«Цяпер ты дзесьці там на непрыдуманым краю свету». Музыкі Relikt і Уладзь Лянкевіч выпусцілі дэбютны альбом праекта Filamaty

Выява: relikt-belarus.bandcamp.com

Беларускі музычна-паэтычны праект Filamaty 21 кастрычніка прадставіў аднайменны дэбютны альбом з сямі кампазіцый.

Праект Filamaty аб’яднаў музыкаў вядомага гурта Relikt — Аляксандра Дземідзенку, Віталя Макшуна і Змітра Наркевіча — з паэтам і музыкам Уладзем Лянкевічам (вядомым па такіх ініцыятывах, як Syndrom Samazvanca, SnopSnoŭ, Luty Sakavik і ex-TonqiXod).

Фота: facebook.com/people/Filamaty/61586330249712

Стылістычна альбом уяўляе сабой гітарны рок з элементамі гранжу, сёрфу і прагрэсіву. Музыка кампазіцый стваралася ўжо ў эміграцыі ў Варшаве, а частку тэкстаў напісаў Уладзь Лянкевіч яшчэ ў 2020–2021 гадах.

Канцэптуальна праект натхнёны гісторыяй таемнага таварыства філаматаў, якое ўзнікла ў 1817 годзе ў Віленскім універсітэце (сярод яго лідараў былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Юзаф Яжоўскі) і разраслося ў буйную сетку па рэгіёнах Беларусі. У 1823 годзе пачаліся масавыя арышты і шматмесячнае следства пад кіраўніцтвам Мікалая Навасільцава, а філаматаў утрымлівалі ў зняволенні ў былых віленскіх кляштарах.

Выява: wikipedia.org

У выніку пад суд аддалі 108 удзельнікаў — гэта быў найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс у Еўропе таго часу. Увосень 1824 года дваццаць чалавек прысудзілі да турэмных тэрмінаў і высылкі. Гэты досвед зняволення, допытаў і разрыву ранейшага жыцця наўпрост адлюстраваны ў трэках альбома («Pišaš-čakaješ», «Пацеркі»).

Праект Filamaty пачаўся ў 2021 годзе падчас каранавірусных абмежаванняў, калі канцэртная дзейнасць асноўнага гурта Relikt была заблакаваная. Музыкі пераключыліся на студыйную працу. Пасля пераезду ў Польшчу ініцыятыва працягнулася ў Варшаве.

Фота: facebook.com/people/Filamaty/61586330249712

Выхаду паўнафарматнага альбома папярэднічаў шэраг этапаў — у 2024 годзе адбыўся канцэртны дэбют на фестывалі «Вершы на асфальце», у лютым 2026 года выйшаў першы сінгл «Пацеркі», а ў чэрвені 2026 года з’явіўся сінгл «Kraj».

Як раней распавядаў адзін з заснавальнікаў калектыву, бубнач і вакаліст Аляксандр Дземідзенка, асноўная праца па-за музычнай індустрыяй дазваляе займацца творчасцю не азіраючыся на трэнды:

«Мы ўсе працуем у IT, акрамя Уладзя, і праз гэта мы зарабляем на жыццё. І гэта добра, таму што калі ты робіш музыку і творчасць, ты не думаеш пра тое, што табе трэба зарабіць на хлеб, каб пакарміць свайго дзіцёнка. І гэта не ўплывае на песні, на якасць тых песняў. Ты не вельмі думаеш пра трэнды, пра фарматы, ты проста гарманічна робіш тое, што просіць душа».

Фота: youtube.com/@perfaratarby

Музыкі адзначаюць, што першапачаткова не задзейнічалі манетызацыйных механізмаў і доўгі час працавалі фактычна ў «падполлі», факусуючыся на стварэнні матэрыялу, а не на публічным прасоўванні.

Першае акустычнае прадстаўленне праграмы Filamaty адбудзецца ў межах фестывалю «Бардаўская восень» 23 кастрычніка 2026 года ў Бельску-Падляскім (Польшча). Сімвалічна, што акурат 23 кастрычніка 1823 года ў базыльянскім кляштары быў зняволены Адам Міцкевіч.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *