнай. Мадэль GenPeach лідзіравала з 64% галасоў, за ёй ішлі Muse Image (46%) і GPT-Image-2.5 Sunburst (44%).
Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што візуальная прывабнасць не гарантуе камерцыйнай прыдатнасці кадра. Эксперты адказвалі на два дадатковыя пытанні пра кожны малюнак: ці гатовы ён да адпраўкі кліенту без правак і ці выглядае ён як ШІ-генерацыя. Даныя паказалі, што нават выява-пераможца парнага параўнання падыходзіла для працы з кліентам толькі ў 53% выпадкаў.

GenPeach v1 Preview заняла першае месца па гатоўнасці да камерцыйнага выкарыстання з паказчыкам 49% супраць 23% у сярэднім па іншых мадэлях. Другое месца заняла Nano Banana 2 (34%), на трэцяе — Muse Image (29%). GPT-Image-2.5 Sunburst дасягнула выніку 24%, а паказчыкі астатніх удзельнікаў вагаліся ад 17% да 24%.
Калі эксперты аддавалі перавагу выяве ад GenPeach, яны прызнавалі яе гатовай для кліента ў 58% выпадкаў, тады як для канкурэнтаў гэтая доля складала 43%.
Мадэль GenPeach паказала і самую высокую долю малюнкаў, якія не выглядаюць згенераванымі, — 40%. Далей ішлі Nano Banana 2 (34%) і Luma Uni-1 (30%). Праўдападобнасць фота моцна ўплывала на рашэнне адправіць выяву замоўцу: спецыялісты ўхвалялі 70% «натуральных» кадраў супраць 22% з відавочнымі прыкметамі ШІ. Аднак рэалістычнасць сама па сабе не забяспечвала поспеху — 41% фота без прыкмет ШІ ўсё роўна патрабавалі дапрацовак праз памылкі ў кампазіцыі, анатоміі або выкананні брыфу.

Па даных Crunchbase, стартап GenPeach AI прыцягнуў $1,5 млн у пасяўным раўндзе. Лід-інвестарамі выступілі фонды Davidovs Venture Collective і KAYA. У пачатку 2026 года Арцём Санакоеў папрасіў генеральнага партнёра фонду Flyer One Ventures Віталя Лапцёнка расказаць пра набор каманды ў Цюрыху і Варшаве.
Пасля прэзентацыі мадэлі ў пачатку лістапада інвестар пракаментаваў вынік стартапа:
«Арцём прапрацаваў у Meta чатыры гады. Сышоўшы адтуль, ён усяго за год стварыў рашэнне, якое абышло ўласную мадэль Meta», — адзначыў Віталь Лапцёнак і дадаў, што такіх заснавальнікаў ён хацеў бы бачыць у партфелі свайго фонду.

Пакуль GenPeach v1 Preview даступная для невялікай групы першых карыстальнікаў. Стартап паступова пашырае доступ для крэатыўных спецыялістаў і каманд — ахвотныя могуць запісацца ў спіс чакання на сайце стартапа.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.