Піксельны зубр і старадаўні «гаджэт»: як будзе выглядаць беларускі стэнд на Web Summit 2026 у Лісабоне

Крэатыўнае агенцтва Vondel Digital прадставіла абноўленую візуальную канцэпцыю прасторы беларускага стэнда Belarusians Worldwide на найбуйнейшай сусветнай тэхналагічнай канферэнцыі Web Summit 2026, якая пройдзе з 9 па 12 лістапада ў Лісабоне. У дызайне пераасэнсаваны традыцыйныя нацыянальныя матывы праз прызму лічбавай эпохі.
Піксель-арт ад нашых продкаў
Як паведаміў сузаснавальнік Vondel Аляксандр Васілевіч, у аснову афармлення стэнда легла ідэя «Тэхналогіі без межаў». Паводле задумы аўтараў, прастора спалучае аўтэнтычную беларускую культуру з перадавымі тэхналогіямі і глабальным кантэкстам:
— Беларуская вышыўка — гэта, па сутнасці, піксель-арт, які існаваў за стагоддзі да з’яўлення камп’ютараў. Менавіта гэта стала нашым пунктам адліку пры стварэнні дызайну для Belarusians Worldwide.

Ключавыя элементы выставачнай зоны выбудаваны на стыку традыцый і digital-эстэтыкі:
— Традыцыйныя беларускія сімвалы сустракаюцца з лічбавым светам: белавежскі зубр, сабраны з пікселяў і элементаў арнаменту; традыцыйны «павук», які вісіць над стойкай як своеасаблівы старажытны беларускі «гаджэт», і графічныя лініі, што выходзяць за межы сцен стэнда, развіваючы ідэю Tech Without Borders.

Стэнд стане кропкай збору для беларусаў, раскіданых па свеце
Праект Belarusians Worldwide вяртаецца на Web Summit пасля паспяховага дэбюту ў 2025 годзе. Арганізатары пазіцыянуюць яго не як дзяржаўнае прадстаўніцтва, а як ініцыятыву «супольнасці для супольнасці» — кропку збору для беларускіх фаўндараў, распрацоўшчыкаў, інвестараў, крэатараў і стваральнікаў супольнасцей, аб’яднаных каштоўнасцямі адкрытасці, інавацый і прадпрымальніцтва.

Галоўная мэта стэнда — забяспечыць беларускім стартапам і спецыялістам, раскіданым па розных краінах, агульную інфраструктуру, бачнасць у сусветных медыя і прамы выхад на міжнародных венчурных інвестараў.
Сёлета прапануецца некалькі фарматаў удзелу:
- Падтрымка стэнда (€830) — квіток на канферэнцыю Web Summit 2026 і прамы ўнёсак у падтрымку беларускага стэнда (базавы кошт квітка на Web Summit — ад €775).
- Месца на стэндзе для стартапа (€1 300) — квіток на Web Summit 2026, працоўнае месца на стэндзе, прэзентацыя свайго прадукту, магчымасць пітчу, а таксама 5–10 арганізаваных сустрэч з інвестарамі і прадстаўнікамі міжнародных медыя.
- Спонсарскія пакеты (ад €1 500) — магчымасці брэндынгу, выступаў на стэндзе і маштабнага піяру сярод супольнасці і ўдзельнікаў саміту.

Акрамя экспазіцыі, у межах саміту пройдзе Belarusians Worldwide Club Gathering — закрытая сустрэча трыццаці лідараў меркаванняў, кіраўнікоў фондаў і фаўндараў для абмеркавання супольнай стратэгіі развіцця глабальнага беларускага тэхналагічнага руху.
Web Summit 2026 пройдзе з 9 па 12 лістапада ў комплексе MEO Arena ў Лісабоне. Канферэнцыя застаецца адной з найважнейшых пляцовак сусветнага тэхналагічнага сектара: чакаецца, што на яе збяруцца больш за 70 тысяч удзельнікаў з усяго свету — ад перспектыўных стартапаў ранніх стадый да кіраўнікоў карпарацый, найбуйнейшых фондаў і журналістаў.