«Хачу, каб уладальніца ўпрыгожванняў з саломы адчувала сябе і фольк, і сэксі». Як беларуска развівае брэнд аксесуараў KANVA

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Наста Васючэнка — дызайнерка адзення і аксесуараў, заснавальніца брэнду KANVA. Гэта яна прыдумала завушніцы з саломы і пярлін, якія носяць беларускія модніцы па ўсім свеце.

Нядаўна Наста ўвайшла ў спіс Next35 як беларуска, якая змяняе свет. А яшчэ яе хваляць польскія Vogue i Elle, але мастачка плануе пашыраць геаграфію.

Пра тое, чаму ўпрыгожванне мусіць быць дарагім, як зрабіць традыцыю сэксі, у чым перавага беларускіх дызайнераў перад польскімі, Наста расказала ў размове са spravy.io.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

«У дзяцінстве я не хадзіла ў гурток саломапляцення»

— Салома — складаны матэрыял для аксесуараў? 

— Я дызайнерка з Мінску. У мяне ніколі не было сваёй вёскі і досведу вясковага жыцця. Пэўны час я нават гэтага саромелася, а цяпер прапрацавала і не лічу хібай. Аднак ёсць кніжкі, фільмы, іншыя крыніцы, праз якія я магу дакрануцца да вясковай культуры. Магчыма, калі б не была сталічнай дзяўчынкай, то не дадумалася б дадаць перлы да саломкі і не спалучыла б вясковы і шляхетны матэрыял.

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Майму брэнду 8 гадоў. Прэзентацыя першай калекцыі KANVA адбылася ў мастацкім музеі і была прысвечана Язэпу Драздовічу. Разам з партнёркай па праекце мы разбіралі яго фігуру па асноўных пластах творчасці — маляванках, касмаграфіі і этнаграфічных замалёўках, капаліся ў яго ідэнтычнасці. Праз гэта і прыйшла ідэя зрабіць завушніцы — вялікія кольцы ў стылі стрыт-стайл, але з саломы. Тады ж з’явіліся і саламяныя завушніцы-павукі, да якіх потым знайшоўся іншы матэрыял. 

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

У дзяцінстве я не хадзіла ў гурток саломапляцення. Гэтае рамяство мне спадабалася ў асэнсаваным узросце, і я ўбачыла ў ім патэнцыял. Так працуе мозг дызайнера — мы на ўсё глядзім з пазіцыі «як я магу гэта выкарыстоўваць?» Падалося, што салома можа класна спалучацца з паўсядзённым адзеннем і адлюстроўваць ідэнтычнасць таго, хто гэта носіць. Захацелася больш глыбока занурыцца ў матэрыял. Пайшла ў той самы дзіцячы кружок на Уруччы да прафесійнай майстрыхі. Сядзела з дзецьмі і адукоўвалася, каб зрабіць гэта сваёй справай.

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Мяркую, што любы прадукт павінен вырабляцца прафесіяналам. Калі майстрыца робіць нейкае шво за паўгадзіны, а я за тры — якія яшчэ пытанні? Таму знайшла памочніцу па саломапляценні. Генерую ідэі, задаю вектар, яна працуе з саломай. Калі саламяная дэталь гатова, дапрацоўваю яе фурнітурай і даводжу выраб да стану, каб яго хацелася набыць і насіць. Каб ён быў прывабны, каб яго ўладальніца адначасова сябе адчувала і фольк, і сэксі.

«Спалучэнне саломы і льну для мяне не фэшн»

— Калі ты пачынала рабіць упрыгожванні, уяўляла, хто будзе іх насіць?

— Не. Гэта была апантанасць, я працавала не як бізнесоўца — са стратэгіяй, а як мастачка: ёсць ідэя, гэта будзе цікава на рынку. Цяпер такі падыход не працуе. Алгарытмы хутка змяняюцца, бо мода — гэта сфера, якая рэагуе на тое, што адбываецца ў свеце. Цяпер усё больш залежыць ад асобы дызайнера, ад адчування прыналежнасці да пэўнага кам’юніці.

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Мой лейтматыў — прасоўванне беларускай культуры, праца з беларускім кодам, з настальгіяй. Культурны код — пра прадукт, настальгія — пра вайб. Настальгія — мая ўласная ідэнтычнасць, якую я спалучаю з культурным кодам. То бок, выварочваю сябе навыварат, глыбока капаю — толькі так можа атрымацца запамінальны прадукт. У ім шмат мяне і майго пачуцця прыгажосці.

