«1000 важных момантаў Беларусі» сабралі 1 млн праглядаў: як ШІ збірае для беларусаў лічбавы архіў

Іван Шыла, сузаснавальнік клінінгавай кампаніі CleanWhale, прыдумаў і запусціў праект «1000 важных момантаў Беларусі», які за некалькі дзён сабраў мільён праглядаў і больш за 3,8 тысячы падпісчыкаў у Instagram.
Цікава, што працэсам цалкам займаюцца нейрасеткі, а не чалавек — усе відэа збіраюцца, наразаюцца і публікуюцца аўтаматычна. «Справы» даведаліся ў прадпрымальніка, як усё працуе.

Іван кажа, што хацеў пратэставаць новы фармат працы, у якім усё робіцца аўтаматычна, а чалавек толькі кіруе:
— Штучны інтэлект склаў спіс публікацый, а я толькі крыху дапамог яму, ацаніўшы вынік рэдактарскім вокам і дадаўшы сёе-тое ад сябе. Напрыклад, уключыў у план добрыя архіўныя відэа, пра існаванне якіх я проста памятаў, што яны ёсць. Дапусцім, відэа, дзе Лукашэнка п’е гарэлку са словамі: «Я падымаю гэты келіх за рускага чалавека».
Алгарытмы платформаў і карыстальнікі такі кантэнт ацанілі — тое самае відэа з гарэлкай набрала больш за 153 тысячы праглядаў, а на акаўнт 1000belarus падпісалася больш за 3,8 тысячы чалавек, прычым асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў Беларусі.
— Людзі бачаць у стужцы відэа, і ім становіцца цікава паглядзець суседнія ролікі, даведацца, пра што гэты праект. Складанне ТОПаў — не новая гісторыя, падобных каналаў мільёны. У мяне самога іх некалькі, і ўсе яны паспяхова функцыянуюць і набіраюць падпісчыкаў.
Але з падборкай архіўных відэа з Беларусі вынік атрымаўся найлепшым, бо Іван добра арыентуецца ў беларускім парадку дня.
— Да прыкладу, ШІ прапаноўваў мне апублікаваць відэа з Люсяй Лушчык. Але я скарэктаваў яго выбар на карысць Аляксея Хлястова, паколькі лепш разумею кантэкст таго, што адбываецца.

Прадпрымальнік кажа, што надае праекту ўсяго некалькі хвілін на дзень, а выдаткі можна лічыць нулявымі.
— Нейрасетка склала спіс з тысячы тэм і спасылак. Спампоўванне, нарэзка і публікацыя кантэнту адбываюцца аўтаматызавана на віртуальнай машыне, якую я наладзіў за 10 хвілін. Далей ШІ піша апісанне, і гэта практычна нічога не каштуе, таму што я або выкарыстоўваю лакальныя мадэлі, або такены ў межах падпіскі, якую я і так купляю. Зараз ужо складзена сетка публікацый на ўсю тысячу відэа.
Аднак Іван Шыла звяртае ўвагу, што ва ўсім гэтым праекце ёсць юрыдычны нюанс:
— У іншых краінах напэўна ўзніклі б праблемы з аўтарскім правам. Аднак у Беларусі мноства архіўных запісаў належаць каналам і медыя, якіх даўно не існуе, таму рэалізаваць такія праекты прасцей. Напрыклад, калі апублікаваць старыя матэрыялы пра беларускі футбол, то малаверагодна, што хтосьці звернецца са скаргай у Instagram. Бо гэта не англійская Прэм’ер-ліга, дзе боты імгненна распазнаюць і блакуюць аўтарскі кантэнт. Ну і наўрад ці хтосьці стане заяўляць правы на старыя запісы футбольнага клуба «Шахцёр», чыя юрыдычная асоба ўжо ліквідавана.
З іншага боку, прадпрымальнік звяртае ўвагу, што збор архіўных відэа вырашае праблему захавання гісторыі:
— Ёсць міф, што ў сеціве ўсё захоўваецца вечна. Але гэта не так — беларускі сегмент інтэрнэту паступова знікае. Напрыклад, архівы многіх закрытых медыя ўжо беззваротна страчаны. І мне здаецца, што чым больш будзе пляцовак і каналаў, якія захоўваюць цікавыя старыя відэа, тым лепш для нашай беларускай супольнасці.

Тым больш, што ШІ цяпер дапамагае апрацоўваць кантэнт нават у адзіночку, для гэтага не трэба збіраць вялікія каманды і шукаць фінансаванне.
— Нейрасеткі пазбаўляюць ад руціны, якая стамляе і абыходзіцца занадта дорага, патрабуючы найму цэлай каманды спецыялістаў — журналістаў, SMM-шчыкаў, мантажораў. Сёння адзін чалавек можа ў адзіночку весці маштабны праект. Да прыкладу, калі б раней стаяла задача запусціць гістарычны праект у фармаце беларускага «Намедні», то на гэта спатрэбіўся б салідны бюджэт. Зараз, выкарыстоўваючы тэхналогіі ШІ-аватараў, аналагічны па ўзроўні прадукт можна стварыць максімум за 500 долараў — гэтыя выдаткі пакрыюць уласны час аўтара і, магчыма, мінімальнае прасоўванне.
Гаворачы пра планы па развіцці «1000 важных момантаў Беларусі», Іван Шыла прызнаецца, што для яго гэта эксперымент:
— Гэта створана проста з цікавасці. Праект дае магчымасць пратэставаць новыя інструменты і лепш зразумець, як працуюць алгарытмы сацсетак. Каб потым выкарыстоўваць гэта ўжо ў бізнесе.