«Усё магчыма, калі гэтага па-сапраўднаму хочаш». Беларуска кінула стабільную працу і пачала праводзіць музычныя вечары ў Варшаве

Аляксандра Касяновіч, івэнт-прадзюсерка і рэжысёрка, два гады таму вырашыла сысці з працы, каб рэалізаваць мару — адкрыць прастору для таленавітых людзей. Без каманды вясной 2026 года яна запусціла праект «Гасцёўня» — музычныя імерсіўныя вечары ў Варшаве. Ужо адбылося два івэнты, дзе прагучала аўтарская прафесійная музыка і асабістыя гісторыі артыстаў па тэме вечароў, а госці не толькі ўдзельнічалі, але і частаваліся хатнім хлебам, які выпякае Аляксандра.
Для spravy.io яна расказала, чаму прамяняла кар’еру на самарэалізацыю, чым праект «Гасцёўня» адрозніваецца ад звычайных канцэртаў і колькі каштуе арганізаваць адзін вечар.

«Зразумела, што простай працы мне ўжо недастаткова»
— Як ўзнікла ідэя «Гасцёўні»?
— Ідэя нарадзілася з майго ўласнага жыцця. Яна пра тое, што кожны чалавек варты сваёй сцэны — самавыяўлення і рэалізацыі. Той, хто прайшоў эміграцыю і своеасаблівае абнуленне жыцця, ведае, як складана праявіць свой голас, калі пачынаеш з нуля. У кожнага рэстарт свой — эміграцыя, страта працы, страта апор. І сёння ў гэтым непрадказальным свеце паверыць у сябе значна складаней, чым яшчэ было некалькі гадоў таму.
Стварыла праект «Гасцёўні» перш за ўсё як уласны маніфест: незалежна ад таго, дзе ты знаходзішся, там, дзе ты — там і твая сцэна. І яна пераязджае з табой.

Разуменне гэтага — мая асабістая перамога: я двойчы пераехала ў новую краіну — усё страціла ў 2020-м годзе, потым другі раз – у 2024-м. Сышла са стабільнай працы і за апошнія два гады я з нуля пабудавала ўласны праект, займаюся арганізацыяй канцэртаў і гастроляў — стварыла тое, што гучыць як здзейсненая мара. І сваім прыкладам хачу паказаць, што ўсё магчыма, калі ты гэтага па-сапраўднаму хочаш.
Таму «Гасцёўня» — не стыхійны праект. Я на ўласным досведзе ведаю падводныя камяні, праз якія праходзіць чалавек у момант страты ўнутраных апор і перазборкі. Гэта можна рабіць паасобку, але калі побач ёсць людзі на адной хвалі і з аднолькавымі жаданнямі, гэта ператвараецца ў моцнае поле, дзе кожны зараджаецца адзін ад аднаго. І вось праз такі калектыўны досвед я хачу дапамагчы чалавеку адчуць, што ён можа ўсё.
— З якой стабільнай працы Вы сышлі?
— Да эміграцыі ў мяне быў паспяховы досвед: была дырэктарам у турыстычнай кампаніі, пераехалі з мужам у сваю кватэру ў Новай Баравой. Але ў 2020 годзе ўсё страціла і з нуля ў Вільнюсе перайшла ў новую сферу дзейнасці — працавала з міжнароднымі праектамі, у ІТ-карпарацыі. Як толькі выбудавала сваю кар’еру і ўжо адчула нейкую стабільнасць, то зразумела, што простай працы мне ўжо недастаткова. Сэрца прасіла ўласнай рэалізацыі — гэта той след, які мы пакідаем пасля сябе.
Вырашыла, што прыйшоў час ствараць сваё, і асмелілася ўсё абнуліць, толькі ўжо дабраахвотна. Першы рэстарт быў вымушаным, а вось другі, у 2024-м з пераездам у Варшаву — гэта ўжо больш складаны ўзровень, мой свядомы выбар.

Акрамя таго, што я арганізатарка, прадзюсерка, ідэйная натхняльніца і вядучая «Гасцёўні», я развіваю сваё рэжысёрскае мысленне — мяне з дзяцінства цікавіць рэжысура, я вучуся ёй і як рэжысёр шукаю рашэнні, як па-рознаму данесці сваю ідэю да гледача праз тэмы вечара.
Таксама мне вельмі цікава ў індывідуальным фармаце дапамагаць людзям і бізнесам ствараць іх сцэну — быць рэжысёрам для гэтага. Маю вялікі досвед: арганізоўвала ў розных краінах Еўропы стэндап-камедыю, прэзентацыі кніг, музычныя шоу, цырымоніі, мюзіклы, карпаратыўныя мерапрыемствы, класічныя канцэрты, гастрольныя туры, удзельнічала ў запуску анлайн-курса і шмат чаго яшчэ. Я магу стварыць любую сцэну для людзей і веру, што мы жывём у эпоху, калі ў кожнага павінна быць свая сцэна. Мне падабаецца дапамагаць знайсці менавіта той фармат, які максімальна раскрые чалавека ці бізнес.
Мой праект «Гасцёўня» — гэта квінтэсенцыя таго, што я ўмею, магу і люблю рабіць.
«На сцэну выйшла мая маці, якая два гады таму страціла голас праз аперацыю»
— Які фармат у «Гасцёўні»?
— На пачатку свайго існавання «Гасцёўня» — гэта музычны імерсіўны вечар, куды я запрашаю прафесійных артыстаў. Для гасцей і артыстаў ствараецца бяспечная, утульная атмасфера ў сапраўднай гасцёўні рэальнага дома: я сама пяку хлеб на заквасцы, сустракаю, клапачуся пра ўсіх як любая гаспадыня. І ў такой прасторы мы пачынаем гасцяваць.

Кожны вечар будуецца вакол сваёй тэмы, звязанай з агульнай канцэпцыяй «Гасцёўні». Так збіраецца праграма: артысты, гісторыі, інтэрактыў — каб госці па-сапраўднаму паглыбіліся ў атмасферу вечара.
Першы вечар называўся «Знайсці свой голас» — пра набыццё голасу ў двух актах: «Пазнаць сябе» і «Знайсці апору ўнутры». На гэтым вечары, апроч запрошаных артыстаў, на сцэну выйшла мая маці Святлана, якая ўсё жыццё выступала, але два гады таму страціла голас праз аперацыю. Для яе гэта было сапраўднае вяртанне на сцэну ўпершыню пасля складанай аперацыі 2024 года, а гледачы сталі сведкамі па-сапраўднаму шчаслівага моманту вяртання да сябе.

Тэма другога вечара — «(Не) з чыстага ліста»: пра перазборку сябе, поспехі і факапы, смеласць дзейнічаць у новых абставінах з верай у свой шлях. Пасля людзі з захапленнем і падзякай дзяліліся, што гэты вечар натхніў іх праяўляцца, дзейнічаць, звяртаць увагу на тое, што адбываецца ўжо цяпер, і што любоў — яна ж якраз у такіх момантах, у людзях, у музыцы, у тым, што мы ствараем і чым дзелімся адзін з адным.

Трэці вечар адбудзецца 5 лістапада, і ён будзе пра мары. Мы маглі шмат чуць «не лунай у аблоках», «паводзься сур’ёзна», «не час займацца гэтым». Я лічу, што менавіта зараз — той час, каб пагаварыць пра мары і даць ім адну з галоўных роляў у жыцці. У сацсетках ужо анансавала праграму і артыстаў.
Пакуль гэта ўсё камерныя сустрэчы, але ў перспектыве «Гасцёўня» стане мультыфарматнай і аб’яднае як утульныя сустрэчы ў вузкім коле, так і больш адкрытыя маштабныя падзеі.

— Гледачы як-небудзь узаемадзейнічаюць з артыстамі на сцэне?
— Будую прастору, дзе ўсе ўзаемадзейнічаюць адно з адным: я з гасцямі і артыстамі, артысты паміж сабой і з гасцямі. Удзельнік тут — кожны.
Таму фармат камерны, інтымны, каб адчувалі, што песні і гісторыі гучаць менавіта для цябе. Усё для таго, каб чалавек паверыў: няма нічога немагчымага.
— Каго запрашаеце выступаць?
— На сцэну выходзяць прафесійныя артысты — канечне, для іх тэма сцэны больш звыклая. Запрашаю тых, чые гісторыі жыццёвага шляху рэзаніруюць з самой ідэяй «Гасцёўні». Яны неаднойчы абнуляліся ў жыцці, і ўсё ж не пераставалі шукаць магчымасці і дзейнічалі. Праз аўтарскую музыку яны эмацыянальна пацвярджаюць гэтую ідэю не словамі, а самой сваёй гісторыяй і прысутнасцю на сцэне: калі я змог зноў выйсці — і ты зможаш.

Таму мне важна для падрыхтоўкі вечара знаёміцца з артыстамі бліжэй, слухаць іх музыку, задаваць пытанні. Гэта дапамагае мне лепш зразумець, як іх гісторыя і музыка найбольш раскрыюць і саміх артыстаў, і тэму вечара.
Нядаўна атрымала водгук ад госці: пасля сустрэчы ў яе ўзнікла жаданне праявіцца. Для мяне гэта знак, што выбар артыстаў па прынцыпе рэзанансу з ідэяй — не выпадковы, а сапраўды дапамагае вырашыць задачу праекта: дапамагчы людзям, якія прайшлі праз абнуленне і трансфармацыі, страцілі знешнія апоры і шукаюць апору ў сабе, зразумець, што сваю сцэну кожны носіць з сабой, куды б ён ні пераехаў і ў якіх абставінах ні жыў.
Так, зараз асноўныя героі сцэны — гэта артысты. Але ў будучыні планую даваць сцэну не толькі прафесіяналам з музычнай сферы. Я хачу стварыць і іншыя фарматы, каб выходзіць на сцэну маглі ўсе — хто пачаў новы бізнес, хто шукае першы крок да свайго праекта ці мары.

— На каго разлічаны праект?
— Гэта людзі, якія шукаюць спосаб паверыць у сябе. Хтосьці страціў гэту веру праз эміграцыю і іншыя узрушэнні, хтосьці шукае гэтае пачуццё ўсё жыццё. Гэта тыя, хто шукае доказ, што сваю сцэну кожны можа стварыць сам, незалежна ад абставін. Выходзіць такая калектыўная прастора, дзе ёсць агульная ідэя і людзі, якія адчуваюць сябе на адной хвалі, разумеюць, што яны сабраліся тут, бо тэма рэзаніруе, і падтрымліваюць адзін аднаго.
— Як часта плануеце праводзіць сустрэчы?
— На сёння сустрэчы праходзяць раз на два месяцы і толькі ў Варшаве, бо гэты праект я раблю адна і рэсурсы пакуль абмежаваныя.

Мая мэта — паступова пашыраць фарматы і рабіць сустрэчы часцей. Таму я буду рада, калі мая ідэя зацікавіць людзей альбо бізнесы, каб, аб’яднаўшы нашыя сілы, можна было зрабіць больш такіх магчымасцяў для людзей не толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах.
Пад цяперашні фармат музычнага перформансу я абрала пляцоўку-дом. У ім знаходзіцца тая самая гасцёўня з нашага дзяцінства, дзе было бяспечна. Дзе старыя і маладыя збіраліся пагаманіць, пагуляць у гульні, паслухаць музыку ды гісторыі, адпачыць ад турбот. Гэта дае сапраўдны вайб дому і спакою — месца, дзе можна быць сабой, дзе цябе хочуць пачуць і ўбачыць.
У будучыні пляцоўкі могуць змяняцца пад фарматы канкрэтных сустрэч і тэм.
«Арганізацыя вечара абыходзіцца ў 7500 злотых»
— Колькі каштуе арганізацыя «Гасцёўні»?
— Паколькі праект толькі набірае абароты, сабекошт мерапрыемства пакуль невялікі. У тым ліку праз тое, што я ўмею аптымізаваць выдаткі, бо маю вялікі арганізацыйны досвед.

Калі казаць лічбамі, то арганізацыя вечара абыходзіцца ў 7500 злотых. Выдаткі складаюцца з:
- арэнды пляцоўкі, гуку, святла, аплаты працы гукарэжысёра, святлорэжысёра, фатографа, відэааператара;
- друку, дастаўкі, прадуктаў і напояў для вечара;
- таргетынгу і аплаты падпісак;
- падаткаў і аплаты паслуг бухгалтара;
- ганарару для артыстаў пры ўмове продажу пэўнай колькасці квіткоў у залі.
Хоць часткова плачу за гэты досвед сваімі грашыма, я веру, што мая ідэя абавязкова знойдзе тых, хто захоча яе падтрымаць грашыма ці іншымі рэсурсамі. І так ужо адбываецца: адгукаюцца партнёры, якія гатовыя супрацоўнічаць з праектам.
І, канечне, буду шчаслівая, калі хтосьці яшчэ захоча далучыцца: стаць спонсарам або фінансавым партнёрам.

— Колькі каштуе квіток на «Гасцёўню»?
— Кошт квіткоў на мінулы вечар быў 90–120 злотых у залежнасці ад часу пакупкі. Атрымалася сабраць паўсотні чалавек — лічу, што для зусім новага мерапрыемства ў новай краіне гэта вельмі добры вынік.
Пры гэтым на першы вечар прыходзілі ў асноўным мае знаёмыя і сябры, якіх я запрашала сама, а на другі — ужо запрацавала сарафаннае радыё. Значны працэнт гасцей прыйшлі па рэкамендацыі, хоць гэта быў толькі другі вечар. Для мяне гэта сур’ёзны сігнал, бо людзі рэкамендуюць, падпісваюцца сваім імем і прыходзяць паўторна самі — значыць, ім сапраўды падабаецца, і ідэя ідзе ў свет сама, не толькі праз мяне.

Каб зрабіць такія вечары прыбытковымі, патрэбна або рабіць больш месцаў, або значна павялічваць кошт квітка. На бліжэйшы час я бачу добрым трэці варыянт — прыцягнуць увагу партнёраў і атрымаць ад іх падтрымку, каб вечар заставаўся даступным і камерным.
— Якія планы па развіцці «Гасцёўні» на бліжэйшую будучыню? Якім бачыце праект у перспектыве?
— Планую да канца года зрабіць яшчэ два музычных вечары. А ўвогуле, паколькі мая ідэя выходзіць за межы музычнага перформансу, то паступова буду пашыраць фарматы, каб розныя людзі маглі паспрабаваць сцэну на смак.
Пакуль раблю гэта адна, без каманды і фінансавання, але я буду рада, калі людзі захочуць падтрымаць, далучыцца, зрабіць гэтую ідэю больш пашыранай. Веру, што «Гасцёўня» можа стаць сур’ёзным рухам.

Калі б мне сказалі некалькі гадоў таму, што я буду жыць у Варшаве, ствару ўласны праект і буду працаваць з артыстамі сусветнага ўзроўню — я б не паверыла. Але ўвесь той шлях, які я ўжо прайшла, дапамог мне паверыць у сябе. І хачу перадаць частку гэтай ідэі іншым людзям, бо ведаю, наколькі гэта важна — сапраўды рэалізоўваць свой патэнцыял. Гэта неверагодна натхняе ствараць і рабіць яшчэ больш!
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.