Ніколі не прапаноўвала насіць салому з ільнянымі сукенкамі — з тым, што на паверхні. Для мяне гэта не фэшн. Гэты прадукт жыве з байкамі, кантраснымі рэчамі, цікавымі фактурамі, вінілам і праз гэта набывае іншую каштоўнасць. 

Дзяўчына, якая купляе мае вырабы, хоча падкрэсліць сваю беларускасць. А тая, якая не ведае, што гэта беларускасць, любіць аўтэнтыку і не баіцца прыцягваць да сябе ўвагу, бо праз упрыгожванні можна заводзіць знаёмства — лёгка да кагосьці падкаціць, калі ёсць за што зачапіцца. Да прыкладу, бачыш завушніцы, кажаш камплімент і пачынаеш камунікаваць. Альбо пазнаеш сваіх. Часам на імпрэзах мы з каляжанкамі гуляем у прыемную гульню — лічым дзяўчат у сваіх прыкрасах. Гэта заўсёды цешыць.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

— Хто цяпер твой асноўны пакупнік?

— Беларусы з усяго свету. Не лічыла, у якую колькасць краін дасылаю вырабы, і было б цікава мець такую мапу. Але беручы ўдзел у польскіх маркетах і назіраючы за продажамі ў шоў-румах і на сайце, бачу добрую статыстыку і сярод палякаў. 

Мая мэта — не інтэграцыя дзеля інтэграцыі, а інтэграцыя дзеля распаўсюду сваёй беларускасці і свайго пачуцця прыгожага. Аднак беларускасць — дадатковы бонус. Найперш стаўлю на прыгожы і канцэптуальны прадукт. 

«Часам атрымліваецца зарабіць толькі на тое, каб зноў набыць матэрыялы»

— Хочацца працаваць з палякамі і выйсці на польскі рынак?

— Так, і не толькі на польскі. Але на польскі выйсці прасцей, бо мой прадукт зразумелы палякам часам нават больш, чым беларусам. Беларускі і польскі культурныя коды шмат у чым перасякаюцца. І палякі больш ведаюць пра тых жа саламяных павукоў і іх сэнс, чым беларусы — хаця я стараюся папулярызаваць гэты традыцыйны элемент дэкору.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Таму праз агульную частку культурнага коду і тое, што мае ўпрыгожванні нават без гэтага цікавыя, яны прыцягваюць польскую аўдыторыю.

— Цябе хваліць польскі Vogue… 

— Год таму Vogue апублікаваў артыкул пра брэнд KANVA і фэшн-сторы пра варшаўскую Сірэнку. Пазней польская традыцыя пляцення была ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Vogue прысвяціў падзеі артыкул, часткай якога стала і мая творчасць. На сёння ведаю цікавых людзей з польскай фэшн-тусоўкі праз поціск рукі, ёсць мэта прасоўвацца ў гэтым кірунку і пашыраць геаграфію.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

— Аксесуарамі можна зарабляць на жыццё?

— Калі жыву ў Варшаве, здымаю кватэру і майстэрню, то ўсё ж такі штосьці атрымліваецца.

— То бок, гэта не нуль — плюс?

— Як калі. Маю саламянага дылера — фермера з-пад Гданьска, забіраю салому. Але гэта не той расходнік, які патрабуе вялікіх выдаткаў. Значна больш грошай выдаткоўваецца на фурнітуру, пярліны і пакунак. Часам атрымліваецца зарабіць толькі на тое, каб зноў набыць матэрыялы — бо яны пастаянна заканчваюцца.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Магчыма, патрэбны аўдыт — каб частку ўпрыгожванняў прыбраць з вытворчасці, бо на любы прадмет ў любы час можа прыйсці замова, і трэба каб былі ўсе яе дэталі.

— Што з тваіх вырабаў карыстаецца найбольшай папулярнасцю? Ёсць топ-3?

— Гэта завушніцы «Зорачкі» з пярлінкай — базавае ўпрыгожванне з вядомым воку элементам, завушніцы «Павукі» і, што нечакана, нятаннае ўпрыгожванне «Скарб» — акцэнтныя і шматслойныя пацеркі. На іх стварэнне мяне натхніла выданне экспедыцыі Ластоўскага.

Фота: kanvakasciume.com

А бонусам ідзе набор для стварэння свайго ўласнага інтэр’ернага павука. Кладу туды салому, нажнічкі, свечку, інструкцыю (на англійскай і беларускай мовах), і прыкладаю плэйліст — каб можна было зладзіць уласны шабаш. Набор добра бяруць на падарункі. У «Доме Буслоў» Вольга Кардаш вельмі лёгка яго прадае. Гэта яшчэ і ўнісекс атрымліваецца, бо і палякам пасуе. Ён прадаецца ў трох варыянтах — з трыма рознымі фігурамі.

