«Цяпер ты дзесьці там на непрыдуманым краю свету». Музыкі Relikt і Уладзь Лянкевіч выпусцілі дэбютны альбом праекта Filamaty

Беларускі музычна-паэтычны праект Filamaty 21 кастрычніка прадставіў аднайменны дэбютны альбом з сямі кампазіцый.
Праект Filamaty аб’яднаў музыкаў вядомага гурта Relikt — Аляксандра Дземідзенку, Віталя Макшуна і Змітра Наркевіча — з паэтам і музыкам Уладзем Лянкевічам (вядомым па такіх ініцыятывах, як Syndrom Samazvanca, SnopSnoŭ, Luty Sakavik і ex-TonqiXod).

Стылістычна альбом уяўляе сабой гітарны рок з элементамі гранжу, сёрфу і прагрэсіву. Музыка кампазіцый стваралася ўжо ў эміграцыі ў Варшаве, а частку тэкстаў напісаў Уладзь Лянкевіч яшчэ ў 2020–2021 гадах.
Канцэптуальна праект натхнёны гісторыяй таемнага таварыства філаматаў, якое ўзнікла ў 1817 годзе ў Віленскім універсітэце (сярод яго лідараў былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Юзаф Яжоўскі) і разраслося ў буйную сетку па рэгіёнах Беларусі. У 1823 годзе пачаліся масавыя арышты і шматмесячнае следства пад кіраўніцтвам Мікалая Навасільцава, а філаматаў утрымлівалі ў зняволенні ў былых віленскіх кляштарах.

У выніку пад суд аддалі 108 удзельнікаў — гэта быў найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс у Еўропе таго часу. Увосень 1824 года дваццаць чалавек прысудзілі да турэмных тэрмінаў і высылкі. Гэты досвед зняволення, допытаў і разрыву ранейшага жыцця наўпрост адлюстраваны ў трэках альбома («Pišaš-čakaješ», «Пацеркі»).
Праект Filamaty пачаўся ў 2021 годзе падчас каранавірусных абмежаванняў, калі канцэртная дзейнасць асноўнага гурта Relikt была заблакаваная. Музыкі пераключыліся на студыйную працу. Пасля пераезду ў Польшчу ініцыятыва працягнулася ў Варшаве.

Выхаду паўнафарматнага альбома папярэднічаў шэраг этапаў — у 2024 годзе адбыўся канцэртны дэбют на фестывалі «Вершы на асфальце», у лютым 2026 года выйшаў першы сінгл «Пацеркі», а ў чэрвені 2026 года з’явіўся сінгл «Kraj».
Як раней распавядаў адзін з заснавальнікаў калектыву, бубнач і вакаліст Аляксандр Дземідзенка, асноўная праца па-за музычнай індустрыяй дазваляе займацца творчасцю не азіраючыся на трэнды:
«Мы ўсе працуем у IT, акрамя Уладзя, і праз гэта мы зарабляем на жыццё. І гэта добра, таму што калі ты робіш музыку і творчасць, ты не думаеш пра тое, што табе трэба зарабіць на хлеб, каб пакарміць свайго дзіцёнка. І гэта не ўплывае на песні, на якасць тых песняў. Ты не вельмі думаеш пра трэнды, пра фарматы, ты проста гарманічна робіш тое, што просіць душа».

Музыкі адзначаюць, што першапачаткова не задзейнічалі манетызацыйных механізмаў і доўгі час працавалі фактычна ў «падполлі», факусуючыся на стварэнні матэрыялу, а не на публічным прасоўванні.
Першае акустычнае прадстаўленне праграмы Filamaty адбудзецца ў межах фестывалю «Бардаўская восень» 23 кастрычніка 2026 года ў Бельску-Падляскім (Польшча). Сімвалічна, што акурат 23 кастрычніка 1823 года ў базыльянскім кляштары быў зняволены Адам Міцкевіч.