«Я не з тых мастакоў, што гатовы галадаць»: беларуска прадае па ўсім свеце дарагія срэбныя ўпрыгожанні пад брэндам GORECHIK

Яшчэ нядаўна беларуска Марына Гарэцкая стварала касцюмы, у якіх на сцэну выходзілі Робі Уільямс і Muse. Цяпер па свеце разлятаюцца ўпрыгажэнні яе аўтарскага брэнду GORECHIK.
Пра тое, як прыдумаць сваю справу і апрытомнець у эміграцыі, чаму важна, каб аксесуар меў сэнс, і хто набывае дарагія падвескі, Марына расказала ў інтэрв’ю spravy.io.
«Марына, проста дай нам гэта!»
— Да эміграцыі вы 17 гадоў паспяхова працавалі ў індустрыі сцэнічнага касцюма. Як прыйшлі да срэбра і ўпрыгожанняў?
— Я стварала ўпрыгожанні з самага дзяцінства. Спачатку гэта былі бісер і пляценне. Потым — срэбра. Не знаходзіла таго, што падабалася і што хацелася купіць. Прыходзіла ў майстэрню са сваёй ідэяй, і там яе ўвасаблялі.
У 2020 годзе трэба было сабраць сябе нанова, бо рашэнне пра пераезд у Польшчу прымалася за паўгадзіны. Станаўленне ў эміграцыі праходзіла праз унутраную трансфармацыю. Якраз малявала эскіз упрыгожання — маятніка. Захацелася яго зрабіць: даўно нічога не стварала. Ды і фізічна быў блізкі менавіта такі прадукт. Падумала: чаму б не зрабіць адразу цэлую партыю?

Касцюмы я стварала для кліента. Гэта заўсёды была праца на замову, гісторыя для яго, пра яго, якую прапускала праз сябе, але аддавала камусьці. А ўпрыгожанні — мая гісторыя, якой захацелася падзяліцца з сабой і светам.
— Пачынаць ад пачатку і ў іншай ролі — складана?
— Спатрэбіўся прыкладна год, каб пачаць ва ўсім разбірацца. Не проста зрабіць выраб на замову, а зразумець увесь працэс. Напрыклад, я ўяўляю, як усё выглядае, малюю ў 2D, а потым разумею, што патрэбная 3D-мадэль. Як гэта зрабіць? Ведаю нейкія праграмы, але гэтага недастаткова. Спрабую працаваць з кімсьці і разумею, што чалавек бачыць усё па-іншаму, і адзін і той жа эскіз у 2D і ў 3D можа выглядаць не так, як мне трэба. Не, мушу сама.
Паўгода выбірала і вывучала праграмы. Некаторыя асвойвала з нуля. Знайшла тую, якая падыходзіць ідэальна. Вывучыла яе, сама зрабіла першы выраб і аддала ювелірам.

Далей пачаліся эксперыменты з ліццём, вывучэнне асаблівасцяў срэбра: што такое ўсадка, страта некалькіх адсоткаў матэрыялу падчас апрацоўкі і гэтак далей. Мноства нюансаў, якія даводзілася спазнаваць крок за крокам. Гэты працэс дапамагаў аднаўляць сябе. Гэта падарожжа ў свет, у якім мне камфортна і дзе я самавыяўляюся.
Першыя вырабы прадала яшчэ да таго, як яны былі гатовыя. Расказвала пра іх, паказвала візуалізацыі, дзялілася гісторыямі, якія за імі стаялі. І людзі казалі: «Марына, выпускай, мы ўжо купілі. Проста дай нам гэта!» Так пачалася гісторыя брэнду GORECHIK.
— Пераход да аксесуараў, срэбра — гэта была нарэшце магчымасць расказваць уласныя гісторыі?
— Так. Я пераехала ў Польшчу з былым мужам. Эміграцыя моцна паўплывала на нашы стасункі. Гэтая падтрымка ў выглядзе ўласнай справы вельмі дапамагала пачаць самавыяўляцца, гадаваць унутраны стрыжань і самастойнасць.

Патроху пачала выходзіць з супольнага касцюмнага бізнесу і паралельна развіваць свой бізнес. Было важна раскрывацца, і тут я магла гэта зрабіць.
«Стварыць упрыгожанне — тое самае, што нарадзіць дзіця»
— У творчасці вы звяртаецеся да старажытных культур, археалогіі, сімвалаў… Наколькі важна, каб за ўпрыгожаннем стаяла канкрэтная гісторыя?
— Калісьці марыла стаць археолагам. Але я — тыповае дзіця, якое адправілі вучыцца ва ўніверсітэт, і я пайшла, не пытаючыся навошта і не думаючы, ці падабаецца гэтая спецыяльнасць.
А я заўсёды любіла гісторыю, асабліва з візуальнага пункту гледжання. Падлеткам трапіла ў клуб рэканструктараў, дзе мы шылі сукенкі, выраблялі даспехі і ўпрыгожанні. Вельмі падабалася гэтым займацца. Вядома, гэта пакінула след.

Калі хочаце мяне згубіць, завядзіце ў музей ці бібліятэку — буду разглядаць старыя кнігі або старадаўнія рэчы, усё, што звязана з упрыгожаннямі, касцюмамі, керамікай. Мне падабаецца думаць пра тое, як і чаму людзі гэта насілі.
Цяпер аксесуары часцей за ўсё — гэта мода і стыль. Людзі набываюць іх, напрыклад, таму, што яны добра спалучаюцца з адзеннем. А раней упрыгожанні неслі ў сабе пэўны сэнс. Па іх можна было зразумець статус чалавека, яго настрой, хто ён, што хоча расказаць пра сябе навакольным або, наадварот, што спрабуе схаваць. Цяпер пра гэта амаль забыліся. Я бачу ва ўпрыгожаннях значна больш, бо шмат чытаю, вывучаю гісторыю, разглядаю старадаўнія рэчы ў музеях. Для мяне ўпрыгожанні — не проста вырабы з металу, а нешта глыбейшае і шматграннае.

Бывае, раблю эскізы мадэляў. Але пакуль сама не пражыву і не зразумею, навошта хачу іх выпусціць, не раблю гэтага. Эскізы проста ляжаць і чакаюць свайго моманту. Аднойчы прыходзіць разуменне: «Ага, вось у чым сэнс, вось чаму я гэта намалявала!» Калі магу расказаць гісторыю, якая стаіць за ўпрыгожаннем, тады разумею, што яго пара выпускаць.
— Ці можа ўпрыгожанне дапамагчы чалавеку раскрыць сябе?
— Так! Напрыклад, той жа маятнік. У мяне шмат кліентаў — і дзяўчат, і хлопцаў, — для якіх ён стаў сімвалам балансу і раўнавагі. Стварала яго для сябе, але людзі вельмі дакладна зразумелі закладзены ў ім сэнс. Для іх гэта таксама напамін: што б ні адбывалася ў знешнім свеце, унутры мяне ўсё стабільна, усё добра.

Тое самае можна сказаць пра ўпрыгожанне з чырвоным гранатам. Яно задумвалася як сімвал жарсці і кахання. Яно яркае, крыклівае, сексуальнае. І дзяўчаты, надзяваючы яго, нібы кажуць: «Пайшла заваёўваць свет». І гэта сапраўды працуе.

— Ствараючы ўпрыгожанні, вы арыентуецеся на модныя тэндэнцыі? Ці свядома ствараеце рэчы па-за часам?
— Гэта два паралельныя працэсы. Свядома ствараю тое, што адгукаецца мне самой, выбіраю блізкія мне формы. Але часам даводзіцца іх карэктаваць, каб людзі набывалі мае вырабы. Бізнес мусіць акупляцца. Я павінна зарабляць, а каб выпускаць новыя рэчы, трэба прадаваць пэўную колькасць тых, што ўжо ёсць. Толькі так магу дазволіць сабе рухацца далей.
Таму дзесьці падладжваюся, дзесьці іду на саступкі. Часам шкадую пра гэта. Даводзіцца ўлічваць рынак: глядзець, што падабаецца людзям, прыслухоўвацца да пастаянных кліентаў, праводзіць апытанні — чаго б ім хацелася. Для кагосьці мае ўпрыгожанні занадта грувасткія, для кагосьці, наадварот, тое, што трэба. Усё гэта важна ўлічваць.