«Ну што значыць беларусы небагатыя? Беларусы розныя!»

— Наколькі камфортна развіваць бізнес у Польшчы? 

— Працую праз інкубатар — плачу падаткі паводле спрошчанай схемы. Але гэта кавалак грошай, які трэба ўлічваць. Ёсць афіцыйны рахунак, праз які праходзяць усе замовы з сайту і з шоў-румаў. 

З плюсаў тое, што не адчуваеш столі, бо ёсць бязмежны рынак — не толькі польскі. Даступныя матэрыялы. У Беларусі не было крамаў, дзе б, напрыклад, прадавалася срэбная фурнітура. А тут яе можна набыць разам са звычайнымі запчасткамі. У Мінску ўсе дызайнеры тусаваліся на Камароўцы ў краме «Метро». Тут таксама такое бывае, і мы часам дамаўляемся, якую ўпакоўку хто замаўляе, каб не паўтарацца.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Наступны крок — прабіць кастам і пераходзіць на аптовыя замовы. Але гэта патрабуе інвестыцый. Бо, напрыклад, калі хочаш больш прэміяльнае пакаванне, трэба замаўляць мінімум 100 варыянтаў. Упакоўка — адзін са складнікаў прадукту, і я не магу сабе дазволіць набыць такую колькасць. 30 штук ці 50 — гэта ўжо адчувальна. Мы ўсё яшчэ выкручваемся, каб зрабіць адначасова адметна, але з мінімальнымі выдаткамі ў гэтым плане.

Часам думаю: а што я зарабляю? Мінімум 50% — гэта выдаткі. Таму падобныя вырабы і мусяць каштаваць нятанна. Бо калі бачу зусім дэмакратычныя кошты, заўсёды шукаю падвох. Спрабую разабрацца, з чаго зробленая рэч і чаму яе аўтар дэмпінгуе рынак. Добра ацаніць сваю працу — гэта праблема беларускіх дызайнераў, мы саромеемся ставіць высокія кошты і размаўляць пра грошы і лічбы. Мусім прапрацаваць гэты момант. 

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Хаця асабіста я ўсё ж стараюся адэкватна ацэньваць сваю справу, беручы прыклад з польскіх і ўкраінскіх калег. Ну што значыць беларусы небагатыя? Беларусы розныя! Ёсць частка аўдыторыі, якая бачачы кошт меншы за 40 еўра, сумняецца ў якасці вырабу. Сама не гляджу на прадукты, якія каштуюць меней, і не хажу па такіх месцах. А як павышаць павагу да сваёй культуры і сваіх творцаў? Праз кошт у тым ліку! Бо кошт — ад слова каштоўнасць.

— Падыход польскіх і беларускіх дызайнераў да моды моцна адрозніваецца? 

— У палякаў у прынцыпе ёсць гэтая індустрыя, і яна больш развітая. Але ў размове яны кажуць пра сябе тое самае, што і мы пра сябе, толькі са сваёй бурбалкі. Яны мяркуюць, што ў іх усё недасканала, не хапае падтрымкі. 

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Увогуле, мода — больш бізнес, чым мастацтва. Але менавіта спалучэнне камерцыйнага і мастацкага дазваляе ёй гаварыць за саму сябе: яе ўтылітарнасць і камерцыйнасць становяцца неад’емнай часткай спосабу, якім яна сябе рэпрэзентуе. Гэта вельмі недаацэненая сфера, дзе можна моўчкі праз свой аўтфіт распавесці ўсё — ад палітычнай пазіцыі да ўласнага архетыпу.

Калі казаць пра беларускіх дызайнераў, якія з’ехалі з дому пасля 2020 года, то мы намагаемся працаваць са сваім культурным кодам і трансляваць культуру — ёсць такая патрэба. З гэтай тэмай добра працуюць украінскія дызайнеры. На іх прыкладзе можна ўбачыць, як традыцыйныя рамёствы пераасэнсоўваюцца ў сучаснай модзе і выходзяць на сусветны ўзровень. 

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Нядаўна я ўдзельнічала ў якасці польскага брэнда ў праекце ў Бруселі, была на вялікай выставе сучаснай польскай моды ў Лодзі. З каляжанкамі прыйшлі да высновы, што ў польскім фэшне, напрыклад, мужчынская мода больш праяўленая, і што польскія калегі смялей працуюць з тэмай ЛГБТК+. Каб з гэтым працаваць напоўніцу, мусіць быць індустрыя і грамадства. А ў нас нават і грамадства як бы не існуе — мы ж у выгнанні. Таму праца з культурным кодам у нашым выпадку — гэта натуральна.

