«Пра чалавека, які амаль дайшоў да кропкі незвароту». Рэжысёрка Дар’я Каляда збірае €2500 на здымкі кліпа на новую песню Лявона Вольскага

Беларускі музыка Лявон Вольскі і рэжысёрка Дар’я Каляда запусцілі краўдфандынгавую кампанію для фінансавання здымак кліпа на новую песню «Пакідаем на потым». Агульны бюджэт праекта заяўлены ў памеры €2500, якія трэба сабраць да 15 кастрычніка.
«Справы» распыталі ў Дар’і пра тое, як фарміруецца бюджэт на кліп і калі можна будзе ўбачыць гатовае відэа.
«Кліп будзе пра чалавека, у якім сябе пазнае кожны — ён амаль дайшоў да кропкі незвароту: цяжкасці, пакуты і страхі амаль перамагаюць яго. Але ў нейкі момант ён знаходзіць у сабе сілы прайсці праз гэтыя эмоцыі, пражыць свой гнеў і боль і выйсці з гэтага стану іншым чалавекам — мацнейшым і больш свабодным».
Рэжысёрка плануе распавесці гэтую гісторыю мовай вобразаў: праз флэшбэкі, асацыяцыі, рух і дарогу, якая робіцца метафарай унутранага шляху героя.
Здымкі будуць праходзіць у Варшаве і яе ваколіцах: у цэнтры кліпа будзе акцёр, здольны перадаць увесь гэты складаны калейдаскоп эмоцый. Таксама ў відэа з’явяцца музыкі — Паша Трыпуць, Алесь Мышкевіч, Павел Мамонаў.
«Для нас важна, каб гэта быў не проста відэашэраг да песні, а самастойны мастацкі твор, да якога хочацца вяртацца. Кліп, які ў складаны момант зможа нагадаць: ты можаш прайсці праз гэта і не здацца».
Аўтары ідэі вераць, што беларуская культура сёння асабліва важная. Яна можа даваць сілы, дапамагаць пражываць складаныя часы і нагадваць пра тое, што мы здольныя ствараць, адчуваць і рушыць наперад.
Для тых, хто падтрымае здымкі кліпа, прадугледжаныя ўзнагароды — паштоўкі з выявай і аўтографам Лявона Вольскага, эксклюзіўныя матэрыялы са здымак, падзякі ў тытрах і ў персанальным відэазвароце ад аўтараў.
Сабраныя €2,5 тысячы мяркуецца размеркаваць наступным чынам:
- вытворчасць і здымкі (арэнда тэхнікі і святла, дэкарацыі, касцюмы, грым) — 800 еўра;
- постпрадакшн (мантаж, колеракарэкцыя) — 400 еўра;
- SMM — 200 еўра;
- аплата працы адмыслоўцаў (візуальная канцэпцыя, сцэнар, арганізацыя здымачнага працэсу, пошук лакацый) — 300 еўра;
- ганарары ўдзельнікам — 500 еўра;
- кейтарынг і транспарт — 225 еўра;
- камісіі і падаткі — 75 еўра.

Рэжысёрка Дар’я Каляда, якая здымала кліпы на песні Лявона Вольскага, гуртоў «Разбітае сэрца пацана», Petlia Pristrastiya, Syndrom Samazvanca, Prypiać, KETEVAN і іншых, расказала spravy.io, што новы кліп будзе гатовы прыкладна праз месяц пасля паспяховага завяршэння збору:
— Мы вельмі захопленыя ідэяй і хочам зняць кліп як мага хутчэй, пакуль не пахаладала. Сінгл выйшаў зусім нядаўна. Няхай усё адбудзецца без надрыву, але з любоўю і жаданнем стварыць кліп, які захочацца пераглядаць яшчэ вельмі доўга. Менавіта гэта мне часта кажуць пра кліп на песню Lohkija-lohkija, што вельмі натхняе працягваць творчасць.
— Як вы выбіраеце трэк для здымак?
— Бывае, што я сама прапаную ідэю. Але часцей за ўсё выканаўцы звяртаюцца да мяне, бо ведаюць стыль, у якім я працую. Гэта заўсёды мая асабістая інтэрпрэтацыя песні: ідэя, рэжысура, арганізацыя, здымкі і мантаж. За гады працы над кліпамі ўжо сфармавалася пэўная паслядоўнасць задач, якая і стварае аўтарскі почырк. А з Вольскім гэта ўжо трэці кліп.
— Якім будзе кліп на песню «Пакідаем на потым»?
— Мяне запрасілі паслухаць песню на рэпетыцыі. Каб захаваць свежасць першага ўражання, не расказвалі ні пра тэму песні, ні пра ідэі, якія ўжо ўзніклі ў гурта.
Калісьці на майстар-класе Кустурыцы я пачула вельмі ёмістую фразу: «Здымай пра сваё жыццё — тады гэта будзе праўдай». Звычайна ў мяне так і атрымліваецца. Слухаючы песню, я пачала думаць пра тое, як моцна стамілася ад вечнай барацьбы з бясконцымі праблемамі. І разумею, што я не адна такая. Творчасць для мяне — спосаб перапрацаваць гэты досвед, а галоўная задача — даць гледачу надзею на лепшае.
Па сутнасці, у гэтым і заключаецца галоўная ідэя кліпа: паказаць, што ўсе мы моцныя і можам пераадолець любыя нягоды. Часам чалавеку важна пра гэта нагадаць, бо вера ў сябе нярэдка знікае, а без яе значна цяжэй.

Гэта гісторыя чалавека, які пасля шэрагу трагічных падзей апынаецца на мяжы зрыву. Кожная з іх можа стаць апошняй кропляй. Мы не можам ведаць, на колькі нас хопіць, але ў выніку тая самая апошняя кропля не ламае яго, а, наадварот, запускае нейкі схаваны запас трываласці. На хвалі доўга стрыманай лютасці ён пераходзіць у іншы стан, у якім дамаўляецца сам з сабой і прыходзіць да гарманічнага супакою.
— Чаму вядомыя беларускія музыкі не могуць самі фінансаваць здымкі кліпаў?
— У Польшчы жыве шмат беларусаў. Але аўдыторыя ўсё ж не такая вялікая, якой магла б быць на радзіме. Музыкі часцей за ўсё зарабляюць канцэртамі, а тут сабраць поўную залу ў дзесяць разоў складаней, чым гэта было б дома — калі мы гаворым пра беларускамоўныя творы.
— Як разлічваеце выдаткі, каб правільна вызначыць суму збору? Ці заўсёды ўдаецца ўкласціся ў яе?
— Складаю бюджэт максімальна празрыста, зыходзячы з уласнага досведу. Але для мяне заўсёды найважнейшая якасць рэалізацыі ідэі, наколькі гэта ў маіх сілах.

Калі ўзнікае выбар, напрыклад, узяць святло, якое відавочна неабходнае для здымак, ці патрэбную оптыку, я заўсёды гатовая скараціць уласны ганарар. Пры тым, што гэта мая асноўная крыніца даходу, і ў эміграцыі гэта асабліва адчувальна.
— Што больш за ўсё матывуе людзей рабіць данаты на кліп?
— Галоўная матывацыя — жаданне рабіць дабро. Магу меркаваць толькі паводле ўласнага досведу: там, дзе я аддаю, там жа і сама напаўняюся.
Сёння асабліва важна падтрымліваць мастацтва ў выгнанні, калі беларуская культура ў самой краіне зазнае рэпрэсіі. Цяпер Варшава — сталіцай беларускай культуры. На жаль, гэта факт.
На момант публікацыі на кліп было сабрана трохі больш за €1000 з €2500 заяўленых. Падтрымаць здымкі відэа можна тут!