— Як наладжаны працэс стварэння ўпрыгожання? Колькі часу праходзіць ад малюнка да гатовага вырабу?
— Смяюся, што стварыць складанае ўпрыгожанне — гэта тое ж самае, што нарадзіць дзіця: трэба дзевяць месяцаў. На стварэнне і мадэляванне ў 3D можа сысці каля двух месяцаў. Потым перадаю сваю 3D-мадэль тэхнічнаму дызайнеру. Ён дапрацоўвае яе з улікам асаблівасцяў ліцця: напрыклад, карэктуе таўшчыню дэталяў, водступы для камянёў і гэтак далей. Тэхнічны дызайнер крыху прызямляе мой творчы палёт. Гэта займае шмат часу: я хачу, каб выраб выглядаў пэўным чынам, а ён проста хоча яго зрабіць. У выніку мы павінны сумясціць маю фантазію і рэальнасць.

Гатовая 3D-мадэль адпраўляецца на вытворчасць, дзе для кожнага элемента робяць майстар-мадэлі і гумовыя формы. З гэтых формаў штампуюць мадэлі з воску, якія потым адліваюць у срэбры ў ювелірнай майстэрні.

Мяне часта пытаюцца, чаму сама не раблю ўпрыгожанні. Магу растлумачыць. Для мяне важная якасць. Я нашу вырабы шмат гадоў. Падабаецца, калі рэчы доўга застаюцца са мной. І сама не зраблю так якасна, як чалавек, які займаецца гэтым працэсам ужо 20 гадоў. Люблю працаваць са срэбрам. Але значна цікавей стварыць эскіз упрыгожання, мадэль, прадумаць, каб кожная кропелька і форма былі менавіта такімі, як мне трэба.
А далей ужо ў майстэрні гэта адліваюць, апрацоўваюць, устаўляюць камяні — настолькі якасна і добра, што душа радуецца, калі потым гэтае ўпрыгожанне таксама носяць шмат гадоў.

Не хачу зацыклівацца і рабіць усё сама. Дастаткова таго, што раблю фота, відэа і вяду сацсеткі. Гэта таксама мая візуальная гісторыя, люблю і хачу гэтым займацца. Калі яшчэ і за напільнік сяду… Фізічна няма столькі часу, каб усё паспець.
— А ці вы ўмееце працаваць са срэбрам?
— Умею, але на ўзроўні, каб разумець працэс і метал. То бок магу рабіць простыя рэчы, але аддаю перавагу працы з людзьмі, якія сапраўды моцныя ў гэтай справе.
«Мая супермоц — зрабіць брэнд міжнародным»
— Якая аўдыторыя ў вашага брэнду? Гэта палякі? Беларусы?
— Першымі кліентамі былі знаёмыя. Пачала расказваць пра новую справу, яны падцягнуліся. Потым спрацавала сарафаннае радыё, і на сёння ў мяне 50 на 50. Палова кліентаў знаходзіцца ў Польшчы, з іх 70% — экспаты і 30% — палякі. Астатнія 50% — увесь свет. Часцей за ўсё адпраўляю вырабы ў Германію, Францыю, Італію.
Так атрымалася, што вырабы самі расказалі пра сябе свету. Не скажу, што рабіла шмат рэкламы. Візуал у Instagram і сайт адразу прынеслі заказы. Потым з’явіліся шоурумы, і ўсё панеслася як снежны камяк.

Мая супермоц у тым, што мыслю маштабна, ведаю англійскую мову і ўмею выводзіць брэнд на міжнародны ўзровень. Так было і ў кампаніі, якая займалася касцюмамі. Мы былі шырока вядомыя ў вузкіх колах. Пра нас гаварылі ў грымёрках, нашы касцюмы куплялі топавыя артысты. Для гэтага я рабіла рассылкі і пасты ў сацсетках, пісала і знаходзіла кліентаў. І калі пачалася гісторыя з упрыгожаннямі, гэта аўтаматычна азначала, што мой прадукт — міжнародны.
Мэтавая аўдыторыя — у асноўным жанчыны 35+. У іх закрытыя базавыя патрэбы, і яны добра зарабляюць. Ім падабаюцца рэчы з сэнсам, а не проста пакупкі. То бок яны прыходзяць з разуменнем і ўсведамленнем таго, што хочуць купіць менавіта гэтую рэч.

— Наколькі складана развіваць незалежны дызайнерскі брэнд у Польшчы? З якімі перашкодамі давялося сутыкнуцца?
— Спачатку знаходзішся ў эйфарыі, запале, укладаеш усе сілы, і здаецца, што ўсё добра. Праблема — акупіць тое, што ўкладзена.
Калі пачала выходзіць з касцюмнага бізнесу і жыць за кошт брэнду ўпрыгожанняў, то зразумела, што ўсё не так проста. Высокія падаткі, выдаткі. Трэба разумець, наколькі ты ўвогуле гатовая рызыкнуць, каб укладацца ў такую справу. Усё каштуе вялікіх грошай, трэба сапраўды шмат працаваць, каб хаця б акупляць выдаткі. Гэта той момант, які трэба вельмі добра пралічваць наперад і аналізаваць.
— Цяпер гэта ваша асноўная дзейнасць?
— Так. Дарэчы, сёлета пачала працаваць з золатам, хоць мая аддушына — срэбра.

Золата — гэта праца на замову. Да мяне прыходзяць людзі, у якіх, напрыклад, ёсць старое золата, звязанае з сямейнай гісторыяй. Ім хочацца захаваць гэтую памяць, але ўпрыгожанне ўжо не выглядае актуальным. А я ўмею выцягнуць з чалавека гісторыю, візуальна яе разгарнуць і стварыць упрыгожанне індывідуальна пад кліента. Таму цяпер да мяне звяртаюцца тыя, хто хоча пераплавіць бабуліна золата, зрабіць нешта зусім новае або замовіць заручальныя пярсцёнкі.
— Як фармуецца цана на ўпрыгожанні брэнду GORECHIK?
— Ёсць сабекошт. У яго ўваходзяць срэбра, адліўка, апрацоўка і іншыя матэрыялы — паўфабрыкаты і камяні. Прыкладна гэта плюс-мінус 30–35% ад кошту вырабу. 30% ідзе на падаткі і ZUS — тут залежыць, у якую краіну прадаю тавар, бо працую з VAT. І 30% — гэта прыбытак, частка якога ідзе на рэкламу, маркетынг, упакоўку, заробак.
На адных вырабах зарабляю менш, на іншых — больш. Гэта залежыць ад кошту самога вырабу, ад таго, якую цану я на яго стаўлю і яго гісторыі. Напрыклад, у мяне ёсць пярсцёнак, вытворчасць якога разам з усімі матэрыяламі абыходзіцца ў 300 злотых.

Калі закладу ў яго кошт усю нацэнку, якую звычайна раблю, пярсцёнак атрымаецца занадта дарагім. Разумею, што тады не змагу прадаваць яго ў той колькасці, у якой хацелася б. Таму раблю меншую нацэнку, але ўсё адно добра зарабляю на яго продажы, і гэтага хапае, каб пакрыць выдаткі.
— Які ў вас сярэдні чэк і якія вырабы прадаюцца найлепш?
— Прыкладна €130–140. Да нядаўняга часу добра прадаваліся маятнікі. Цяпер добра разыходзіцца падвеска «Іголка».

Папулярны пярсцёнак-перавёртыш з вокам. Пярсцёнкі-пірсінгі — па-за канкурэнцыяй. Яны заўсёды ў топе продажаў.

— Колькі ўпрыгожанняў удаецца прадаць за месяц? І ці ёсць сезоннасць?
— Сезоннасць ёсць. У верасні–кастрычніку назіраецца спад замоў — людзі вяртаюцца з адпачынкаў і рыхтуюцца да «чорнай пятніцы». Канец лістапада, снежань — заўсёды добрыя ў плане продажаў. Потым зноў падзенне, а ўвесну і ўлетку кліентам хочацца аксесуараў.
У цэлым за месяц удаецца прадаць каля 50 упрыгожанняў. Многія купляюць набор — падвеску і да яе завушніцы. Але гэта дзве рэчы.
Агулам брэнд прапануе каля 40 вырабаў, усе яны актыўныя. Два з іх ляжаць яшчэ з самай першай вытворчасці, і іх не купляюць — заўсёды ёсць недаацэненыя вырабы. Таму прыняла рашэнне распрадаць іх і больш не выпускаць.

Ёсць вырабы, якія нечакана «стрэлілі». Напрыклад, пярсцёнак Queen з трыма відамі камянёў: чырвоным гранатам, жоўтым цытрынам і дымчатым кварцам. Шчыра кажучы, зрабіла яго за пяць хвілін, змадэлявала і вырашыла запускаць у вытворчасць. Ніякіх спадзеваў не было — проста чарговы пярсцёнак. А ён так спадабаўся людзям!

— Як хутка пасля запуску атрымалася выйсці ў плюс?
— Здаецца, праз год-паўтара гэта перастала быць мінусам. У першыя гады рабіла шмат упрыгожанняў. А вытворчасць, менавіта распрацоўка новых вырабаў, патрабуе вельмі шмат грошай. Укідваеш і плаціш за формы, а калі нешта не так, перарабляеш. Таму першыя паўтара гады вельмі шмат укладала. І, адпаведна, кожны месяц мела мінус.
Другі год закрыла ў нуль. Гэта была прыемная гісторыя. Рыхтавала фінансавыя справаздачы для банка, каб узяць грошы на развіццё, і зразумела, што яны ўжо не мінусавыя і што я малайчына, справілася!
У той час мела асноўную працу з касцюмамі. Таму магла дазволіць сабе ўкладвацца ва ўласны брэнд і разлічваць, што ў будучыні гэта будзе прыносіць прыбытак.

— Што аказалася самым нечаканым або недаацэненым пры запуску ювелірнага бізнесу ў Польшчы?
— Не была гатовая да таго, што нешта можа не атрымацца. Але нечакана цэлая партыя ўпрыгожанняў поўнасцю пайшла на пераробку, бо ў буйных вырабах было шмат пустот і паветра. У нейкіх выпадках адказнасць за хібы нясе майстэрня. Ёсць і моманты, дзе віна мая — даводзілася перарабляць мадэль. Або нешта не паспелі зрабіць да свят. Адпаведна, не было продажу, бо вырабаў не было фізічна.
«Досвед жанчын майго роду шмат у чым падобны да досведу амерыканкі»
— Ці ёсць у вашых працах сувязь з Беларуссю?
— Так, гэта добра відаць па апошняй калекцыі і падвесцы «Іголка» — ва ўпрыгажэннях прасочваецца сувязь з ніткамі, пляценнем. Спачатку не да канца разумела, чым выклікана ўнутраная патрэба стварыць тую ж «Іголку». Разабралася. Я шмат гадоў жыла ў Кітаі і Турцыі, далёка ад дому. Але мяне ніколі не цягнула дадому — чалавек свету. У нейкі момант адчула, што я з Беларусі, там мой род і ён не заканчваецца на маці-бабулі. А я пра гэта ніколі не думала! Гэта здарылася ў момант моцнай адзіноты: здавалася, што я адарваная ад дома, што ў мяне наогул нічога няма — пераехала нават без старых рэчаў, усё нанова! І ўнутры стала прарастаць пачуццё, што я не адна, што яны ёсць, але там. Такім чынам пачала збіраць гісторыю сябе, дома і, адпаведна, Беларусі.

Апошняя калекцыя — пра тое, як пашыць сябе зноўку пасля поўнага расшчаплення: хто ты, дзе ты, які ты чалавек цяпер? І пра сувязь з родам, таму што іголка — славянскі абярэг, якім мы не проста шылі, а які дапамагаў ад сурокаў і ў іншых абставінах. Добра памятаю ўсе гэтыя бабуліны гісторыі. Элементы карункаў у маіх працах — таксама ад бабулі. То бок сувязь з Беларуссю ў GORECHIK праяўляецца не так яўна, як у іншых брэндаў, але яна ёсць.

Яшчэ важны нюанс: заўсёды капаю глыбей. Капаю ў гісторыю не толькі сваіх каранёў і Беларусі, але і розных народаў свету. Бачу, як перасякаюцца культуры.
Магчыма, таму мой брэнд даволі хутка стаў міжнародным — яго сэнсы знаходзяць водгук у самых розных людзей. Досвед жанчын майго роду, які я пражываю, шмат у чым падобны да досведу амерыканкі. Яна таксама счытвае гэтыя сэнсы праз упрыгожванні, таму што іх сімволіка зразумелая на розных мовах. Замежнікі купляюць мае ўпрыгожанні, таму што ім гэта таксама адгукаецца.
— Ці лічыце, што эміграцыя дае новы стымул творчым людзям?
— Адназначна. Эміграцыя прымусіла мяне моцна пасталець і шмат што пераасэнсаваць. Дома жывеш зусім на іншых вібрацыях. Ніколі не растлумачу знаёмым палякам, як сябе тут адчуваю, таму што яны не разумеюць, што такое базавы спакой, які мы адчувалі дома і якога ў нас цяпер няма. Пераезд даў мне магчымасць працаваць са срэбрам — імаверна, дома я б да гэтага дайшла, але гэта быў бы іншы шлях, іншая гісторыя, іншыя сэнсы, зусім іншыя ўпрыгожанні. Эміграцыя нібы штурхнула мяне туды, дзе я яшчэ не была, але трэба было патрапіць.

Калі ў мяне пытаюцца, ці радая я, што так адбылося, адказваю, што вельмі радая. Мне падабаецца тое, кім я стала, кім сябе пачуваю і што раблю — настолькі гэта ўсё маё. Вельмі шкада Марыну, якая прайшла складаны шлях і гэтулькі ўсяго перажыла. Але яна змагла загаварыць. І гэты голас перадаецца праз аксесуары.
— Што для вас больш істотна — камерцыйны поспех, свабода творчасці ці стварэнне свайго эстэтычнага сусвету?
— Камерцыйны поспех і свабода творчасці — гэта ўсё пра бізнес. Гэта тое, што мяне забяспечвае, дазваляе ствараць новае і гаварыць. У маім выпадку гэтыя паняцці пераплеценыя, паколькі важна і самавыяўляцца, і на гэтым зарабляць.

Я не з мастакоў, гатовых галадаць. Не. Вельмі люблю грошы, зарабляць іх і марнаваць. Таму важна мець магчымасць пачувацца фінансава стабільна. З гэтай кропкі выдатна ствараю, мой творчы струмень нараджаецца са стабільнага і спакойнага стану.
— Якім бачыце GORECHIK праз пяць гадоў? Хочаце захаваць камернасць аўтарскага брэнду ці марыце пра міжнародны ювелірны дом?
— Хтосьці сказаў: «Напішы бізнес-план, там павінна быць нешта накшталт Cartier». Не, не хачу быць Cartier. Выразна бачу, што мой брэнд будзе камерным. Вельмі хочацца пашырацца, але перш за ўсё для таго, каб дапамагаць людзям расказваць іх гісторыі і знаходзіць адказы на пытанні.
Выразна бачу свой шоурум — прасторны, вельмі светлы. Бачу вялікі брэнд, які будзе развівацца і пры гэтым застанецца камерным. Магчыма, ён не будзе суперкамерцыйным, але вельмі паспяховым. Бо па-іншаму не ведаю, як працаваць.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.