«Больш дасягнем, калі будзем трымацца як каляжанкі, а не як канкурэнткі»

— Польскія дызанеры ўспрымаюць беларускіх калег як канкурэнтаў? У чым ваш моцны бок?

— Мы навучыліся працаваць у складаных умовах, таму зможам выжыць паўсюль — без падтрымкі, грошай, прадакшна. І гэта ўсё адно будзе якасна, мы вельмі працавітыя. 

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Мода — мая асноўная дзейнасць. Больш нічым не зарабляю. У Беларусі я мела розныя праекты і падпрацоўкі, то цяпер — толькі сваю справу. Б’ю ў адну кропку. Няма выбару — я ўжо ў працэсе, таму трэба мацней і вышэй.

— Вы часта гуртуецеся, удзельнічаеце ў розных мерапрыемствах, у тым ліку польскіх…

— Наша мэта — каб як мага больш людзей даведалася пра беларускі фэшн. Кожная з нас мае свае амбіцыі, але разумеем, што больш дасягнем, калі будзем трымацца як каляжанкі, а не як канкурэнткі. Для мяне канкурэнткі — гэта польскія дызайнеры, мы глядзім у той бок і аналізуем — як яны вядуць бізнес і сацсеткі. 

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Што тычыцца распаўсюду беларускай моды — хочацца, каб і беларусы звярталі на нас увагу. Але вядома, каб дагрукацца да сваіх, спачатку трэба скарыць замежнікаў. Яно сапраўды так працуе і не толькі ў сферы моды. Шмат хто не ведае пра мой брэнд. І я цешуся, калі гэтае знаёмства адбываецца. Мы круцімся ў нашай бурбалцы, важна з яе выходзіць. Над гэтым цяпер і працую. 

— Якім чынам?

— Збольшага вяду свой Instagram па-англійску. Бюджэтаў, інвестыцый няма. Грантаў — таксама няма. Беларускія фонды пад бізнес грошы не даюць — маўляў, вы і так зарабляеце на беларусах. Але мы атрымалі польскі грант ад фонду Kraina, і ўдзел у праекце Refashioned стаў вельмі крутой падтрымкай. Мы атрымалі магчымасць рабіць усё, што хацелі, і паказалі сябе на подыуме. Арганізатары займаліся ўсім, што круціцца вакол працэсу, а мы, як мастакі, рабілі тое, што напісана ў нашым дыпломе. 

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Свой цяперашні шлях я называю «соўшл-батэрфляй» — хаджу на ўсе магчымыя мерапрыемствы, дзе я ці беларуская мода могуць быць цікавымі і лічу гэта таксама часткай сваёй працы. Апраную нешта з KANVA і завязваю знаёмствы. У гісторыі паспяховых брэндаў заўсёды шмат паслядоўнай працы ў адну кропку. І крыху магіі, калі спантанная сустрэча змяняе справу ў плане ці пазнавальнасці, ці грошай — гучыць як вера ў цуд. Часта патрэбны чалавек, які за ручку цябе падвядзе і пазнаёміць. 

Фота: instagram.com/kanva_kasciume

Мая праца — гэта 3D-праца. Добра, што ёсць майстрыха, якой я магу дэлегаваць саламяную частку. А астатняе — ад кур’ера да SMM — на мне. Таму мару пра бізнес-партнёра — каб было з кім раздзяляць справы і пакуты. 

— Як бачыш далейшае развіццё «Канвы»?

— Мая мара — вярнуцца да вытокаў: да адзення. Па адукацыі я мастак па касцюме. Займаюся біжутэрыяй не таму, што так захацелася, а таму, што адзенне — гэта вельмі складана. Каб шыць вопратку патрэбныя розныя рэсурсы — перад усім фінансавыя. З 2020-га па 2022-гі я яшчэ рабіла тэкстыльныя аксесуары кшталту фартушкоў, хустак і нават цішотак, але апошнія 3 гады сканцэнтравалася на ўпрыгожаннях. Я не здраджваю свайму канцэпту, проста цяпер даношу яго праз малыя формы і спадзяюся, што такім чынам змагу збудаваць сабе падмурак і зрабіць імя. Ствараць і прадаваць упрыгожванні не так складана, як адзенне. Гэта не патрабуе прымеркі. Але ўсё ж хачу, каб мой брэнд выпускаў і аксесуары, і вопратку, і аб’екты інтэр’ера — думаю пра KANVA-хату.

Фота: instagram.com/kanvasiuchenka

Абставіны склаліся так, што цяпер я тут, хоць і не па сваім жаданні — ніколі не хацела з’ехаць. Трэба карыстацца тым, што ёсць, і марыць па-вялікаму.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *